Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белшына" мае праблемы са збытам прадукцыі


Усё больш бабруйскіх прадпрыемстваў сутыкаецца з праблемамі, выкліканымі сусьветным фінансавым крызісам.


“Свабода” ўжо паведамляла пра спыненьне тамтэйшага заводу драўнянавалакністых плітаў. На чатырохдзённы працоўны тыдзень цяпер пераходзіць акцыянэрнае таварыства “Беларусьгуматэхніка”. Праблемы са збытам прадукцыі існуюць на “Белшыне”. У гарвыканкаме тым часам не тлумачаць, што канкрэтна робіцца, каб зьменшыць уплыў сусьветнага фінансавага крызысу на прадпрыемствы горада.

Кіраўніцтва “Беларусьгуматэхнікі” тлумачыць пераход прадпрыемства на няпоўны працоўны тыдзень дэбіторскай запазычанасьцю:

“Нам ня плацяць ні МАЗ (ну, праўда, МАЗ болей ці меней разьлічваецца), ні трактарны — вінаваты нам паўмільярда рублёў. Ні Гомсельмаш, ні БелАЗ, ні трактарны. А Расея толькі па перадаплаце сыравіну прадае. А нацыянальны банк не дазваляе плаціць валютай, толькі паводле хадайніцтва ўраду. У сувязі з тым, што на складах запасы растуць, мусім пераходзіць на карацейшы працоўны тыдзень. Пакуль на чатыры дні”, — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

На “Беларусьгуматэхніцы” працуе каля 2500 чалавек. Прадпрыемства выпускае гумавыя камплектуючыя да маторнага і іншага абсталяваньня. 37% прадукцыі пастаўляецца ў Расею. Нядаўна прадпрыемства выйграла тэндэр на пастаўку ў краіны Балтыі гумовых пракладак на чыгуначныя пераезды на суму 600 тысяч даляраў. Гадавы гандлёвы абарот прадпрыемства перавышае 25 мільёнаў даляраў.

Праблемы са збытам прадукцыі існуюць і на “Белшыне”. Гэта пацьвярджае й кіраўніцтва прадпрыемства, не раскрываючы, аднак, іх маштабаў:

“Сёньня цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыяй перажываюць усе прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт — і МАЗ, і МТЗ, і БелАЗ. “Белшына” пакуль працуе. “Белшына” сваіх аб’ёмаў не зьніжае, і я думаю, што ў лістападзе, сьнежні выканае даведзены плян”, — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Нягледзячы на цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі, кіраўніцтва “Белшыны” патрабуе ад сваіх падначаленых выкананьня працоўных нормаў:

“Але як жа норму зрабіць, калі дамоў іншым разам адпраўляюць. Бываюць такія зьмены, што працы няма”, — зазначае адзін з рабочых прадпрыемства.

А як гарвыканкам рэагуе на цяжкасьці мясцовых прадпрыемстваў? Начальнік управы эканомікі Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Казлоў паведаміў, што пакуль вядзецца збор інфармацыі. Згодна зь ягонымі словамі, ніякіх адмысловых нарадаў па эканамічных пытаньнях на бліжэйшы час гарвыканкам не плянуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG