Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра БАТЭ з Барысава правядзе матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў супраць адной з наймацнейшых камандаў сьвету — каралеўскага “Рэалу” з Мадрыду.


Спэцыялісты прадказваюць экстрэмальны футбол: у Менску, паводле сыноптыкаў, будзе 5-градусны мароз і сьнег, тым часам як у гішпанскай сталіцы — 15 градусаў цяпла.

Сёньня галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка расказаў, якой тактыкі будзе трымацца каманда ў вырашальнай сустрэчы — у выпадку паразы барысаўцы страцяць шанцы працягнуць выступы ў кубкавым цыкле. Перамога ж дае магчымасьць перасунуцца з трэцяга месца ў іншы турнір — Кубак УЭФА.

У той час, як малады настаўнік БАТЭ сустракаўся з журналістамі, сотні салдатаў тэрміновай службы намагаліся прывесьці да ладу засьнежаную арэну стадыёну “Дынама”. Адны шуфлямі зграбалі з поля сьнег, іншыя чысьцілі абледзянелыя трыбуны.

Прадстаўнікоў СМІ перадусім цікавіла: ці можа фактар надвор’я паспрыяць беларусам, якія, адрозна ад “цеплалюбівых” гішпанцаў, прызвычаіліся ня толькі да цяплічных умоваў? Вось меркаваньне Віктара Ганчарэнкі:

Віктар Ганчарэнка
“Ня думаю, што нейкае звышпрынцыповае значэньне мае надвор’е. Так, не зусім прыемна гуляць па марозе, але з улікам клясу гульцоў “Рэала” гэта не паказьнік. Напэўна, трапляючы ў групу з камандамі былога СССР, яны гатовыя да такіх умоваў. Можна ўзгадаць, як “Рэал” гуляў па сьнезе з маскоўскім “Лякаматывам”, таму, мяркую, каманда гатовая да ўсяго. Што тычыцца якойсьці асаблівай падрыхтоўкі, то нічога адметнага няма, перадусім трэба правільна буцы падабраць, вось і ўсё. Падрыхтоўка ўвогуле адбываецца як звычайна, у штатным рэжыме, усе ў страі, за выключэньнем цяжка траўмаванага Ржэўскага. Нягледзячы на не зусім футбольнае надвор’е, усе рыхтуюцца даць бой. І настрой каманды перад гульнёй выдатны”.

А вось “Рэал” едзе ў Менск з істотнымі стратамі. З-за траўмы гульню прапусьціць галяндзец ван Ністэлрой, які адзначыўся голам у вароты БАТЭ ў першым матчы на “Сант’яга Бэрнабэў”. Апроч таго, спэцыялісты кажуць пра пэўны крызіс у гульні каманды, якой усё цяжэй даюцца перамогі. Ці скарыстаюць з гэтага беларусы?

“Што тычыцца крызісу “Рэала”, то ўсё роўна кляс каманды вельмі высокі і дазваляе нават і ня ў самым аптымальным складзе паказваць добры футбол, перамагаць любых супернікаў. Але калі адпачатку, трапіўшы ў асноўную групу, мы хацелі проста дакрануцца да гэтага сьвята, то цяпер у нас поўная канцэнтрацыя на гульні, хочацца гуляць і перамагаць усіх супернікаў. Мы маем запісы ўсіх апошніх гульняў “Рэала”, высновы для каманды зробленыя. Але што да траўмаў, то складана нешта прагназаваць: лава “Рэала” дазваляе без наступстваў рабіць ракіроўкі. Хоць, натуральна, улічваючы кляс форварда ван Ністэлроя ці Хігуаіна — страты адчувальныя. Але не сумняюся, што ў “Рэала” ёсьць вартыя гульцы, якія заменяць траўмаваных футбалістаў”.

Віктар Ганчарэнка дадае, што псыхалягічны стан перад першай сустрэчай з “Рэалам” і цяперашняй — неба і зямля. Цяпер аўтарытэт грознага клюбу ня цісьне на гульцоў, як раней.

Ці паабяцала кіраўніцтва БАТЭ стымуляваньне за магчымы выхад каманды ў наступную стадыю Лігі чэмпіёнаў?

“Пакуль яшчэ не абмяркоўвалася. Але мы абавязкова ўздымем перад імі гэтае пытаньне”.

Пры канцы сустрэчы Віктар Ганчарэнка сказаў, што верыць у добры вынік для сваёй каманды. І заклікае заўзятараў падтрымаць БАТЭ ў заўтрашнім звышважным матчы:

“Не магу пазбавіцца ад адчуваньня, што будзе ўсё добра (голас журналіста — “і не пазбаўляйцеся”)… Дый для заўзятараў, каб ня зьмерзнуць, трэба актыўна падтрымліваць каманду. Мы будзем верыць і спадзявацца, што падтрымка будзе, як была і раней. Вядома, ад гэтага наўпрост залежыць і гульня БАТЭ. Калі дзесьці больш складана нам стала і заўзятары падтрымліваюць, гэта можа нам дапамагчы. Таму заклікаю ўсіх прыйсьці на стадыён, падтрымліваць, не шкадаваць галасавых зьвязак. А мы будзем намагацца зрабіць усё магчымае, каб парадаваць нашых заўзятараў”.

Стадыён “Дынама” за суткі да гульні БАТЭ — “Рэал”










XS
SM
MD
LG