Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сасьетэ Жэнэраль” пакуль ня хоча беларускіх банкаў


Францускі банк “Сасьетэ Жэнэраль” гатовы фінансава падтрымаць беларускі экспарт. Сёньня прадстаўнік банку Філіп Сітэрн сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.


Паводле Філіпа Сітэрна, у Беларусь прыедзе група экспэртаў, каб вызначыць магчымыя праекты ў сфэры фінансаваньня. Ад пачатку году рэалізуецца праект прамога фінансаваньня Беларускага мэталюргічнага заводу на 15 мільёнаў эўра. Працягнецца фінансаваньне беларускіх прадпрыемстваў нафтагазавага і нафтахімічнага сэктару. Разглядаюцца іншыя праекты.

Таксама спадар Сітэрн адзначыў, што “Сасьетэ Жэнэраль” мае вялікі досьвед у набыцьці банкаў: куплена ўжо каля 40 банкаў у розных краінах. Ён адзначыў, што задаволены разьвіцьцём праз даччын “Белросбанк”. Аднак заўважыў, што праектаў інвэставаньня ў іншыя беларускія банкі пакуль няма. Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што “Сасьетэ Жэнэраль” дзейнічае вельмі ўмела:

“Яны ня ўлазяць у нейкія праекты, не бяруць удзелу ў прыватызацыі. Беларусь — апошняя і адзіная краіна на эўрапейскай прасторы з 75% дзяржаўнай уласнасьці. І калі будуць пагаршацца ўмовы экспарту і імпарту, найлепшы варыянт — мець магчымасьць кантраляваць фінансавыя патокі. Я думаю, гэта дастаткова граматны крок з боку францускай палітычнай эліты — апярэдзіць многіх канкурэнтаў у беларускай эканамічнай рэчаіснасьці”.

Сяргей Сідорскі заявіў, што афіцыйны Менск разглядае сёньняшнюю сустрэчу як магчымасьць разьвіцьця стасункаў найперш у фінансавай сфэры.

Нагадаем, яшчэ ў траўні старшыня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч абяцаў праз тры-чатыры месяцы прадаць “Белінвэстбанк” (у пакупнікі меркаваўся нямецкі Commerzbank), а таксама “Белпрамбудбанк”. Беларускі бок прапанаваў яшчэ да 20% акцый “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”. Аднак, паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоля Драздова, пакуль ніводзін з гэтых беларускіх банкаў не прададзены. Спадар Драздоў зазначыў, што гэтаму працэсу перашкодзіў глябальны фінансавы крызыс.

“Банкі ў Эўропе падаюць адзін за адным. Можа, некаму не да таго, каб купляць. А танна мы не прадамо. У многіх банкаў у Эўропе такі пэрыяд, калі яны падлічваюць страты, мяняюць стратэгію. У іх вельмі цяжкі пэрыяд. Сёньня прадстаўнік “Сасьетэ Жэнэраль” вёў перамовы зь Пятром Пракаповічам з удзелам расейскіх калегаў, бо “Сасьетэ Жэнэраль” купіў расейскі банк “Росбанк”, а ў нас працуе даччын “Белросбанк”. Ён сказаў, што праблемы ў эўрапейскіх банкаў цяпер сур’ёзныя. Таму магчыма ўзяць паўзу на некалькі месяцаў”.

Паводле Леаніда Заікі, цяпер купляць беларускія банкі вельмі нявыгадна. І сёньняшні візыт прадстаўніка “Сасьетэ Жэнэраль” не вырашае ўсіх праблем.

“Гэта заручыны, можна дамовіцца, што ў нас будзе далей. Ну, а важным можа быць у сувязі з тым, што пэўныя лабісцкія групы робяць на гэта стаўку і разьлік. Бо ёсьць лабісты і нямецкія ў Беларусі, хто хацеў бы разьвіцьця супрацоўніцтва зь немцамі, нехта — з амэрыканцамі. А тут французы. Гэта нават такі цікавы паварот падзей”.

Паводле Філіпа Сітэрна, у студзені ў Менск пры падтрымцы “Сасьетэ Жэнэраль” прыедзе група францускіх бізнэсоўцаў для перамоў зь беларускімі дзелавымі коламі. Яны маюць азнаёміцца з умовамі вядзеньня бізнэсу ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG