Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Група моладзі зь Менску, Віцебску, Полацку ды іншых гарадоў Беларусі правяла ўжо традыцыйную імпрэзу ў музэі Уладзімера Караткевіча на малой радзіме пісьменьніка.


Такія сустрэчы ў музэі моладзь ладзіць ужо ня першы раз напярэдадні ўгодкаў Уладзімера Караткевіча. Сёлета хлопцы й дзяўчаты падрыхтавалі імпрэзу пад назовам “Плынь разьняволеных пачуцьцяў” – чыталі вершы, сьпявалі, правялі віктарыну па творчасьці знакамітага аршанскага ўраджэнца.

Уладзімер Караткевіч
Прызы – зборнікі твораў Караткевіча – пераможцам віктарыны ўручылі супрацоўнікі музэю, якія ўжо чацьвёрты год запар прымаюць моладзевую ініцыятыву.

З нагоды дня народзінаў пісьменьніка, якому сёлета магло б споўніцца 78 год (Уладзімер Караткевіч нарадзіўся 26.11.1930 г.), 25-га лістапада ў аршанскім музэі пройдзе прэзэнтацыя кнігі “Сьвет шчодры, сьвет мяне паўторыць”. Гэта дасьледаваньне вершаванай спадчыны Уладзімера Караткевіча, зробленае настаўнікам І.Шнэйдэрам.

Афіцыйныя мерапрыемствы, падрыхтаваныя аддзелам культуры аршанскага гарвыканкаму, адбудуцца каля помніка пісьменьніку у Прыдняпроўскім парку. Нагадаем, што напярэдадні сёлетніх “Дажынак” помнік Караткевіча былі зьнесьлі, і ў гэтым месцы пабудавалі грамадзкую прыбіральню. Чыноўнікі з гарвыканкаму паабяцалі абуранай грамадзкасьці горада, што знойдуць яму больш прыдатнае і выгоднае для агляду месца. У выніку помнік апынуўся ў атачэньні скульптурных выяваў казачных пэрсанажаў, а навокал месьцяцца дзіцячыя атракцыёны.

26-га лістапада тут пройдуць літаратурныя чытаньні пад назвай “І не зьнікаць паэтам вечна” ды ўскладаньне кветак.

XS
SM
MD
LG