Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску пройдзе круглы стол “Інтэрнэт-мэдыі: выклікі XXI стагодзьдзя”. Таксама чакаецца, што сёньня дзяржаўныя органы падпішуць дамовы з газэтамі “Наша ніва” і ”Народная воля”, які дазволяць газэтам распаўсюджвацца празь “Белпошту” і “Белсаюздрук” і друкавацца ў Беларусі.

Круглы стол арганізаваны офісам прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыяў і Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Чакаецца, што ў імпрэзе возьмуць удзел дырэктар офісу Роланд Блес, экспэрты зь Літвы, Расеі, Славаччыны і Швэцыі. І нават міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

Арганізатары запрасілі таксама адмыслоўцаў зь Беларусі. З боку АБСЭ з дакладам выступіць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Нагадаем, Роланд Блес прыяжджаў у Менск у сакавіку і падчас сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў заявіў, што дзяржава не павінна рэгуляваць інтэрнэт. Таксама ён заклікаў урад гарантаваць свабодны рух інфармацыі, і гэта найперш тычыцца інтэрнэту. Андрэй Бастунец мяркуе, што й сёньня існуе пагроза дзяржаўнага кантролю інтэрнэт-мэдыяў:

“У новым законе аб сродках масавай інфармацыі, які ў лютым набудзе сілу, прапісана, што рэгуляваньнем дзейнасьці інтэрнэт-смі будзе займацца ўрад. І якраз цяпер у лістападзе зьбіраліся выдаць урадавую пастанову, якая гэтага пытаньня й тычыцца. Але сёньня ня вельмі зразумела, у якім кірунку пойдзе разьвіцьцё падзеяў, бо ў самім законе вельмі такія двухсэнсоўныя фармулёўкі. І цяпер я ведаю, што ўрад беларускі ўжо адмаўляецца ад самой фармулёўкі “рэгуляваньня інтэрнэту” ў размовах з АБСЭ. Але гэта ня значыць, што так яно будзе насамрэч. І, магчыма, гэтая канфэрэнцыя дапаможа, па-першае, яшчэ раз данесьці меркаваньне і эўрапейскіх інстытуцыяў, і БАЖу да прадстаўнікоў ураду. А з другога боку, мы ўсё ж пачуем больш дакладна сфармуляваную пазыцыю ўладаў”.

Сярод тых, каго прапанавала для выступу на канфэрэнцыі Міністэрства інфармацыі, ёсьць таксама генэральны дырэктар прадпрыемства “Надзейныя праграмы”(партал tut.by) Юры Зісер. Спадар Зісер патлумачыў, што спачатку міністэрства запрасіла яго як слухача:

“А потым патэлефанавалі і папрасілі зрабіць даклад, бо гэта будзе сумеснае мерапрыемства Міністэрства інфармацыі і АБСЭ. Я пагадзіўся. Толькі сказаў, што я буду казаць ня тое, што трэба Мінынфармацыі, а тое, што я думаю. Яны сказалі – ніякіх праблем. Мне здаецца, гэта добрая прыкмета, калі сумесны сэмінар, бо гэта першы мне вядомы прыклад нейкага дыялёгу”.

Некаторыя адмыслоўцы адзначаюць яшчэ пэўныя прыкметы пераменаў. На мінулым тыдні з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыі газэт “Наша ніва” і "Народная воля” паступілі зьвесткі пра тое, што іх уключаць у падпісны каталёг і ў дзяржаўную сыстэму распаўсюджваньня празь “Белсаюздрук”. Акрамя таго, газэты будуць мець магчымасьць друкавацца ў Беларусі. Чакаецца, што дамовы з рэдакцыямі будуць заключаныя сёньня.

Аднак, нагадвае Андрэй Бастунец, праблемы з распаўсюдам ня толькі у гэтых двух незалежных выданьняў: такія цяжкасьці ёсьць больш чым у дзесяці мэдыяў:

“Гэта былі абсалютна незаконныя дзеяньні, якія парушалі правы як гэтых выданьняў, так і права чытачоў на атрыманьне інфармацыі, дзеяньні, зробленыя ў адміністратыўным парадку, насуперак беларускаму заканадаўству і міжнародным актам. І тое, што цяпер гэта будзе, я спадзяюся, адкручана назад, зразумела, гэта такі вельмі добры знак. Хочацца, каб гэта заставалася не адзіным знакам, не адзіным крокам, а абазначала менавіта першы крок, які надалей дапаможа пазбавіць іншыя выданьні гэтай дыскрымінацыі. Працаваць у гэтым кірунку, рухацца трэба яшчэ вельмі шмат”.
XS
SM
MD
LG