Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Свабода слова — пустая дэклярацыя, а Рыгоравіч — найталенавіцейшы папуліст”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 26 лістапада.


Днямі Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Мы павінны разьняволіць чалавека, лібэралізаваць нашае жыцьцё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека... Неабходна забясьпечыць прастору ў эканоміцы, каб людзі маглі больш апэратыўна і свабодна дзейнічаць, каб іх нічога ня стрымлівала”. Камэнтары слухачоў “Свабоды”:

Спадарыня: “Гучней за ўсіх “Трымай злодзея!” заўжды крычыць сам злодзей. Свабода слова ў Беларусі — пустая дэклярацыя, а Рыгоравіч — найталенавіцейшы папуліст. Можна, канечне, рызыкнуць і адкрыта выказаць сваё меркаваньне на сходзе ці ў друку, але пасьля гэтага ў лепшым выпадку страціш працу, у горшым — паб'юць ці пакалечаць. Можна патрапіць на лаву падсудных на паклёп на нашу сьветлую рэчаіснасьць ці проста зьнікнуць”.

Спадар: “У Беларусі амаль няма беспрацоўя, і гэта не пустыя словы. Нядаўна быў праведзены кірмаш вакансій у “Клюбе чыгуначнікаў”. Былі кіраўнікі прадпрыемстваў, начальнікі аддзелаў кадраў запрашалі людзей. І так па ўсёй рэспубліцы. Адзінкі набяруцца беспрацоўных. Вось што значыць будаваць новае грамадзтва”.

Юры Конышкаў, Ворша: “Тэза Лукашэнкі “Лібэралізаваць усё жыцьцё ў Беларусі і паважаць правы чалавека” была выказана толькі перад паездкай у Эўразьвяз. Мяркую, што гэта яму патрэбна толькі перад прэзыдэнцкімі выбарамі і ня больш. Верыць Лукашэнку — гэта не паважаць сябе. За 14 гадоў ён так паказаў і паводзіў сябе, як не грамадзянін сваёй краіны”.

Наш сталы слухач Віктар зь Менску робіць заўвагу:

Віктар: “Пакіньце лямант наконт прэзыдэнта. Усё прэзыдэнт ды прэзыдэнт... Яго не прызнае ўвесь сьвет, усе сусьветныя СМІ маўчаць і не называюць яго прэзыдэнтам. Толькі радыё “Свабода” ды “Белсат”, ды лукашэнкаўскія СМІ называюць яго прэзыдэнтам. Выбары недэмакратычныя, нелегітымныя. Дык які ж пасьля гэтага прэзыдэнт? Будзьце пасьлядоўнымі і, калі ласка, не называйце яго прэзыдэнтам, а абыходзьце маўчаньнем”.

Слухачу адказвае аглядальнік нашага радыё Ян Максімюк:

“Я думаю, што наш слухач ня мае рацыі. Ён сутнасьць палітычнага працэсу і формы ды працэдуры гэтага палітычнага працэсу лічыць тоеснымі. Але так, на жаль, ня ёсьць. Шмат прэзыдэнтаў на сьвеце былі абраныя, мякка кажучы, у сумнеўных выбарах, часам сфальшаваных. Але калі працэдурамі ў дадзенай краіне такі чалавек зацьверджаны галавою дзяржавы, ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы і ў сьвятле міжнароднага права. Ён прадстаўляе сваю краіну, ён падпісвае міжнародныя дамовы, і яны маюць сілу закону. Таму, калі слухач кажа, што Лукашэнку ніхто на сьвеце не прызнае прэзыдэнтам, гэта няпраўда. Аляксандра Лукашэнку прызнаюць прэзыдэнтам у ААН. Калі ён падпісвае міжнародную дамову, яго прызнае дзяржава, зь якой ён яе падпісвае. У сьвятле міжнароднага права ён зьяўляецца кіраўніком беларускай дзяржавы. Так што нельга казаць, што ніхто яго не прызнае”.

26 лістапада ў Менску адбыўся круглы стол “Камунізм як антычалавечая ідэалёгія. Лічбы і факты”. Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, колькасьць ахвяраў сталінізму ацэньваецца дзясяткамі мільёнаў. У Беларусі было рэпрэсавана ня менш за 60% дарослага насельніцтва. Некаторыя слухачы “Свабоды” ня схільныя крытычна ацэньваць савецкія часы:

Спадар: “Мы жылі пры камунізьме: кватэры, адукацыя, лекаваньне, праца па спэцыяльнасьці, адпачынак у санаторыях і дамах адпачынку дарма, дармовыя садочкі для дзяцей, адсутнасьць злачынцаў. Можна было сыходзіць на працу, не замыкаючы кватэры. А калі хто і залазіў, то кралі толькі кнігі і крышталь. Чалавек чалавеку быў друг, таварыш і брат. А Захад нас вучыць быць ваўкамі. Зараз празь сьвядомых хочуць пазбавіць нас свабоды, пра дэмакратыю — пустая справа”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG