Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэнтабэльна цяпер вырабляць біяпаліва?


Рапсавае поле
Рапсавае поле
Да канца году бабруйскі завод па перапрацоўцы алейных культур плянаваў наладзіць выраб біяпаліва. Пра гэта заяўлялася ў кастрычніку, калі прадпрыемства наведваў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Ці апраўданая мадэрнізацыя заводу, якая абышлася бюджэту ў сямнаццаць мільярдаў рублёў, і ці будзе вытворчасьць біяпаліва рэнтабэльнай справай?

На заводзе ў гэтым сумняваюцца. Там зазначаюць, што выгаду пралічвалі, сыходзячы з цаны на нафту ў семдзесят даляраў, а цяпер яна меншая за пяцьдзясят. Акрамя таго, ёсьць праблемы й са збытам традыцыйнай прадукцыі — рапсавага алею.

На заводзе зьбіраюцца вырабляць дабаўкі да дызэльнага паліва. Прагназуецца, што 5% гэтых дабавак зьменшаць выкіды шкодных рэчываў і зробяць літар саляркі таньнейшым на 200—300 рублёў.

“Калі мы спажываем два мільёны тон дызэльнага паліва, то выраб біяпаліва дазволіць не імпартаваць трыста тысяч тон сырой нафты”, — казаў у кастрычніку падчас візыту на бабруйскі завод Сяргей Сідорскі.

У тым, што выраб біяпаліва пасьля падзеньня цаны на нафту будзе выгаднай справай, на заводзе сумняваюцца:

“Было ў нас у бізнэс-пляне, што калі будзе семдзесят даляраў барэль нафты каштаваць, то будзе эканамічна выгадна. Сёньня яна ўжо апусьцілася ніжэй за пяцьдзясят даляраў. А гэта наўпрост зьвязана зь біяпалівам. Біяпаліва — гэта ж замяшчэньне часткі нафтавага паліва”, — зазначае дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Ішчанка.

На заводзе мяркуюць, што дзьве траціны біяпаліва будзе прадавацца за мяжу, і гэта дапаможа пакрыць страты ад вырабу традыцыйнай прадукцыі — рапсавага алею.

“Наш алей неканкурэнтаздольны. У нас практычна 80% сабекошту прадукцыі — гэта насеньне. А на насеньне сёлета наш урад вырашыў, што цана павінна быць 800 тысяч. Цана вырасла настолькі, што алей ня хочуць браць ні на
З Украіны ідзе танны алей, які нам перабівае ўсё.
ўнутраным, ні на зьнешнім рынках. У той час як з Украіны ідзе танны алей, які нам перабівае ўсё”, — цьвердзіць Уладзімер Ішчанка.

Паводле яго, летась завод закупляў насеньне рапсу па 436 тысяч за тону.

Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі лічыць вырошчваньне рапсу для сельскай гаспадаркі выгаднай і пэрспэктыўнай справай. Аднак ён зазначае, што яго ўраджайнасьць цяпер невысокая, што адбіваецца на закупных цэнах. Акрамя таго, гаспадаркам даводзіцца здалёк звозіць рапс на нешматлікія перапрацоўчыя заводы, а гэта таксама выдаткі.

“Я б перавёў гэтую культуру з разраду стратэгічных у разрад тэхнічных культур і дазволіў бы гаспадаркам самім прадаваць рапс за межы Рэспублікі Беларусь, і тады гэта будзе дужа выгадна. Гэта валютная культура для сельскай гаспадаркі. Ну й стварыце выгадныя ўмовы для прадпрыемстваў, каб яны маглі вырошчваць рапс і для ўнутраных патрэбаў, і для экспарту”, — мяркуе эканаміст Пётар Мігурскі.

Паводле Лукашэнкі, рапсу ў краіне вырошчваецца даволі, нават няма куды падзець
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, рапсу ў краіне вырошчваецца даволі, нават няма куды падзець. Сёлета ў жніўні ён запатрабаваў з гэтай праблемай разабрацца. “Каб не паўтарылася сытуацыя, як з цукровымі буракамі, якіх навырошчвалі, а цукровыя заводы ня здолелі іх перапрацаваць”, — папярэджваў кіраўнік дзяржавы чыноўнікаў сельскай гаспадаркі.

Што да мадэрнізацыі бабруйскага заводу, то, паводле афіцыйных крыніцаў, інвэстар — ірляндзкая кампанія “Грынфілд” — нібыта ў сувязі з сусьветным фінансавым крызысам запаволіла яго фінансаваньне. Падобную ж мадэрнізацыю гэтая ж кампанія ажыцьцяўляе і ў Мазыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG