Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пасьля 1 студзеня прадпрымальнікаў як клясы ня будзе”


Новыя ўмовы працы могуць прывесьці да масавых банкруцтваў прадпрымальнікаў.


Бабруйскія гандляры вырашылі падтрымаць агульнабеларускую акцыю пратэсту 10 сьнежня. Іх магілёўскія калегі пакуль ня вызначыліся са сваімі намерамі адносна гэтага дня, аднак абяцаюць падтрымаць акцыі пратэсту, заплянаваныя на пятнаццатага сьнежня.

Бабруйская прадпрымальніца Алена Мядзьведзева зазначае, што дзясятага сьнежня гарадзкія рынкі й павільёны ў гандлёвых цэнтрах будуць зачыненыя. Паводле спадарыні Мядзьведзевай, аднак, ня ўсе прадпрымальнікі пакуль разумеюць, супраць чаго зьбіраюцца страйкаваць:

“Я патлумачу людзям, што зь першага студзеня мы падаткаў ужо ня сплацім, бо фіксаваны НДС уводзіцца. Да 28 сьнежня паводле ўказу прэзыдэнта трэба сплаціць падатак, а ў нас яго проста ня возьмуць без накладных. І, сапраўды, прадпрымальнікаў як клясы ня будзе. Мы ж засталіся самымі незалежнымі. У нас яшчэ няма кантрактнай сыстэмы, якая прымушае людзей маўчаць. Таму мы як кляса нікому не патрэбныя”.

Алена Мядзьведзева кажа, што на плошчу, як летась, бабруйскія прадпрымальнікі выходзіць не зьбіраюцца.

Магілёўскія прадпрымальнікі пакуль не гатовыя пэўна сказаць, што будуць рабіць дзясятага сьнежня. Гаворыць магілёўскі прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Сяргей Фамін:

“У нас адбываецца ўсё стыхійна, ніякай арганізацыі. Акцыі на дзясятага ў нас не адбудзецца. Мы рыхтуемся падтрымаць акцыю пятнаццатага сьнежня. А дзясятага, можа, нехта сам вырашыць і паедзе ў Менск. А так усеагульнай падтрымкі ў нас не назіраецца”.

Летась у студзені і лютым на плошчу Леніна ў Магілёве пратэставаць супраць прэзыдэнцкага ўказу, які забараняў прадпрымальнікам выкарыстоўваць працу найманых асобаў, якія не даводзяцца ім сваякамі, выходзілі некалькі соцень гандляроў. Тады іх ніхто не арганізоўваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG