Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву “France Press” заявіў, што пашырэньне НАТО спарадзіла “міні-гонку ўзбраеньняў” у Эўропе.

“Мы вельмі заклапочаныя тым, што адбываецца на нашых межах. Самалёты НАТО лётаюць ля мяжы нашай краіны. Чаму? Мы пачынаем узмацняць нашу проціпаветраную абарону. Гэта выклікае міні-гонку ўзбраеньняў”.

“Чаму балтыйскія краіны павінны разгортваць сілы хуткага рэагаваньня? Чаму?” – запытаўся Лукашэнка, спасылаючыся на членства Латвіі, Літвы і Эстоніі ў Паўночна-атлянтычным альянсе. –“Вы прымушаеце нас рэагаваць адпаведна і разгортваць сілы для спэцыяльных апэрацыяў”.

“Чаму НАТО пашыраюць і ўзмацняюць? Хутчэй давайце думаць, як мы можам дэмантаваць гэтую ваенную машыну... Яна зьяўляецца абсалютна непатрэбнай,” – сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка таксама сказаў, што Беларусь плянуе купіць ракеты “Іскандэр” у Расеі, каб узмоцніць сваю паветраную абарону.

Лукашэнка пра апазыцыю: "Гэта звычайныя крымінальнікі"
Адказваючы на пытаньне пра палітычных вязьняў, Лукашэнка сказаў, што паколькі няма палітычных злачынстваў, дык няма і палітычных вязьняў. “Гэта звычайныя крымінальнікі,” — сказаў прэзыдэнт пра палітычных апанэнтаў, якіх ён звольніў з турмы ў гэтым годзе.

Гаворачы пра арышты маладых актывістаў, Лукашэнка сьцьвердзіў, што дзясяткі зь іх зьяўляюцца на дэманстрацыі п’янымі, таму арышты на 10-15 сутак патрэбныя, каб гэтыя людзі працьверазелі і апамяталіся.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць сваёй адстаўкі, беларускі прэзыдэнт заявіў, што будзе балятавацца на наступны прэзыдэнцкі тэрмін у 2011 годзе.

Гаворачы пра цяперашні фінансавы крызіс, беларускі прэзыдэнт сказаў, што крызіс пацьвердзіў большую трываласьць кіраванай дзяржавай беларускай эканомікі ў параўнаньні зь іншымі эканомікамі. “Эўрапейцы штораз больш гавораць пра беларускую мадэль,” — дадаў ён.

Я разьлічваю на Біла... Нам патрэбны нармальны дыялёг, і я думаю, што калі Біл скажа Гілары пра гэта, яна паслухае
Камэнтуючы чуткі, што Гілары Клінтан можа стаць дзяржаскратаром ЗША, Лукашэнка сказаў, што ў яго былі цёплыя адносіны зь Білам Клінтанам, і што ў такім выпадку ён спадзяецца на пацяпленьне ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях. “Я думаю, што на нейкім этапе ў нас атрымаюцца салідныя перамовы. Я разьлічваю на гэта. Я разьлічваю на Біла... Нам патрэбны нармальны дыялёг, і я думаю, што калі Біл скажа Гілары пра гэта, яна паслухае — таксама таму, што ён адыграў вялікую ролю ў выбарчай кампаніі дэмакратаў,” — сказаў Лукашэнка.

Агулам Лукашэнка адказаў амаль на 50 пытаньняў францускіх журналістаў. У інтэрвію Лукашэнка акцэнтаваў на “вельмі блізкіх” дачыненьнях яго краіны з Расеяй і высьмейваў іх праціўнікаў, але адначасова падкрэсьліў і важнасьць лепшых дачыненьняў Беларусі з Эўропай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG