Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад гвалту гіне больш жанчын, чым ад раку і войнаў


Праблема гвалту над жанчынамі разраслася да маштабаў эпідэміі, — заяўляюць у ААН.


Як мінімум кожную трэцюю жанчыну ў сьвеце хоць раз у жыцьці зьбівалі, прымушалі да інтымнай сувязі альбо іншым чынам прыніжалі. Пры гэтым у ролі гвалтаўніка, як правіла, аказваецца знаёмы мужчына. Сярод жанчын ва ўзросьце ад 15 да 44 гадоў гвалт — самая распаўсюджаная прычына сьмерці і інваліднасьці. Паводле праведзенага Сусьветным Банкам дасьледаваньня, сярод 10 фактараў рызыкі, вызначаных для гэтай катэгорыі жанчын, згвалтаваньні і побытавы гвалт апынуліся паводле рэйтынгу вышэй за рак, войны і малярыю.

Згодна з дадзенымі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за палову жанчын Бангладэш, Пэру, Танзаніі і Этыёпіі прызналіся, што зазнаюць фізычны альбо сэксуальны гвалт з боку блізкага чалавека, а ў сельскіх раёнах Этыёпіі гэты паказчык дасягае 71 працэнта. Не абышла гэтая праблема і заходнія краіны — у Вялікай Брытаніі гэты паказьнік склаў 30 працэнтаў, у ЗША — 22. Разам з тым, паводле апытаньняў жанчын у 10 розных краінах, ад 55 да 95 працэнтаў жанчын, якія зазналі фізычны гвалт ад мужоў ці палюбоўнікаў, ніколі не зьвярталіся па дапамогу ні ў паліцыю, ні ў грамадзкія арганізацыі.

У Беларусі афіцыйныя справаздачы Міністэрства ўнутраных справаў штодня рэгіструюць каля 200 паведамленьняў пра сямейныя канфлікты. Па-за паперамі і заявамі застаецца невядома колькі тых, хто не жадае зьвязвацца зь міліцыяй. Паводле інфармацыі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, штогод каля трох тысяч беларускіх жанчын цярпяць ад гвалту ў сям’і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG