Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтатарка New York Times: Запрасіце Расею ў НАТО


У калёнцы камэнтароў амэрыканскай газэты The New York Times сёньня зьявіўся артыкул, які цьвердзіць, што цяперашняя маскоўская палітыка нацэленая на падтрыманьне "новай халоднай вайны".


Загаловак артыкулу — "З Расеі зь нянавісьцю" (From Russia With Loathing) — несумненна перагукаецца з загалоўкам аднаго з фільмаў пра супэрагента Джэймса Бонда з часоў "старой халоднай вайны" — „З Расеі зь любоўю” (From Russia With Love).

Аўтарка артыкула, Кэйці Янг (амэрыканка расейскага паходжаньня, народжаная ў Расеі ў 1963 годзе як Кацярына Юнг) — вядомая ў ЗША публіцыстка, якая актыўна піша на гендэрныя тэмы.

Янг пачынае артыкул са згадкі, што дзень пасьля таго, як Барак Абама выйграў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў у Думе, што ў адказ на пабудову амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе Расея паставіць ракеты "Іскандэр" у Калінінградзкай вобласьці.

Далей аўтарка цытуе расейскага публіцыста Леаніда Радзіхоўскага, які сказаў, што "экзыстэнцыяльная дзірка нашай палітыкі была запоўненая антыамэрыканізмам" і што адмаўленьне ад гэткай рыторыкі было б для Крамля "раўназначнае зьнішчэньню асноваў дзяржаўнай ідэалёгіі".

На думку аўтаркі, расейцы моцна адчуваюць незадаволенасьць ад таго, што іх краіна ня мае ні такой пазыцыі ў сьвеце, ні такога ўзроўню жыцьця, якога заслугоўвае. Гэтае адчуваньне выліваецца ў комплекс непаўнацэннасьці ў адносінах да Захаду ды асабліва ў адносінах да ЗША як галоўнага праціўніка з часоў колішняй "халоднай вайны". На гэты расейскі комплекс, паводле Янг, складаюцца захапленьне, зайздрасьць, крыўда, гнеў ды прага пашаны і адносін да сябе як да роўных. Дзяржаўная прапаганда, каб неяк нэўтралізаваць і кантраляваць гэты комплекс, накіроўвае агульную расейскую незадаволенасьць і крыўду у плынь афіцыйнага антыамэрыканізму.

Янг нагадвае, як у 2005 годзе член Рады Фэдэрацыя Расеі Сяргей Лісоўскі заявіў, што амэрыканцы стварылі міт курынага групу, каб зьнішчыць магутную расейскую птушкагадоўлю. А ў гэтым годзе, у чарговую гадавіну тэрарыстычных атакаў на Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку, расейскае тэлебачаньне паказала праграму, у якой сьцьвярджалася, што атакі былі арганізаваныя амэрыканскімі імпэрыялістамі, каб разьвязаць вайну.

Паводле Янг, адказ Барака Абамы на афіцыйны расейскі антыамэрыканізм павінен быць цьвёрды ды адначасова гнуткі.

Адзін з галоўных дарадцаў Абамы, Майкл Макфол, выказаўся ў тым сэнсе, каб запрапанаваць Расеі членства ў НАТА. Янг упэўненая, што цяперашняе расейскае кіраўніцтва адназначна адкіне такуе прапанову, бо яе прыняцьцё пацягнула б за сабою дэмакратычныя рэформы, якіх Расея ня хоча рабіць. Але сама прапанова магла б значна ўскладніць Крамлю задачу пераканаць звычайных расейцаў, што Амэрыка заўсёды будзе бачыць у Расеі ворага.

Паводле аўтаркі, такую прапанову мог бы зрабіць Барак Абама ў часе свайго першага візыту ў Маскву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG