Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наймальнік ня можа скарачаць працоўнага дня”


На Менскім аўтазаводзе некаторыя цэхі пераходзяць на скарочаны да чатырох дзён працоўны тыдзень. Некаторыя заводы спыняюць працу на некалькі дзён, як, напрыклад, БАТЭ, “Аўтагідраўзмацняльнік”, прадпрыемства “Гуматэхніка”.


Якія захады будуць рабіць у такой сытуацыі кіраўнікі прадпрыемстваў: зьніжаць заробкі альбо скарачаць супрацоўнікаў? Наколькі сёньня абароненыя правы найманых супрацоўнікаў? Ці мяняецца на прадпрыемствах стаўленьне да незалежных прафсаюзаў? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Якія найбольш папулярныя захады будзе рабіць кіраўніцтва заводаў – скарачэньне працоўнага тыдня, зьніжэньне заробкаў, звальненьне пэрсаналу? Як дырэктарат будзе рэагаваць на эканамічны крызіс, якімі мэтадамі?”

Ярашук: “Найперш гэта будзе скарочаны працоўны дзень і скарочаны тыдзень. Як вынік гэтага – скарочаныя і паменшаныя заробкі. Цягам апошніх дзён мне давялося пабываць у Бабруйску, Салігорску, Полацку – усюды склады затавараныя: Расея альбо не купляе прадукцыі, альбо купляе і не разьлічваецца. Кіраўніцтва прадпрыемстваў ужо скарыстоўвае скарочаны працоўны тыдзень, адміністрацыя паўсюль настойвае, каб працаўнікі ішлі ў адпачынак – чарговы і пазачарговы – і гэтак далей.

Цыганкоў: “Наколькі законнае зьмяншэньне заробку? Няўжо яго памеры не запісаныя дакладна ў кантракце альбо калектыўнай дамове? Наколькі заробак можа стаць меншым у сувязі з эканамічнымі праблемамі? У 2 разы меншым?”

Ярашук: “У тым і справа, што калі існуе якасная калектыўная дамова, а ня тое, што наймальнік прадыктаваў, а кішэнныя прафсаюзы падпісалі – то ў дадзеным выпадку наймальнік ня мае права скарачаць працоўны дзень і заробкі. Калі размова ідзе пра прынцыповасьць і незалежнасьць беларускай судовай сыстэмы, то яны павінны ў такіх спрэчках прымаць рашэньні на карысьць працоўных. Але можна прагназаваць, што адміністрацыя будзе ўсё тлумачыць “форс-мажорнымі абставінамі”. У канчатковым выпадку давядзецца многім цярпець і скарачэньне працоўнага дня і заробкаў – і ў выніку гэта будзе весьці да росту сацыяльнай напружанасьці”.

Цыганкоў: “З улікам такой пэрспэктывы – ці мяняецца на прадпрыемствах стаўленьне да незалежных прафсаюзаў?"

Ярашук: "Гэтае трошкі іншае стаўленьне мы адчуваем ужо цягам апошняга году, з таго моманту, як МАП і Эўразьвяз скасавалі гандлёвыя прэфэрэнцыі. З намі пачалі лічыцца. Гэта, аднак, ня кажа, што зусім прымірыліся з нашым існаваньнем.

Крызісная сытуацыя правакуе фармаваньне і зьяўленьне сапраўдных прафсаюзаў. Цяпер гэтая сытуацыя як момант ісьціны. І мы вельмі зацікаўленыя, каб сапраўдныя прафсаюзы ўзьнікалі, каб вялася рэальная барацьба за правы і інтарэсы працоўных".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG