Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыкевіч: Свабоды слова пры Лукашэнку не дачакаемся


Сёньня на канфэрэнцыі, зладжанай па ініцыятыве афіцыйнага Менску і АБСЭ, памочнік Аляксандра Лукашэнкі, начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі заявіў, што “інтэрнэт у Беларусі быў, ёсьць і будзе свабодным”. Як ставяцца да гэтых выказваньняў журналісты?

Андрэй Бастунец
Удзельнік круглага стала юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што ўлады ня пойдуць на зьмену Закону аб СМІ, які крытыкаваўся міжнароднымі інстытутамі. І хутчэй за ўсё да ўступленьня яго ў сілу ў лютым зьявіцца адмысловая пастанова Савета міністраў, якая будзе рэгуляваць інтэрнэт.

Паводле генэральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы”(партал tut.by) Юр’я Зісера, улады проста скарыстаюць гэты круглы стол для легітымізацыі сваіх намераў.

Юры Зісер
“Мне здаецца, нічога не памяняецца. Бо ў выніковым пасланьні прадстаўнік АБСЭ зноў зьвяртаў увагу на дэмакратыю й свабоду ды іншыя абстрактныя для нашай дзяржавы паняцьці. А прадстаўнік міністэрства інфармацыі казаў, што рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ ўсё роўна будзе, толькі трэба знайсьці форму, якая б усіх задавальняла. Гэта пасьля таго, як 90% дакладчыкаў пераканаўча даказалі, што яна не патрэбная, шкодная для нашай дзяржавы й абсалютна бессэнсоўная, бескарысная. Я зразумеў, што проста ёсьць нейкі загад, які нельга парушыць”.

Аляксандар Старыкевіч
Рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч, які браў удзел у “круглым стале”, нагадвае, што ў новым законе пра СМІ, які ўступіць у сілу ў лютым, інтэрнэт-выданьні прыраўнаныя да мэдыяў.

“Так што словы істотна супярэчаць з правам. Па другое, тут ёсьць яшчэ і некаторыя тэрміналягічныя разыходжаньні. Тое, што пад дэмакратыяй разумее ўлада і спадар Янчэўскі як яе прадстаўнік, і тое, што мы, журналісты, уяўляем сабе пад сапраўднай дэмакратыяй і свабодай слова, — гэта зусім розныя рэчы. Таму тут пытаньне стаіць ня толькі пра давер, а пра пэўныя сьветапогляды, якія істотна розьняцца. Я абсалютна ўпэўнены, што пры гэтай уладзе могуць быць большыя маразы ці крыху адлігі. Але сапраўднай дэмакратыі і свабоды слова мы пры Лукашэнку не дачакаемся. Ні сёньня, ні заўтра. Ніколі”.
XS
SM
MD
LG