Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Маркевіч: Сёньня гэтыя лягеры існуюць


Аляксандар Лукашэнка прапанаваў стварыць працоўныя лягеры ў кожнай вобласьці Беларусі для нядбайных бацькоў-п'яніц. Ці могуць такія лягеры служыць для перавыхаваньня – меркаваньні людзей, якія адбывалі пакараньне абмежаваньнем свабоды паводле палітычных абвінавачваньняў.


Журналіст Мікола Маркевіч у 2002 годзе быў асуджаны на два з паловай гады абмежаваньня волі паводле абвінавачваньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Фактычна адбыў пакараньне 6 месяцаў і 4 дні ў Асіповічах Магілёўскай вобласьці, пасьля чаго быў пераведзены на папраўчыя работы па месцу жыхарства, у Горадню. Што чакае тых, каго прымусова накіруюць на папраўчыя работы?

сыстэма "хіміі", сыстэма працоўных лягераў -- гэта сыстэма, дзе няма працы
"Мне трошкі незразумела, у чым навізна гэтай прапановы Аляксандра Рыгоравіча. Сёньня гэтыя працоўныя лягеры існуюць. Яны дарэчы існавалі яшчэ са сталінскіх часоў, яны раскіданыя па ўсёй Беларусі і там сёньня адбываюць пакараньне нядбайныя бацькі, якія ня плацяць грошы на ўтрыманьне сваіх дзяцей. Таму я ня ведаю, у чым навізна. Магчыма гэта нейкі прапагандысцкі прыём, каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Але мне здаецца, што праблема ня ў тым, як ўдасканальваць гэтую сыстэму гвалту і прымусу. Гэта больш маральнага пляну праблема. Я ўзгадваю работу тых бацькоў, якія не плацілі на ўтрыманьне сваіх дзяцей, і я кажу: лепей, каб яны ўвогуле ня мелі дзяцей і не працавалі. Таму што гэтая сыстэма "хіміі", сыстэма працоўных лягераў -- гэта сыстэма, дзе няма працы. Калі праца ёсьць, яна некваліфікаваная і за яе атрымліваюць столькі грошай, што ня ў стане заплаціць за сваё ўтрыманьне, ня тое што за ўтрыманьне тых няшчасных дзяцей, якіх яны пусьцілі ў сьвет".

Журналіст Павал Мажэйка атрымаў два гады абмежаваньня волі, гэтак званай "хіміі", таксама паводле абвінавачваньня ў паклёпе на прэзыдэнта. Праўда трапіў пад амністыю – тэрмін пакараньня зьменшылі на год. Працаваў на прыватным тартаку ў Жлобіне. На пытаньне, ці можа перавыхаваць чалавека папраўчая ўстанова, адказаў так:


"Я катэгарычна скажу, што сыстэма, якая існуе ў нас, ня можа перавыхаваць. Гэта сыстэма пакараньня, а не сыстэма перавыхаваньня. Я з свайго "хімічнага" досьведу памятаю, што большасьць людзей там пастаўленыя на мяжу выжываньня. Гэтыя людзі спрабуюць неяк ухітрыцца, каб зарабіць сабе на кавалак хлеба, ня кажучы ўжо пра тое, каб дапамагчы сваім сем'ям ці дзецям. Гэта абсалютна нерэальна ў нашых умовах".

Галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч таксама быў асуджаны на два гады абмежаваньня волі за паклёп на кіраўніка дзяржавы. У выніку амністыі тэрмін пакараньня быў зьменшаны на адзін год. Адбываў пакараньне ў Баранавічах, працаваў кур’ерам. Наконт перавыхоўваньня ў так званых папраўчых установах выказаўся так:


"Не, ня могуць. Таму што там няма выхаваўчай работы. Можна хіба прымусіць іх працаваць, забіраць грошы і гэтыя грошы пускаць на падтрымку дзяцей. Гэта ж не піянэрлягер, гэта пакараньне. Так і пішацца – паслалі не на перавыхаваўчую апрацоўку, а суд выносіць пакараньне, гэта кара".

Палітык Павал Севярынец за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 года быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, але пазьней у сувязі з амністыяй гэты тэрмін быў скарочаны на год. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна. На пачатку ў лясгасе працаваў штабэлёўшчыкам (уручную цягаў бярвеньні складваў іх у штабэлі). Затым працаваў сукарубам і нават атрымаў трэці разрад, стропальшчыкам. Наконт сыстэмы выхаваньня выказаў такое меркаваньне:

"Сыстэма так званага выхаваньня, якая ўбудаваная ў праваахоўную, а насамрэч карную сыстэму сёньняшняй беларускай дзяржавы, перавыхаваць ня можа нікога – ні злодзеяў, ні бандытаў, ні палітычных, ні тым больш бацькоў, якія кепска сочаць за сваімі дзецьмі. Рэч у тым, што гэтая сыстэма заснаваная на страху, гвалце і зьнявазе чалавека. А каб выхаваць чалавека, трэба ставіцца да яго зь любоўю, ці ва ўсякім разе з павагай да ягонай асобы.

Цалкам гутарку зь Міколам Маркевічам у праграме "Начная Свабода" можна паслухаць тут.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG