Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” і “Наша ніва” вяртаюцца


Недзяржаўным газэтам абяцаюць адчыніць друкарні, уключыць іх у падпісны каталёг і сыстэму распаўсюджваньня Белсаюздруку.


“Нашай ніве” і “Народнай волі” сёньня з Адміністрацыі прэзыдэнта праз тэлефон паведамілі пра магчымасьць “вырашэньня праблемаў распаўсюду”. Газэты накіравалі адпаведныя лісты ў “Белпошту” і “Белсаюздрук”, паведамляе “Наша ніва”.

“З Адміністрацыі прэзыдэнта ў газэту “Наша ніва” тэлефанаваў Усевалад Янчэўскі”, – паведаміў шэф-рэдактар “НН” Андрэй Дынько.

Усевалад Янчэўскі – начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта.

“Вядуцца перамовы зь "Белсаюздрукам", "Аблсаюздрукамі" і "Белпоштай" пра тое, каб уключыць газэту ў падпісны каталёг і вярнуць яе ў шапікі. Пакуль дамовы не заключаныя. Мы даслалі ўсе неабходныя дакумэнты. Цяпер іх разглядаюць”, – дадаў спадар Дынько.

“Праблема ўскладняецца тым, што ў "Белсаюздруку" – сьвята, юбілей арганізацыі. Ім цяпер трохі не да нас”, – адзначыў ён.

“Рэдакцыя пакуль што ня мае ніводнага падпісанага дакумэнту”, — паведаміла "Свабодзе" шэф-рэдактарка “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

“Наша ніва” цытуе неафіцыйны ліст, накіраваны беларускімі ўладамі ў эўрапейскія структуры. У ім зьмешчана абяцаньне “забясьпечыць:

a) рэальную магчымасьць для недзяржаўных газэтаў “Народная воля” і “Наша ніва” друкавацца на тэрыторыі Беларусі;

б) вярнуць вышэйназваныя выданьні ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду і ўключыць іх у дадатковы каталёг “Белпошты”.

Пашанцавала ня ўсім

Рэдактарка газэты “Новы час” Аксана Колб паведаміла БалаПАН, што ў рэдацыю з прапановай вярнуцца ў сыстэму распаўсюду ніхто не зьвяртаўся. “Ніякіх званкоў, ніякіх прапановаў да нас не паступала. І мs пакуль таксама не накіроўвалі такія заявы з Белсаюздрук і Белпошту. Тым ня менш, мы гатовыя вярнуцца ў дзяржаўную сыстэму распаўсюду і пачаць падпіску”.

Рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк паведаміў, што напярэдадні адкрыцьця Менскага форуму, рэдакцыя атрымала адказ з Белпошты і Белсаюздруку пра тое, што выданьню адмовілі ў тым, каб уключыць у падпісны каталёг і ў распаўсюдзе. “Ніякіх іншых папераў і якіх-небудзь прапанова мы не атрымлівалі”, – заявіў С.Вазьняк.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG