Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве калёны на прэзыдэнцкіх выбарах – стратэгія паразы?


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

21-22 лістапада ў Вільні праходзіла канфэрэнцыя беларускай дэмакратычнай апазыцыі і экспэртаў. Удзельнікі абмяркоўвалі вынікі выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў і палітычную стратэгію на будучыню.


Які настрой пераважаў на канфэрэнцыі? Якую стратэгічную лінію абрала апазыцыя на будучыя прэзыдэнцкія выбары? На гэтыя пытаньні адказвае адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Якая атмасфэры панавала на канфэрэнцыі? Мы ўсе назіралі, як пасьля парлямэнцкіх выбараў было выказана шмат крытычных словаў на адрас апазыцыі. Ці ў Вільні таксама пераважала крытыка альбо атмасфэра была больш накіравана ў будучыню?”

Класкоўскі: Спрэчкі, безумоўна, былі – напрыклад, высьвятлялі адносіны тыя, хто байкатаваў выбары і тыя, хто ішоў да канца. Я якраз выказаў там меркаваньне, што ў выніку гэта прынесла шкоду і тым і іншым, бо ня здолелі дамовіцца і тым заблыталі дэмакратычны электарат.

Напачатку было такое адчуваньне, што экспэрты і палітыкі гаварылі на розных мовах. Напрыклад, з вуснаў аднаго з кіраўнікоў АДС гучыць – “мы ня здолелі ахапіць усе 110 акругах, а толькі 109”. А экспэрты на гэты кажуць – “ці варта было ісьці мэтадам ахопу, можа, варта было сканцэнтравацца на 15-20 акругах, дзе былі рэальныя моцныя кандыдаты?”

Была няпростая дыскусія, былі і крыўды з боку палітыкаў, але ўрэшце пайшла канструктыўная размова”.

Цыганкоў: “Відавочна, што гэтая гаворка тычылася будучых палітычных кампаніяў – найперш прыходзяць у галаву прэзыдэнцкія выбары. Ці знайшлі тут удзельнікі канфэрэнцыі супольную мову?”

Класкоўскі: “Была раскрытыкаваная ідэя правага і левага блёку, што нібыта трэба ісьці на выбары двума калёнамі. Я ў сваім выступе казаў, што гэта стратэгія паразы. У выніку перамог падыход, што патрэбны адзіны кандыдат, апазыцыя павінна згуртаваць усе сілы ў кулак. Якія лёзунгі ён будзе мець? Удзельнікі канфэрэнцыі прыйшлі да высновы, што гэта мусіць быць шырокая ідэя пераменаў. То бок адзіны кандыдат мусіць быць прыхільнік пераменаў, своеасаблівы беларускі Абама”.

Цыганкоў: “Хто-небудзь з палітыкаў ужо выказаў сваё жаданьне ісьці на прэзыдэнцкія выбары ў якасьці кандыдата, незалежна ад агульнага рашэньня?”

Класкоўскі: “Гэта выявілася ў нэрвовай рэакцыі некаторых палітычных дзеячоў. Калі ішла дыскусія пра адзінага кандыдата, многія казалі, што партыйныя лідэры з іх доўгім шлейфам паразаў, зь іх вялікімі нэгатыўнымі рэйтынгамі апрыёры ня здолеюць скочыць вышэй за галаву – таму яны мусяць сумленна выйсьці з гонкі і даць магчымасьць “сьвежаму” чалавеку выйсьці на гэтую дыстанцыю. І па нэрвовай рэакцыі некаторых палітыкаў было відаць, што гэта іх не задавальняе, і што на першым пляне ў іх стаіць асабісты ці ўнутрыпартыйны інтарэс.

Але добра, што ў Вільні перамагла іншая лінія – курс на згуртаваньне і на пошук аптымальнай кандыдатуры, якая б увасабляла не партыйны брэнд, а саму ідэю пераменаў”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG