Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У аўторак сьвет адзначае абвешчаны ААН Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту над жанчынамі. У Менску ў гэты дзень адбудзецца прэзэнтацыя адмысловай кампаніі.


Пачынаючы з 25 лістапада ў розных краінах сьвету стартуюць 16 дзён, на працягу якіх будуць рабіцца спробы зьвярнуць большую ўвагу на названую праблему. Як выглядае сытуацыя ў Беларусі?

Фонд народанасельніцтва ААН мае прэзэнтаваць вынікі грунтоўнай дасьледніцкай працы, распавядае Вольга Беларусава, каардынатарка праграмаў фонду:

“Справаздачы МУС насамрэч асьвятляюць толькі самыя крытычныя выпадкі. А мы правялі нацыянальнае грунтоўнае дасьледаваньне, дзе апыталі самых розных людзей – хто і як сутыкаўся з праблемай хатняга гвалту, ці існуе наагул гвалт адносна мужчынаў. МУС дасьць сваю інфармацыю, у нас будзе магчымасьць параўнаць, наколькі гэтыя зьвесткі адрозьніваюцца”.

Штодня афіцыйныя справаздачы Міністэрства ўнутраных справаў рэгіструюць каля 200 паведамленьняў аб сямейных канфліктах. Па-за паперамі і заявамі застаецца невядомая колькасьць тых, хто не жадае зьвязвацца зь міліцыяй. Па інфармацыі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, штогод каля трох тысяч беларускіх жанчын цярпяць ад гвалту ў сям’і.

Гэтая праблема наўпрост зьвязаная зь яшчэ некалькімі. Дамовы гвалт рэдка абыходзіцца без алькагалізму, гаворыць Валянціна Кудлацкая, грамадзкая актывістка зь Верхнядзьвінску:

“Мужчынская палова насельніцтва, на жаль, і гэта ня толькі ў нашым рэгіёне, а па ўсёй Беларусі, мае дрэнную звычку злоўжываць алькаголем. А ў рэгіёнах гэта назіраецца вельмі і вельмі... І жанчыне надта цяжка і складана. Гэта найперш зьвязана з праблемай гвалту ў сям’і. А да гэтага ў рэгіёнах дадаецца яшчэ й праблема беспрацоўя”.

“Б’е – значыць кахае” – нярэдка можна пачуць гэтыя словы. Адкуль вобраз хатняга гвалту ўзяўся ў культуры чалавецтва, разважае этнакультуроляг Антаніна Хатэнка:

“Толькі позьні фальклёр, ужо XIX стагодзьдзя, падае няроўнасьць у сям’і і здатнасьць да гвалту, прычым да гвалту, падаецца, здатны толькі мужчына. Да таго гэткага кшталту занатовак у фальклёры ня знойдзеш. А фальклёр у нас вельмі багаты і вельмі старажытны. І ні ў эпасе, ні ў паэтычным фальклёры... Можа быць, чалавек настолькі саромеўся гэтага, што не ўкладаў гэтых сюжэтаў у мастацкія творы...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG