Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя беларускай дэмакратычнай апазыцыі ў Вільні, сьвяткаваньне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, міжнародны фінансавы крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Вільні адбылася канфэрэнцыя беларускай дэмакратычнай апазыцыі “Пэрспэктывы супрацоўніцтва прыхільнікаў дэмакратычных перамен у Беларусі пасьля парлямэнцкай кампаніі”. Выказваньне слухачкі:

Спадарыня: “Беларуская апазыцыя ў Вільні гуляе ў гаварыльню. Адзінага кандыдата ад яе на выбары прэзыдэнта ня будзе. Цёпла ім і так на розных канфэрэнцыях. Адчуваецца, што гэтым працэсам у апазыцыі нехта добра кіруе. Надзея на розум народа, што ён зробіць зноў разумней, чым апазыцыя”.

Актывісты культурніцкай камісіі партыі БНФ ушанавалі памяць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну з нагоды чарговай гадавіны паўстаньня. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Да гадавіны Слуцкага збройнага чыну:

Паўстаньне супраць бальшавізму
Наш ахапіла родны край.
Капыль і Семежава, Вызну...
Ўставай, народ мой, уставай!
Паўсюль відаць сьляды атакі,
У бой ірвуцца змагары.
Расейцы тут, а там палякі —
І адступаць няма куды.
У ворага было больш сілы.
Вядома нам з тае пары:
Ля Слуцка курганы-магілы —
Ляжаць там нашы ваяры.
Забойствы, зьдзекі, катаваньні —
Уся бяда нам ні па чым.
Загартаваліся ў змаганьні,
Нам прыклад — Слуцкі збройны чын”.

Міжнародны фінансавы крызіс — тэма наступных тэлефанаваньняў:

Рыгор Іванчанка, Менскі раён: “Пра крызіс маё меркаваньне. Непамерным ростам бюракратычных інстанцый і падаткаў загналі самі сябе ў тупік. Чым болей бюракратыі, тым меней дэмакратыі.Чым болей дармаедаў, я маю на ўвазе ўсялякіх чыноўнікаў, тым бяднейшы просты працаўнік. Выйсьце адно — далоў чыноўнікаў і бюракратаў!”

Беспрацоўны, Менск: “Пытаньне да незалежных эканамістаў. Колькі грошай атрымліваюць беспрацоўныя ў краінах заходняй Эўропы, а колькі ў Беларусі?”

На пытаньне адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Не паглыбляючыся ў статыстыку, можна сказаць так, што ёсьць параўнаньні паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці. Але ні паводле гэтага парытэту, ні паводле якіх-небудзь іншых парамэтраў — няма чаго камэнтаваць. У Эўропе дапамога па беспрацоўі большая за нашую сярэднюю пэнсію. У нас гэтыя лічбы абсалютна абстрактныя і не адпавядаюць ніякім патрэбам чалавека”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар: “Прыдумалі ўлады ўжо працоўныя лягеры без адпачынкаў, заробкаў. Падобнае ўжо было ў Нямеччыне за часамі Гітлера”.

Спадар: “Наша зборная па футболе прайграе ўсім карлікам, таму што фэдэрацыя замест правай — левую штангу прывезла”.

Спадар: “Хто баіцца, што яго звольняць з працы або пазбавяць высокай пасады, наагул хто баіцца, таму трэба ўсьвядоміць, што баязьлівасьць — гэта грэх. Баяцца трэба толькі Бога”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG