Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вяртаньне ў кіёскі “Белсаюздруку” дзьвюх незалежных газэт, крымінальная справа супраць курапацкіх вандалаў, выбары ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Кіраўнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі заявіў пра магчымасьць распаўсюду праз кіёскі “Белсаюздруку” незалежных газэтаў “Народная Воля” і “Наша Ніва”. Камэнтар слухача:

Спадар:

“Патрабаваньні Эўропы да мазгоў улад нашых дайшлі
І рысы дэмакратыі ўперад пайшлі.
Я пайду ў кіёск ці любую лаўку
І куплю свабодна “Народную волю”,
“Барысаўскія навіны” з прылаўка.
Чытач казаў, слухач”.

Вядомы мастак Алесь Пушкін адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць хуліганаў, якія яго зьбілі, але запатрабаваў, каб яны пакаяліся ў царкве. Камэнтар слухача:

Яцкевіч, Віцебск: “Хачу перш за ўсё сказаць наконт Пушкіна. Наконт таго, што ён павёў іх у царкву, а ня ў суд, пакаяцца, скажу шчыра, ад усяго сэрца: “Глупства, пане дабрадзею”. Гэткія ніколі не пакаюцца. Няўжо вы ня бачыце, колькі вас ёсьць, беларусаў, куды коціцца наша грамадзтва?!”

Крымінальная справа зараз вядзецца супраць двух непаўналетніх зламысьнікаў, якія ламалі крыжы ў Курапатах. З гэтай нагоды слухач задае пытаньне:

Спадар, Гародня: “Хацелася б дэталёва ведаць пра тых двух мярзотнікаў, якія ламалі крыжы ў Курапатах: іхныя прозьвішчы, імёны, узрост, дзе навучаюцца, да якой палітычнай групоўкі належаць, якога веравызнаньня (хаця сумнеўна, што ў вандалаў увогуле існуе нейкая вера), хто іх бацькі, дзе працуюць і г.д. Лічу, што прысьпела неабходнасьць гэтаму факту прысьвяціць цэлую перадачу”.

Адказвае Алесь Макаў — адзін з тых, хто затрымліваў курапацкіх вандалаў:

“Прынамсі пра аднаго я ведаю, што ён вучыўся ў 148 школе. Зараз цягам двух год вучыцца ў вучэльні — гэта Астрэйка. А пра другога — ня ведаю. Паводле ўзросту — 16 год — пэўна, яшчэ школьнік”.

Як паведаміў Алесь Макаў, у райаддзеле міліцыі ад яго запатрабавалі даць падпіску аб нераспаўсюджваньні інфармацыі пра ход сьледзтва.

Працягваем праграму. Наступныя выказваньні на тэму выбараў:

Спадар: “Хаця ад парлямэнцкіх выбараў мінула амаль 2 месяцы, хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад выбараў у Беларусі, дзе я быў у якасьці назіральніка ў Полацку. Днём усё было візуальна нармальна: людзі прыходзілі і галасавалі. Самае цікавае і важнае пачалося пры падліку галасоў. Нас, назіральнікаў, ветліва адсунулі на пэўную адлегласьць ад стала зь бюлетэнямі і сказалі: назірайце. А што можна пабачыць з такой адлегласьці? У заключэньне скажу: не пасьпеў гаркам палічыць усе бюлетэні, як на працягу хвіліны абвясьцілі вынік. Перамог, вядома, прадстаўнік ад улады. Вось такія ў нас “свабодныя і справядлівыя выбары”.

Мар’я Іванаўна, в. Квасоўка: “Каб застацца ва ўладзе, спойваюць народ. Вечар, стаіць чарга па гарэлку і віно. Самае страшнае: маладыя п’юць проста на прыступках крамы, не закусваючы, бо на ежу грошай не хапіла! А міліцыі і са сьвечкай ня знойдзеш. Хопіць нам цярпець! Мы выбіраем лідэраў у прэзыдэнты — Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча, Мілінкевіча Аляксандра Ўладзіміравіча, пісьменных, якія стаяць супраць зьдзеку з народу. Мы давяраем вам кіраваць краінай”.

Спадар: “Паважаныя суайчыньнікі! 16 жніўня пад націскам міжнароднай грамадзкасьці дыктатарскі рэжым быў вымушаны выпусьціць зь няволі Казуліна, які 25 сакавіка 2006 году з надуманых прычын быў зьняволены і знаходзіўся за кратамі 2 гады і 160 дзён. У сувязі з днём народзінаў, які адзначаецца 25 лістапада, я яму прысьвяціў верш:

О дух свабоды!

Калі абраньня час настаў,
Ваш дух засільлю не скарыўся,
Ён супраць пошасьці паўстаў,
Ня мог са злом зьмірыцца.

...

О, дух свабоды, сьвет душы!
Ты на прастор шырокі клічаш.
Табе прызначана вяршыць
Жыцьцё плебея ваяўніча.

Трывалі зьдзек мы да пары,
Настаў бяды час пазбаўленьня.
І называюць вас сябры
Апосталам сумленьня”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG