Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лынтупы са сваім Локісам складуць канкурэнцыю Дракулавай Трансыльваніі”


Лынтупы, Пастаўскі раён. Эфір 20 лістапада.


Едучы ў мястэчка Лынтупы, я выпадкова адкрыў газэту “Наша Ніва” і прачытаў наступнае. Незнаёмы лынтупец пісаў:

“П’янства ў нашым мястэчку вялікае. П’юць усе. Нават заможныя людзі, што маглі б добра жыць, дапіваюцца да таго, што па колькі дзён сядзяць з сем’ямі саўсім без хлеба. Кепска тое, што саромяцца нашы людзі сваёй роднай мовы. Каталікі стараюцца гаварыць па-польску, а праваслаўныя па-расейскі. Толькі гэтыя мовы яны перакручываюць страшэнне. Так што і слухаць брыдка — ні па-беларуску, ні па-расейску, ні па-польску. Але ў нас сяляне вераць, што зробяцца панамі перавярнуўшы мову”.

Сумна мне стала не ад таго, што людзі п’юць ці пагарджаюць беларускай моваю. А ад таго, што за сто гадоў нічога не зьмянілася. Нумар “Нашай Нівы” быў за 1909 год. Мы шпацыруем па лынтупскіх могілках з краязнаўцам і літаратарам, зьбіральнікам мясцовых легендаў Алесем Гарбулём.

Алесь Гарбуль

Карэспандэнт: “З Лынтупаў было шмат карэспандэнтаў “Нашай Нівы”, той “Нашай Нівы”.

Алесь: “Так. Дзесяць чалавек. У тым ліку і мой дзед таксама друкаваўся”.

Карэспандэнт: “І ўсе яны наракалі на вялікае п’янства ў Лынтупах. У гэтым пляне Лынтупы сёньняшнія даюць фору тым Лынтупам?”

Алесь: “Я думаю, ва ўсе часы пілі аднолькава. Бо тут здаўна, яшчэ ў летапісах за 1591 год, успамінаецца лынтупскі бровар. Так што гэта тут здаўна”.



Лынтупскі нэкропаль, з унікальнымі каменнымі крыжамі, пераробленымі, па вэрсіі спадара Гарбуля, з паганскіх стодаў, з багатымі мармуровымі шляхецкімі надмагільлямі, з драўляным помнікам невядомаму жаўнеру арміі Жалігоўскага, аздобленым у беларускім нацыянальным духу, варты доўгага расповеду. Але давайце пагаворым з лынтупскімі старажыламі.


Усё ж ня мела рацыі даўнейшая “Наша Ніва”. Калі б усе лынтупцы так татальна пагарджалі роднай моваю, дык як бы яна захавалася? У тым выглядзе, як я пачуў яе з вуснаў 80-гадовай лынтупчанкі Вікторыі. Штопраўда, размова ў нас зайшла невясёлая. Я спытаў у спадарыні Вікторыі, што ў доўгім жыцьці згадваецца найперш? Які ўспамін прыходзіць асабліва часта — улічваючы ўсе рэжымы, войскі і цывілізацыі, што праходзілі за вокнамі? Слухаем адказ.


Вікторыя: “Што тут рабілася, ня дай Божа. Тады пры немцах зьбіралі гэтых жыдоў. А ў нас было тарфяное балота. І гэтых жыдкоў гоняць. Навязаныя павязкі — „юдэн“. Гоняць і прымушаюць пяяць. Каб ішлі і пяялі на балота гэта. А Божа ж мой, Божа. Енчацца гэтыя жыды не сваім голасам. Якія ж тым песьні! І тады пастралялі ўсіх. А прыходзілі ж гэтыя жыдкі, каб схавалі іх. Ну хто ж іх возьме? Прыхадзіў да нас, такі быў жыд, Чарноцкі. А татка мой кажа: „Не, пан Чарноцкі, не вазьму“. Ні за што. „І ім сьмерць, і мне сьмерць“. Але многа хто пахаваліся. Гэтыя жыдкі. Але ж і пабілі”.

Карэспандэнт: “А выжылі тыя, хто пахаваліся?”

Вікторыя: “Выжылі. Бабка была, але яна выехала ў Калінінград. І памерла там”.

Мне да гэтае пары не даводзілася сустрэцца з габрэем, які перажыў акупацыю тут. Але ў Лынтупах я сустрэўся з чалавекам, які пасьпеў уцячы. Сямёну Яфімавічу Кацковічу 90 гадоў. Зрэшты, па гаворцы і вачах я даў бы значна меней.

Сямён Кацковіч

Сямён: “Да вайны Лынтупы невялікія былі. Крамаў шмат было”.

Карэспандэнт: “А якая мова пераважала на вуліцах?”

Сямён: “Ідыш”.

Карэспандэнт: “Ці быў да вайны антысэмітызм?”

Сямён: “Быў”.

Карэспандэнт: “А ў чым ён выяўляўся?”

Сямён: “Былі “эндэкі”, палякі, моладзь. Калі я працаваў на базе Сьвірскага спажыўсаюзу, прыйшлі гэтыя эндэкі. “Давай гарэлку!” — “Ну як я вам дам гарэлку?” — “Ну, заўтра мы з табой разьбярэмся”. Я давай дзёру.

Карэспандэнт: “Гэта калі было?”

Сямён: “У сорак першым”.

Летам сорак першага году Сямён ня стаў чакаць наступнай раніцы. Ён сеў на ровар і паехаў на Ўсход. Уцякаючы ад фронту, пад бамбёжкамі і абстрэламі ён даехаў да Вязьмы. Каб сесьці на ўсходні цягнік. Каб перажыць вайну ў эвакуацыі. І вярнуцца ў зусім іншыя Лынтупы.


Сямён: “Сынагога вялікая была. Там, дзе цяпер пошта, была вялікая цагляная сынагога. Разьбілі. Там фронт праходзіў, усе дамы разьбілі”.

Карэспандэнт: “Падчас вайны каго забілі з вашых сваякоў?”

Сямён: “Уся сям’я патрапіла ў гета. Расстралялі ў сорак другім годзе”.

Карэспандэнт: “А гэтае месца вядомае?”

Сямён: “Я прыехаў, абгарадзіў. Жалезную абгародку зрабіў, помнік паставіў. Усё, што трэба, зрабіў. Напісаў: “Загінулым у сорак другім годзе”. 92 чалавекі.

Недалёка ад Лынтупаў у полі стаіць незвычайны помнік. Незвычайны тым, што пастаўлены сярод пашы. Мармуровы крыж. Фэрмэр Уладзімер Іванковіч — адзін з тых, хто яго аднаўляў.



Уладзімер: “Стаяў калісьці помнік паўстанцам. 1831 году паўстанцы. І вельмі шмат іх было. Потым у 1950 годзе першы старшыня калгасу загадаў узараць гэтае поле, а пліту зацягнулі ў стайню. Нехта з трактарыстаў плугамі зачапіў гэтыя косьці і адмовіўся далей рабіць гэта. А ў 72-м годзе галоўны аграном загадаў разараць. Расьцягнулі гэтыя косьці зьверху да нізу на мэтраў 50—70. Касьцей было шмат. І потым самае неверагоднае пачалося. З гэтай сям’ёй. Яны з Лынтуп зьехалі. Усе тры сыны на сёньня мёртвыя. Маці іхная ня вытрымала гора, скінулася ці то зь пятага паверху…”

Уладзімер Іванковіч

Уладзімер — саракагадовы прыгожы, моцны мужык. Гледзячы на яго, разумееш, што такое балцкая кроў у гістарычнай Літве. Уладзімір падобны і да Сабоніса, і да Яроменкі адначасова. Зрэшты, тым прыемней, што беларушчына, свая справа, памяць пра свой род, стаўленьне да сваёй зямлі і сваёй мовы, усе гэтыя абстрактныя паняцьці трымаюцца вось на такіх канкрэтных мужыках. Хутка да Ўладзімера можна будзе прыехаць адпачыць. Бо ён заняўся экатурызмам.

Карэспандэнт: “На якой стадыі зараз твой праект?”

Уладзімер: “Дзякуючы нашым мясцовым уладам, якія падтрымалі мяне і выдзелілі з гэтай жа зямлі, якая мне ў пажыцьцёвае валоданьне перададзена ў 93-м годзе, участак пад будоўлю. І зараз я на адным участку ўжо паставіў хату, пачынаю другі, і трэці будзе. І налета ў траўні, можа, першыя турысты паедуць. Мясьціны ў нас цудоўныя, ёсьць што паглядзець. У гэтым сэнсе супадаюць інтарэсы дзяржавы і мае. Калі я тут дараблю, дабудую, то і дзеці мае будуць тут”.

Карэспандэнт: “У мяне такое адчуваньне, што гэты край абсалютна несавецкі”.

Уладзімер: “Адчуваньне не памылковае. Нешта такое ёсьць. У хаце адно гаварылі, у школе другое. Людзі на нейкай сваёй хвалі жылі. Ну, хадзілі ў калгас, кралі там. Але кралі з розумам, ня ўсё. Напрыклад, цягнулі тры кіляграмы мукі, а ня мех. Бо мех трэба аддаць было каровам, каб яны далі нейкі надой. Памятаю, як бацька мой сядзеў, выпіўшы добра зь сябрам. Яны абмяркоўвалі Сахарава. Што Сахараў сказаў. А калі не было гарэлкі, яны ў шахматы гулялі”.


Тут сапраўды ёсьць што паглядзець. Адзін палацава-паркавы ансамбль мясцовага пана Бішэўскага чаго варты! Самае цікавае не ў рамантычным стылі ўсяго навакольля з калёнамі і ставамі. А ў гісторыі стварэньня гэтага пэйзажу. Шэршэ ля фам. Шляхціц Бішэўскі закахаўся ў францускую актрыску. І каб завалодаць яе сэрцам, вырашыў пабудаваць у Лынтупах Вэрсаль. Сэрца акторкі не заваяваў, але нашчадкам пакінуў цудоўныя дэкарацыі для наступнага турыстычнага міту. Памятаеце навэлю Праспэра Мэрымэ “Локіс” — пра літоўскага шляхціца-пярэваратня, які ледзь не разарваў сваю каханую? Ведаеце, дзе адбывалася дзея? У Лынтупах. Слова Алесю Гарбулю.

Алесь: “Старыя бабулі з Раманішак і Цаболак расказвалі, што калісьці Ксавэры Даўгяла быў знаёмы зь нейкім вядомым францускім пісьменьнікам. І якраз у „Локісе“ была цётка галоўнай гераіні па прозьвішчы Даўгяла. І вельмі шмат апісаньняў такіх, якія падыходзяць для нашых мясьцін. Я сам тут знайшоў і запісаў старажытную легенду пра гэтага Локіса. І шмат падабенства паміж навэлай Мэрымэ „Локіс“ і мясцовай легендай „Вароты Локіса“, я так яе назваў. Чалавек, які пераварочваўся ў мядзьведзя. Яго і іншых пярэваратняў называлі локісамі”.

Карэспандэнт: “Гэта ж які можна раскруціць брэнд!”

Алесь: “Можна. Тым больш “брама Локіса” захаваліся. І людзі да гэтага часу лічаць тое месца вельмі крывавым.

Мы зьезьдзілі на тое месца, якое называецца “брамай Локіса”. Дзе, згодна зь легендай, быў спалены пярэварацень. Гэты пагорак у густым лесе ўражвае і без дэкарацыяў. А што, калі яго адпаведным чынам аздобіць? Тое, што Лынтупы складуць канкурэнцыю са сваім Локісам Дракулавай Трансыльваніі, зразумела. Трэба толькі дадаць сучаснасьці. Локіс ня жыў у Беларусі. Ён тут жыве…
XS
SM
MD
LG