Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь арганізуе трыбунал над камунізмам


Акцыя "Маладога фронту" насупраць будынку КДБ 7 лістапада 2008 г.
Акцыя "Маладога фронту" насупраць будынку КДБ 7 лістапада 2008 г.

З ініцыятывы шэрагу моладзевых дэмакратычных арганізацыяў сёньня ў Менску пройдзе круглы стол пад назовам “Камунізм – пад трыбунал”. Памкненьне моладзі падтрымала сэкцыя “Мэмарыял” Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На дыскусію прыйдуць дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсіяў Якаў Басін, Ігар Кузьняцоў і Леанід Маракоў.

Старшыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч упэўнены: гэтая тэма ня траціць для Беларусі сваёй актуальнасьці й сёньня:

“Мы вырашылі правесьці антыкамуністычную кампанію “Камунізм – пад трыбунал”, каб зьвярнуць увагу беларускага грамадзтва на тое, што адна з самых галоўных прычынаў, зь якой Беларусь і сёньня зьяўляецца недэмакратычнай краінай, – гэта ідэалёгія камунізму. Ёю прасякнутае ўсё грамадзка-палітычнае жыцьцё нашай краіны. Мы бачым паўсюль помнікі Леніну. Мы бачым, як адраджаюцца крывавыя імёны Сталіна і Дзяржынскага, якія праклятыя нават некаторымі самімі камуністамі. Таму мы лічым, што да грамадзтва трэба даносіць праўду аб злачынствах камунізму”.

На круглым стале будуць абмяркоўваць і ідэю стварэньня віртуальнага музэю сталінскіх рэпрэсіяў. Там знойдуць сваё адлюстраваньне падзеі 1920-1940-х гадоў у Беларусі: геаграфія масавых расстрэлаў, колькасьць ахвяраў, біяграфіі забітых, бібліяграфія... Усё гэта мяркуецца разьмясьціць на спэцыяльным сайце.

Гісторык Ігар Кузьняцоў гаворыць, што такая праца пачалася яшчэ летась, калі вялі падрыхтоўку да 70-годзьдзя масавых рэпрэсіяў:

“Тады было прынятае рашэньне стварыць сайт, на якім можна было б прадставіць усю інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі. Але тады мы ня здолелі гэтага зрабіць тэхнічна. Цяпер знайшоўся ініцыятар, які гатовы тэхнічна зрабіць сайт. Мы ўжо вызначылі асноўныя рубрыкі. А цяпер зьбяромся, каб ужо канчаткова вызначыцца з канцэпцыяй, якая менавіта інфармацыя будзе разьмяшчацца на сайце”.

Зьміцер Дашкевіч лічыць, што сёньняшні круглы стол дапаможа ў асуджэньні камунізму як грамадзкай зьявы:

“Паводле навуковых дадзеных, мы ведаем, што толькі ў Савецкім Саюзе камунізм зьнішчыў каля 29 мільёнаў чалавек. У той жа час фашызм ува ўсім сьвеце зьнішчыў 28 мільёнаў чалавек. То бок камуністы сваіх суграмадзянаў зьнішчылі больш.

Але фашызм быў асуджаны на Нюрнбэрскім працэсе ў 1945 годзе. І паўстае лягічнае пытаньне: чаму камунізм, які прынёс больш ахвяраў, дагэтуль не асуджаны?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG