Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску на канфэрэнцыі, арганізаванай прадстаўніцтвам АБСЭ і беларускімі ўладамі, абмяркоўвалася небясьпека дзяржаўнага рэгуляваньня інтэрнэт-мэдыяў і кантролю над імі.


Круглы стол “Інтэрнэт-СМІ: выклікі 21 стагодзьдзя” ініцыявалі офіс прадстаўніка АБСЭ па свабодзе мэдыяў, офіс АБСЭ ў Менску і міністэрства інфармацыі. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі афіцыйных і незалежных мэдыяў. На адкрыцьці выступіў памочнік Аляксандра Лукашэнкі, начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўсевалад Янчэўскі:

Усевалад Янчэўскі
“Інтэрнэт у Беларусі быў, ёсьць і будзе свабодным. Калі спатрэбіцца рэгуляваць тыя ці іншыя адносіны ў інтэрнэце, ніхто ня будзе гэта рабіць таемна. Усё будзе абмяркоўвацца адкрыта, галосна, з удзелам нават тых, хто крайне непрымірыма ставіцца да ўлады. І сёньняшні круглы стол — адзін з элемэнтаў гэтага дыялёгу. Я асабіста гатовы пастаянна сустракацца з прадстаўнікамі інтэрнэт-СМІ. Ня трэба блытаць разумнае прававое рэгуляваньне з цэнзурай. Гаворка не ішла, не ідзе і ня будзе ісьці пра цэнзуру навіннай, палітычнай і аналітычнай інфармацыі. У інтэрнэце трэба ставіць заслону толькі крыміналу, а не альтэрнатыўнай думцы”.

Спадар Янчэўскі выказаў зацікаўленасьць у тым, каб найбліжэйшым часам па даступнасьці інтэрнэту Беларусь “стала ў адзін шэраг зь перадавымі краінамі сьвету”. Таксама ён заявіў, што ніводная разумная думка і ініцыятыва, якая прагучыць на сэмінары, “ня сыдзе ў пясок”.

Пагрозу ўвядзеньня цэнзуры і дзяржаўнага рэгуляваньня незалежныя адмыслоўцы бачаць у новым законе аб СМІ, які ў лютым уступіць у сілу. Там значыцца, што рэгуляваньнем дзейнасьці інтэрнэт-СМІ будзе займацца ўрад, які неўзабаве выдасьць адмысловую пастанову. У сваім выступе дырэктар офісу АБСЭ па свабодзе СМІ Роланд Блес паўтарыў заклік, які ён зрабіў яшчэ ў сакавіку, калі прыяжджаў у Менск.

Роланд Блес
“АБСЭ лічыць, што павінен быць плюралізм і свабодны паток інфармацыі. Наша пасланьне яснае: не рэгулюйце інтэрнэт, бо ён гарантуе дакладна тое, што Беларусь і іншыя краіны АБСЭ падпісалі — захоўваць плюралізм і свабодны паток інфармацыі”.

Спадар Блес заявіў, што няма патрэбы ў асобным заканадаўстве аб інтэрнэце. Ён папрасіў прадстаўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі крыху пачакаць і ўлічыць рэкамэндацыі АБСЭ.



Выступ Роланда Блэса (на ангельскай мове)



У размове з журналістамі спадар Янчэўскі аспрэчваў факты блякаваньня інтэрнэт-сайтаў у Беларусі. Маўляў, калі такое і было, то “з тэхнічных прычын”. Ён паабяцаў, што ўлады ня будуць зачыняць інтэрнэт-рэсурсы.

Ханс-Ёхен Шміт і Усевалад Янчэўскі




XS
SM
MD
LG