Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы: як часта і навошта яны прыходзяць?


Сёньня ў Міністэрстве юстыцыі абмяркуюць, як палепшыць выкананьне судовых пастановаў, а таксама як спагнаць з парушальнікаў усе штрафы, накладзеныя міліцыяй, мытнікамі і падаткоўцамі. Тым часам праваабаронцы нагадваюць, што і ў сфэры выкананьня судовых пастановаў мае быць балянс інтарэсаў дзяржавы і правоў людзей.

Прыкладна паўтары тысячы судовых выканаўцаў служаць у Беларусі. Гэта яны апісваюць маёмасьць, спаганяюць штрафы, накладзеныя міліцыяй, дамагаюцца выплаты розных пеняў і кампэнсацыяў. Але праца гэта няпростая і, як і ўва ўсім сьвеце, стопрацэнтавага паказчыка дамагчыся не ўдаецца. Вось у суседняй Расеі выконваецца трэцяя частка пастановаў суду, у Літве – пятая.

Паводле Міністэрства юстыцыі, у Беларусі судовыя пастановы выконваюцца на 70%. Адказны супрацоўнік Мін’юсту Аляксандар Ізварын заявіў напярэдадні нарады:

“Мы лічым, што 70% – гэта мала. Для краінаў былога СССР і нават для Эўропы гэта нядрэнны паказчык, але мы лічым – можам дамагчыся большага”.

Што дадатковыя высілкі патрэбныя, сьведчаць лічбы: сёлета ў судох ужо атрымалі 835 тысяч выканаўчых дакумэнтаў. Гэта амаль удвая болей, чым за ўвесь 2002 год. Адмыслоўцы заклапочаныя: на судовых выканаўцаў кладзецца непадымны цяжар працы. І другая праблема – як падвысіць законапаслухмянасьць грамадзянаў?

У сваю чаргу праваабаронцы ўздымаюць яшчэ адно пытаньне: судовыя пастановы трэба выконваць гэтак, каб не парушаліся правы людзей. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

“Спагнаньне грошай – вельмі складаная справа для ўсіх краінаў, бо трэба забясьпечыць інтарэсы абодвух бакоў. І вельмі шкада, што такія захады абмяркоўваюцца без грамадзкіх экспэртаў”.

Алег Гулак прывёў у якасьці прыкладу такой калізіі выпадак, які адбыўся з маёмасьцю незарэгістраванага руху “За Свабоду”.

На мінулым тыдні судовыя выканаўцы зь Першамайскага суду Менску апісалі маёмасьць у кватэры, якую здымаюць актывісты арганізацыі. Выканаўцы карысталіся пастановаю Савецкага раённага суду аб спагнаньні грошай з сына гаспадыні кватэры, які сядзіць ў турме. У выніку ў лік апісанай маёмасьці трапілі сталы, крэслы ды аргтэхніка, што належаць актывістам. Лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч мяркуе: за фармальным выкананьнем судовай пастановы стаіць вялікая палітыка:

“Калі апісвалі маёмасьць, судовыя выканаўцы катэгарычна адмовіліся паклікаць гаспадыню, якая б засьведчыла, што каму належыць. Па-другое, на гэтую працэдуру чамусьці прыехалі міліцыянты са зброяй. Таму не лічу, што гэта было проста выкананьне нейкага судовага рашэньня. Хутчэй цалкам палітызаваная зьява”.

Летась судовыя выканаўцы мусілі спагнаць з грамадзянаў 340 мільярдаў рублёў, альбо амаль 170 мільёнаў даляраў. Спагнаць удалося ў эквіваленце 120 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG