Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь сасьпее для саступак МВФ і атрымае крэдыт”


Чарговы раўнд перамоваў місіі Міжнароднага валютнага фонду зь беларускім урадам нічым ня скончыўся — рашэньне пра выдзяленьне крэдыту пакуль ня прынятае, было заяўлена, што перамовы працягнуцца. У чым асноўныя кропкі нязгоды паміж бакамі? Наколькі гатовае саступіць беларускае кіраўніцтва дзеля атрыманьня грошай МВФ? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканамісты Міхал Залескі і Аляксандар Чубрык.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Улады Беларусі працягнуць кансультацыі з МВФ у пытаньні выдзяленьня стабілізацыйнага крэдыту ў сьнежні гэтага году,” — паведамляе прэс-рэліз Нацбанку Беларусі. У цэлым Нацбанк даволі пазытыўна ацэньвае вынікі праведзеных перамоваў. Але, тым ня менш, рашэньне пра крэдыт пакуль ня прынята, а значыць, поўнай згоды ў перамовах пакуль няма. Чаму?”


“Менск пакуль кажа — “абыдуся і бяз вашых таблетак”

Міхал Залескі
Залескі: “Рэч у тым, што гэта ня чыста грашовыя перамовы, як, напрыклад, зь нейкім камэрцыйным банкам. МВФ — гэта міжнародная арганізацыя, якая паводле Статуту абавязана клапаціцца пра эканамічную стабільнасьць і далейшы эканамічны рост. Таму яны ўвязваюць выдзяленьне крэдытаў з пэўнымі эканамічнымі абавязацельствамі, якія Менск, відаць, у поўным аб’ёме ня ў стане выканаць”

Цыганкоў: “У прэсе прагучала, што МВФ патрабуе дэвальвацыі беларускага рубля на 20 працэнтаў і павялічэньня працэнту аплаты насельніцтвам камунальных паслуг (гэта непацьверджаныя зьвесткі, але яны нікім не абвергнутыя). Ці не зьяўляецца гэта галоўным камянём спатыкненьня?”

Залескі: “Безумоўна. Доктар кажа — „трэба своечасова прымаць таблетку“. А хворы адказвае — „я абыдуся і бяз вашых таблетак“. Дык навошта ўвогуле тады лячэньне?”

Для нашага папулісцкага ўраду такія захады — гэта востры нож. Самі разумееце, як адрэагуюць нашы людзі, калі за камуналку давядзецца плаціць у тры разы больш. Альбо на тое, што рубель упадзе да трох тысяч. Таму ўрад згодны на тыя захады, якія ўпісваюцца ў ягоную стратэгію, і ня згодны на тое, што прапануе МВФ у гэтай частцы — якая, сапраўды, пакуль не была нікім абвергнутая”.

Цыганкоў: “Наколькі трывалыя і нязьменныя кропкі нязгоды паміж Менскам і МВФ? Ці можа Беларусь пайсьці на зьмякчэньне сваёй пазыцыі?”

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “Я б узгадаў прэс-рэлізы Нацбанку і МВФ — у абодвух дакумэнтах адзначаецца, што дасягнуты вельмі істотны прагрэс. І я б не сказаў, што гэта проста словы.

Але рэч у тым, што Нацыянальны Банк адказвае за грашовую палітыку ў краіне, за курс нацыянальнай валюты, але не адказвае за розныя сацыяльныя рэчы. Магчыма, Нацбанк і сам лічыць, што дэвальвацыя нам патрэбна, але ці пойдзе на гэта ўрад? І тут атрымліваецца, што гэты “трэці бок” — урад — можа пэўным чынам тармазіць працэс.

Але тое, што МВФ не адказаў “не”, дае спадзяваньні, што Менск пойдзе на ўмовы Фонду і атрымае гэтыя грошы”.


“Беларусь і „іншыя краіны“ — гэта зусім розныя рэчы”

Цыганкоў: “А колькі звычайна працягваюцца падобныя перамовы зь іншымі краінамі? Ці яны заканчваюцца пасьля пэўнага этапу альбо могуць працягвацца месяцамі?”

Чубрык: “Беларусь і „іншыя краіны” — гэта зусім розныя рэчы. Беларусь найменш рэфармаваная эканоміка рэгіёну. Тут трэба вельмі шмат чаго зрабіць, каб атрымаць гэтыя грошы МВФ. Гэта фактычна перафарматаваньне ўсёй эканамічнай палітыкі. Магчыма, урад і хацеў бы гэта зрабіць, але гэта ня хутка робіцца. Беларусь нельга параўноўваць зь іншымі краінамі, якія маюць рынкавую эканоміку, і гаворка ідзе проста пра нейкія макраэканамічныя стабілізацыйныя захады.

Да таго ж 2 мільярды — гэта вельмі вялікія грошы для Беларусі. Гэта ў некалькі разоў перавышае квоту МВФ для Беларусі. Таму МВФ трэба вельмі дбайна думаць, усё ўзважваць і прапаноўваць беларусам вельмі канкрэтныя рэчы.

Праблема ў тым, што ў Беларусі, акрамя заканадаўства, існуюць розныя падзаконныя акты — лісты Нацбанку ад ураду, розныя канцэрны, акрамя міністэрстваў, і гэтак далей. І місіі МВФ надта складана ва ўсім гэтым разабрацца, каб скласьці больш-менш адэкватны сьпіс умоваў”

Цыганкоў: “Наколькі беларускі ўрад гатовы да нейкіх сур’ёзных эканамічных пераменаў? Ці існуе разуменьне таго, што менавіта крэдыт МВФ можа істотна зьмяніць стаўленьне да эканамічнай палітыкі Беларусі ў сьвеце?”


“Нам кажуць — „дык паўзіце куды-небудзь“.
А ня хоча наш урад паўзьці.”

Залескі: “Нас усім сьветам за вушы цягнуць з нашага балота ды на свой шлях. Кожны кажа — “ды выйдзеце вы нарэшце на тую дарогу, па якой усе людзі ходзяць! Не ідзіце вы сваім асаблівым шляхам — тым больш што ён досыць хаатычны”.

Эканамічныя дзеяньні Беларусі нагадваюць немаўля — ляжыць, рукамі-нагамі дрыгае, але з месца ня можа зрушыцца. І нам кажуць — “дык паўзіце куды-небудзь”. А ня хоча наш урад паўзьці, бо ёсьць звыклыя мэтады.

Калега Чубрык слушна сказаў, што замежніку цяжка разабрацца ў нашых справах — хто прымае рашэньні, хто каму падпарадкоўваецца. Звонку гэта ўсё падаецца нейкім хаосам. Бо нашыя захады неадэкватныя з пункту гледжаньня рынкавай эканомікі.

Калі ёсьць дзьве тэхнічныя сыстэмы, то яны павінны быць апаратна і праграмна сумяшчальныя. То бок павінны размаўляць на адной мове, і адна прыстыкоўвацца да другой — як эўраразеткі. А ў нас яшчэ не эўраразетка — вось яны і прымушаюць нас такую прыкруціць”

Цыганкоў: “Аляксандар, ці рызыкнеце вы даць прагноз — ці атрымае ў выніку Беларусь гэты крэдыт МВФ?”

Чубрык: “Я хутчэй скажу не пра прагноз, а пра тое, што мне хацелася б. Я думаю, Беларусь атрымае гэты крэдыт”.

Цыганкоў: “З-за таго, што абодва бакі пойдуць на пэўныя саступкі і кампрамісы?”

Чубрык: “Мяркую, з боку Беларусі будзе больш саступак. Бо МВФ, як слушна адзначыў Міхал, — гэта міжнародная арганізацыя, якая працуе паводле пэўных стандартаў, якія ня можа рэзка мяняць. Думаю, што беларускі бок мусіць яшчэ трошкі сасьпець для такога рашэньня. Але ж сасьпее з часам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG