Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Крывец: “У БАТЭ ёсьць і сілы, і эмоцыі”


Сёньня ў чарговым матчы групавой стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ сустрэнецца ў Менску з мадрыдзкім “Рэалам”.

Больш чым два месяцы таму каманды гулялі на знакамітым “Сант’яга Бэрнабэў”, і гаспадары прагназавана там выйгралі зь лікам 2:0. Прагнозы на сёньняшні матч не такія адназначныя: у Беларусь гішпанцы прыехалі не ў наймацнейшым складзе. Ня ўсё гладка ў мадрыдцаў у нацыянальным чэмпіянаце, дый хмары над галоўным трэнэрам “Рэалу” Бэрндам Шустэрам ходзяць як ніколі нізка.

Тым часам БАТЭ пасьля заваяваньня чэмпіёнскага тытулу ў першынстве Беларусі і валявой перамогі ў Кубку Беларусі над дэбютантам вышэйшай лігі клюбам “Мінск” – на эмацыйным уздыме. Ці скарыстаюцца сваім жыцьцёвым шанцам выхаванцы 31-гадовага Віктара Ганчарэнкі?

Учора прайшла традыцыйная перадматчавая прэс-канфэрэнцыя з удзелам Віктара Ганчарэнкі. Дапамагаў трэнэру ў кантактаваньні з журналістамі паўабаронца Сяргей Крывец. Усіх цікавіла: сёлета камандзе выпаў надзвычай складаны гульнявы маратон – чэмпіянат Беларусі, Кубак краіны, кваліфікацыйнае сіта Лігі чэмпіёнаў, а цяпер удзел у групавой стадыі самага папулярнага і прэстыжнага эўракубкавага турніру. Адкуль сілы? Сяргей Крывец прызнаўся: часам падавалася, што ўсе рэзэрвы вычарпаныя. Аднак цяпер сытуацыя іншая:

Сяргей Крывец
“Ну як? Часам бывае такое, што здаецца – усё, на сыходзе. Асабліва той пэрыяд, калі мы ўжо дачасна сталі чэмпіёнамі. Тады настаў такі момант, што здавалася – сілы зусім не засталося, а гуляць яшчэ столькі трэба! Але потым зьявілася невялікая перадышка, калі мы ўсё ў чэмпіянаце вырашылі, далі нам паўзу невялікую, і вось цяпер у нас пэрыяд гэткага вялікага эмацыйнага ўздыму, асабліва пасьля складанай перамогі ў Кубку Беларусі над камандай “Мінск”. І сілы ёсьць, і эмоцыі. Тым больш калі супернікам – “Рэал”. Сам факт сустрэчы дае дадатковыя эмоцыі”.

Гэты матч мае вялікае турнірнае значэньне для абедзьвюх камандаў. Пытаньне выхаду ў наступную стадыю Лігі чэмпіёнаў вырашыў толькі “Ювэнтус”, які сёньня ў Санкт-Пецярбурзе гуляе з “Зэнітам”, маючы ў актыве 10 ачкоў. Барысаўская каманда займае апошні радок у групе “Н” з 2 ачкамі. У “Рэалу” – 2-е месца і 6 пунктаў. У выпадку перамогі беларусы захоўваюць магчымасьць апярэдзіць “Зэніт”, у якога цяпер 4 ачкі і 3-я пазыцыя. Гэта якраз тое запаветнае месца, што дае шанец працягнуць увесну змаганьне ў Кубку УЭФА. Аднак у выпадку перамогі над турынцамі “Зэніт” набярэ 7 ачкоў і можа апярэдзіць мадрыдцаў. Адным словам, усім неабходная перамога.

У штабе БАТЭ адказнасьць моманту разумеюць выдатна. Пры гэтым загадзя адносіць гішпанцаў да фаварытаў, што было б лягічна яшчэ некалькі месяцаў таму, ніхто не сьпяшаецца. Прыкладам, на пытаньне аднаго з журналістаў, каго б з супернікаў Віктар Ганчарэнка хацеў бачыць у наступнай стадыі Лігі чэмпіёнаў (маўляў, завочна барысаўцы ўсё ж сьпісаныя ў наклад) настаўнік БАТЭ адказаў так:

Віктар Ганчарэнка
“Першае, што я скажу, – нам таксама яшчэ хочацца далей прайсьці (воплескі журналістаў)… Таму паміж усімі я выбіраю БАТЭ. Пакуль шанец ёсьць, за яго трэба чапляцца. У гэты шанец трэба верыць, неабходна верыць у каманду, бо ў гэтым жыцьці ўсё магчыма. А інакш, напэўна, нічога не дасягнеш у жыцьці і футболе”.

Дарэчы, пра амбіцыі БАТЭ, якія растуць ад гульні да гульні, сьведчыць і рэпліка паўабаронцы Сяргея Крыўца. Ён сказаў, што як толькі каманда атрымала права выступаць у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, у яго была мара згуляць з “Рэалам”. Гэтая мара ўжо рэалізавалася. Але цяпер зьявілася новыя мара – перамагчы “Рэал”. І паспрабаваць усё ж выйсьці з групы.

Пасьля выхаду БАТЭ ў групавую стадыю ад барысаўскай каманды – дэбютантаў Лігі чэмпіёнаў – перамог не чакалі ні спэцыялісты, ні заўзятары. Казалі, што будзе цуд, як БАТЭ возьме прынамсі ачко. А БАТЭ ўзяў ужо два. І цяперашнія размовы пра намер на роўных гуляць зь вялікім “Рэалам” ужо успрымаюцца без іроніі.

Віктар Ганчарэнка не хавае задавальненьня, што ягоныя выхаванцы годна для дэбютанта праходзяць лігачэмпіёнскі маратон, набіраюцца неабходнага гульнявога досьведу. Пры гэтым не абыходзіцца без намёкаў – клюб паступова багацее, зьяўляюцца сродкі на ўзмацненьне складу каманды.

Зразумела, што зь цяперашніх гульцоў ня ўсе перакрочаць з БАТЭ ў наступны сэзон – будуць прапановы ад салідных клюбаў, замаячаць больш прывабныя кантракты. У сваю чаргу ў БАТЭ зьявяцца сродкі, каб залучыць легіянэраў. У Ганчарэнкі напярэдадні нават напаўжартам пацікавіліся: каб была магчымасьць набыць кагосьці з гульцоў “Рэалу”, каго ён найперш запрасіў бы ў каманду?

“Гэтая тэма бясконцая – вось гэтую пазыцыю трэба ўзмацніць, яшчэ нейкую. І так можна пра гэта разважаць бясконца. Я вельмі задаволены тым складам, які цяпер маем у БАТЭ. Насамрэч мы прыкіпелі адзін да аднаго, і мне хочацца, каб гэты сэзон яшчэ працягваўся. А што да размоваў, каб кагосьці набыць, то “Рэал” ёсьць “Рэал”: там усе вельмі добрыя футбалісты. Пра кагосьці індывідуальна казаць ня хочацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG