Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвал коштаў нафты спрычыніўся да зьніжэньня цэнаў на бэнзін і дызпаліва практычна па ўсім сьвеце. Ці не адзіным рэгіёнам, дзе гэтыя працэсы ігнаруюцца, застаецца Беларусь.


Цэны на АЗС трымаюцца на ранейшым узроўні, а некаторыя ведамствы ініцыююць падвышэньне акцызаў на паліва, што прывядзе да росту коштаў. Нагадаем, што ад пачатку году бэнзін у Беларусі даражэў тройчы. Якія наступствы для беларускай эканомікі пацягне магчымае падвышэньне цэнаў на бэнзін і салярку?

Паводле зьвестак эканаміста Тацяны Манёнак, цяпер будучыня коштаў на паліва вырашаецца ў супрацьстаяньні паміж Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам эканомікі. Мінфін заяўляе пра стратную эканоміку і неабходнасьць шукаць шляхі яе падмацаваньня. Галіновае ж міністэрства настойвае, што доля падаткаў у кошце нафтапрадуктаў і без таго высокая:

“Пакуль Міністэрства эканомікі змагаецца, каб гэтага не адбылося. Яны выдатна разумеюць: падаткі ў кошце нафтапрадуктаў вельмі высокія, адны з самых высокіх наагул. Ня толькі ў сумежных дзяржавах, але і ў Эўропе нідзе няма, каб акцызныя падаткі складалі 50%. Таму Мінэканомікі пакуль што супраць. Зразумела, што падвышэньне цэнаў на нафтапрадукты падвысіць і інфляцыю. Таксама гэта азначае, што парушыцца балянс на ўнутраным рынку, які рэгулюецца паміж нафтапастаўшчыкамі і нафтаперапрацоўшчыкамі. Калі нафтаперапрацоўшчыкі будуць несьці страты, то ім трэба падвышаць памер дзяржаўнай субсыдыі. А гэта грошы з бюджэту. Каб зноў умешвацца ў балянс, трэба добра падлічыць. Грошы патрэбныя, але, думаю, урад будзе ўстрымлівацца, пакуль магчыма”.

Ад пачатку кастрычніка цэны на аўтамабільны бэнзін і дызпаліва падаюць у бальшыні краінаў. За мінулы тыдзень кошты ў Расеі зьнізіліся на 1,4 і 1,5% адпаведна — бэнзін каштуе 21,3 расейскага рубля, салярка — 23 рублі (курс рубля да даляра 27,3:1). З улікам ранейшых зьніжак падзеньне ў розных рэгіёнах складае 5—8%. Упершыню за тры гады апусьціліся ніжэй як 2 даляры за галён кошты на паліва ў ЗША. Сярэдні кошт складае 1,97 даляра за галён, што на 33% ніжэй, чым два тыдні таму. У Літве 95-ты з 3 літаў за літар упаў да 2,75 літа. Падаюць цэны ва Ўкраіне — тут бэнзін увогуле самы танны ва Ўсходняй Эўропе.

Чаму стратную эканоміку Беларусі павінны фінансаваць аўтааматары? Старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава схільная лічыць, што ўрэшце пазыцыя Міністэрства фінансаў можа перамагчы:

“Па паліве мы можам казаць толькі як спажыўцы. Відавочна, што паўсюль падаюць кошты на паліва. Ну, а паліва — гэта як і ўсё астатняе. Усе мы з вамі як людзі, як грамадзяне сваёй краіны хацелі б, каб гэты крызіс лягчэй прайсьці. Усім нам гэтага хочацца. І чарговае меркаванае падвышэньне ніяк у гэтае жаданьне ня ўпісваецца… Вядома, усе мы, хто езьдзіць на аўтамабілях, пад’яжджаючы да залівачнай станцыі, глядзім і думаем: Божа мой, няўжо зноў усё памянялася? І на колькі?”

Карэспандэнт: “Можа, яшчэ ня зьменіцца, Мінэканомікі ўсё ж супраць?”

“Хто яго ведае. Можа, ня зьменіцца, а можа, зьменіцца. Няма ніякіх гарантыяў. Але хутчэй за ўсё, што зьменіцца”.

Меркаванае падвышэньне коштаў на паліва выкліча ланцуговую рэакцыю. Дарагі бэнзін і салярка прымусяць карэктаваць транспартныя паслугі, што перакінецца на ўвесь спэктар тавараў і прадуктаў харчаваньня. І плаціць па рахунках, як кажа Тацяна Манёнак, давядзецца шараговым спажыўцам:

“Цяпер гаворка пра падвышэньне ў памеры 10% (хоць, магчыма, яно будзе крыху зьніжанае). На каго будуць перакладацца выдаткі? Найперш на больш-менш заможных, хто можа сабе дазволіць машыну і нешта іншае. Чаму гэтага не скарыстаць? Як з крызісу яшчэ адміністратыўная сыстэма інакш можа выходзіць? Вядома, будуць намагацца спалучаць розныя захады, але ж іншага мэханізму няма. Ёсьць адміністратыўная махіна. Каб захаваць прадпрыемствы ў сытуацыі, калі не зьніжаюцца значныя паказьнікі і сыстэма прымушае працаваць іх на склад, вымываючы абаротныя сродкі, — вось гэтая неэфэктыўная сыстэма будзе менавіта такім чынам шукаць нейкага выйсьця. Для мяне гэта ня дзіва — так было, і пакуль што нічога не мяняецца”.

Кіраўнік зьліквідаванай Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч не выключае, што прычына пошукаў дадатковых сродкаў — ня столькі эканамічны фактар, колькі палітычны:

“Перакананы, што будзе істотнае, у параўнаньні з папярэднімі, падаражэньне. Бо ніякіх грошай ня хопіць маленькай эўрапейскай краіне, каб утрымліваць такую колькасьць рэпрэсіўнага апарату. Усіх трэба апрануць, абуць, накарміць, узброіць. Здаровыя вясковыя хлопцы ўжо ня хочуць круціць хвасты каровам, а ганяць пэнсіянэраў і студэнтаў гумовымі палкамі — гэта ім якраз даспадобы. Але ніякія нашы з вамі аргумэнты ня будуць пачутыя прагавітай уладай. Бо дутая эканоміка трашчыць па швах і рассыпаецца, як картачны домік. Таму і шукаецца любая нагода папоўніць казну”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG