Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лістапада культурніцкая камісія Партыі БНФ ладзіць адзначэньне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.


Праграма адзначэньня Слуцкага збройнага чыну ўключае падарожжа: вёскі Грозава і Семежава (Капыльскі раён) — Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — Слуцак — Старыя Дарогі. Экскурсію правядзе старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Паводле актывіста Партыі БНФ Франака Вячоркі, адзначэньне ўключае таксама мітынг-сустрэчу ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю. Таксама адбудзецца прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму "Слуцкі збройны чын".

Франак Вячорка
“Прэзэнтацыя адбудзецца ў памяшканьні, якое мы пакуль што не агучваем. Незалежна ад надвор’я, незалежна ад рашэньня чыноўнікаў імпрэза адбудзецца. Гарадзкія ўлады адмовілі і ў альтэрнатыўным месцы збору ўдзельнікаў мітынгу з нагоды Слуцкага збройнага чыну на гарадзкім стадыёне, бо на выходных, на стадыёне будуць адбывацца нейкія спартовыя спаборніцтвы. Таму трэба меркаваць, што чыноўнікі прынялі рашэньне значна раней: не даваць ніякага дазволу”.

Паводле Франка Вячоркі, удзел у адзначэньні ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, возьме каля ста сяброў моладзі БНФ і прадстаўнікоў грамадзкасьці. На мясьцінах слуцкіх паўстанцаў новыя сябры Моладзі БНФ прымуць прысягу на вернасьць Беларусі. Таксама заплянаваны ўрокі сьпеваў беларускіх маршаў і гімнаў. Арганізатараў зьдзіўляе, чаму раённыя ўлады пярэчаць гэтым мірным мерапрыемствам?

“Хутчэй гэта не рашэньне Лукашэнкі і яго адміністрацыі. Гэта тыповая для беларускага грамадзтва самацэнзура, самацэнзура чыноўнікаў. Для іх нават закон адыходзіць на другі плян”.

Гісторык Захар Шыбека адзначыў, што Слуцкае паўстаньне 27 лістапада 1920 году – гэта адзін з найбольш яркіх эпізодаў народнага пратэсту супраць савецкай улады.

Захар Шыбека
“Гэта выступленьне было аўтэнтычным, іманэнтным. Гэта быў народны рух супраць савецкай улады. Гэта быў народны рух у абарону Беларускай народнай рэспублікі. Гэта быў гераічны ўчынак. І слуцкія паўстанцы можна сказаць уратавалі гонар беларускага народа. Бо былі сфармуляваны ў адрозьненьне ад іншых паўстанскіх рэгіёнаў дакладныя мэты паўстанцаў у абарону сваёй нацыянальнай дзяржаўнасьці – БНР. У гэтым яго найперш гістарычнае значэньне”.



Слуцкі збройны чын, Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстаньне — спроба збройнай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, адбівалі наступ савецкага войска.

XS
SM
MD
LG