Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Ян Махульскі


Выбітнаму польскаму актору, рэжысёру і выкладчыку, які быў вядомы беларускаму гледачу па культавым фільме “Ва-банк”, было 80 гадоў.

У маёй хатняй відэатэцы фільмы “Ва-банк”, “Ва-банк-2”, дзе грае Ян Махульскі, а рэжысэрам ягоны сын – Юліуш Махульскі, – на адным з найбольш пачэсных месцаў побач з фільмам “Біг Лебоўскі” братоў Коэн ці “Ніксан” Олівэра Стоўна.

Яшчэ некалькі дзён таму Юліўш Махульскі прыймаў у Варшаве ў Нацыянальным тэатры ўзнагароду, як рэжысёр найбольш папулярнай польскай камэдыі стагодзьдзя – “Сэксмісія”. У былым Савецкім саюзе гэты фільм, зь якога савецкая цэнзура выразала сцэны з жанчынамі “топлес”, зваўся “Новыя амазонкі”.

“Дзякую ўсім гледачам за галасы. Гэта стары фільм, і калі мы яго здымалі, дык ня думалі, што ён будзе такі папулярны. Але гэта значыць, што камэдыі варта здымаць!”

Між тым сам Ян Махульскі, найбольш вядомы беларускаму гледачу менавіта з “Ва-банкаў”, стваральнік і кіраўнік Варшаўскага тэатру “Ахота”, нярэдка быў чалавекам вельмі сур’ёзным.

Урывак з фільму "Ва-банк":

“Вы Генрык Квінта, найбольш знаны злодзей Рэчыпаспалітай?

Не, вы памыліліся. Я – музыка!”

Махульскаму пасавала роля “справядлівага злодзея” у сцэнаграфіі міжваеннага дваццацігодзьдзя, якое ў здымачных павільёнах у камуністычнай Польшчы ягоны сын адрадзіў зь вялікай дакладнасьцю і жаданьнем паказаць, што тады Польшча была больш польскай.

Махульскі меў шмат вучняў і любіў паўтараць, што студэнты, што вучацца на актораў, ужо на першых курсах павінны атрымліваць “вялікі ролі”, бо толькі тады можна дакладна вызначыць – будуць яны акторамі ад Бога, ці не.
XS
SM
MD
LG