Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты: месца паміж жонкай і палюбоўніцай


Фота з кнігі “Аляксандар Лукашэнка. Першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”. Подпіс пад фота — “Сям’я А.Р.Лукашэнкі”

Фота з кнігі “Аляксандар Лукашэнка. Першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”. Подпіс пад фота — “Сям’я А.Р.Лукашэнкі”

Якая роля ў жыцьці кіраўніка краіны адведзеная жонцы — яна надзейны сябра і памочнік ці своеасаблівы прадмет інтэр’еру? Чаму ў адных краінах сямейная здрада прэзыдэнта расцэньваецца як злачынства, а ў іншых прапагандуецца як законнае права першай асобы на легкадумныя ўчынкі? З кім бавяць непрацоўны час прэзыдэнты?

Летась скандальны расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў увасобіў у кароткамэтражным кіно вобраз чалавека, падобнага да Аляксандра Лукашэнкі. У выглядзе ненасытнага “дамскага ўгодніка” старшыня калгасу Лука не прапускае ніводнай даяркі, брутальна спраўляючы сэксуальныя патрэбы ў стозе саломы, у лесе і нават на фэрме. Фільм атрымаў назву “Бацькава шчасьце”, аднак быў замарожаны пасьля таго, як беларуская пракуратура паабяцала пачаць крымінальную справу супраць аўтара:

“У мяне ўсе фільмы, зьнятыя на палітыкаў, у пэўным сэнсе прароцкія. Паглядзіце хоць бы апошні пра Саакашвілі, які называецца „Мішыко“, альбо „Вясельле дачкі. Юлія-3“ зь Беркавай у ролі дачкі Цімашэнкі. Усе яны прароцкія, стужкі былі зьнятыя яшчэ да году, калі насамрэч адбыліся падзеі. Калі ласка, усё было прадугадана! Гэтак жа і ў выпадку з „Бацькавым шчасьцем“. Там таксама шмат рэчаў прароцкіх, хоць мы яго зьнялі больш за год таму. І цяпер я бачу, як разьвіваюцца нейкія рэчы, ужо дэталёва паказаныя ў гэтым фільме. Праўда, шлях стужкі да гледача пакуль зачынены. Скажам так, нас настойліва папрасілі ўстрымацца ад дэманстрацыі, і мы на нейкі час паклалі яго на паліцу. Але калі-небудзь ён усё ж выбухне”.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Міколам
Размовы пра дваістае сямейнае жыцьцё справакаваў сам Лукашэнка — пасьля таго як пазнаёміў беларускі народ з 5-гадовым сынам Мікалаем. Паколькі “пераемнік” узяўся фактычна зь ніадкуль, журналісты пачалі шукаць маці хлопчыка. Доўга губляцца ў здагадках не давялося, бо сам Лукашэнка прызнаўся: мама Колі — лекарка, пра якую кулюарна ведалі даўно. У прыватнасьці, згадваюць Ірыну Абельскую, якая пачынала асабістай лекаркай Лукашэнкі, потым была ўзьведзеная ў ранг кіраўніцы так званай “лечкамісіі”. Пасьля прызначэньня 19 лістапада кіраўніка Менскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтру Анатоля Талкачова ў Савет рэспублікі кажуць, што пад Абельскую рыхтуюць начальніцкае месца ў згаданай установе, дзе яна апошнім часам і працуе.

Тым часам у Рыжкавічах на Шклоўшчыне жыве афіцыйная жонка — Галіна Радзівонаўна Лукашэнка. У сярэдзіне 1990-х яна так і ня стала нават намінальна першай лэдзі Беларусі. У выніку апошнія паўтара дзясятка гадоў прэзыдэнт зь ёй не жыве, а спадкаемцаў, як прызнае сам, нараджае зь іншымі.

Вобраз “прэзыдэнта-мачо” прыкладаюць да сябе ня толькі ў Беларусі. Праўда, з розным посьпехам. Біл Клінтан, папярэднік Джорджа Буша на пасадзе прэзыдэнта ЗША, на ўласным досьведзе пераканаўся, як небясьпечна западаць на маладых практыкантак у краінах сталай дэмакратыі. Між тым можна толькі ўявіць, чаго каштавала энэргічнай Хілары Клінтан сувязь мужа з Монікай Левінскі. У такую ж сытуацыю загнаў сябе ўжо былы прэзыдэнт Ізраілю Мошэ Кацаў — яму, адрозна ад Клінтана, які публічна пакаяўся, скандал на эратычным фронце каштаваў пасады. Кацаў зьдзівіў сваёй актыўнасьцю нават бывалых эратаманаў — восем супрацоўніц абвінавацілі прэзыдэнта ў сэксуальных дамаганьнях.

Іншыя прэзыдэнты ў выбары паміж згаслым і новым каханьнем паводзяць сябе больш абачліва. Кіраўнік Францыі Нікаля Сарказі публічна прызнаў факт складаных дачыненьняў з жонкай і ўзаконіў стасункі з былой мадэлькай, а цяпер сьпявачкай Карлай Бруні.

Віктар Юшчанка з жонкай Кацярынай і дачкой Віталінай
Другі раз жанаты прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка. Кацярына нарадзілася ў сям’і эмігрантаў у Чыкага, зь Віктарам пазнаёмілася 15 гадоў таму. Вядзе дабрачынную і культурніцкую дзейнасьць. Яна старшыня Назіральнай рады Міжнароднага фонду “Украіна-3000”. У Віктара і Кацярыны трое агульных дзяцей і яшчэ двое — ад першай жонкі Юшчанкі. Як кажа супрацоўніца адной з кіеўскіх піяр-кампаній Уладлена, першы і другі досьвед Юшчанкі ў шлюбе — як неба і зямля:

“Яна, першая жонка, цалкам ударылася ў рэлігію. Прычым даўно, яшчэ нават да іхнага разводу. Старэйшыя дзеці — сын і дачка, якраз ад першай жонкі. Расказвалі, што калі хлопчык, цяпер сумна вядомы сваімі авантурамі Андрэй, яшчэ вучыўся ў школе, то маму ўвогуле не маглі знайсьці, яна ім зусім не займалася. Цалкам сышла ў рэлігію”.

Карэспандэнт: “Кацярына Юшчанка — зусім іншая?”

“Вельмі актыўная — і на сьвецкіх мерапрыемствах, і сама па сабе. І гэта апраўдана, бо яна добра адукаваная. Гэта ўвогуле той выпадак, калі глядзіш на жонку і разумееш: з дапамогай менавіта яе энэргіі і матывацыі — а не за амэрыканскія грошы, пра што ўвесь час гавораць, і гэта нішто іншае, як танныя чуткі — яна менавіта з шэрагу жонак, якія матывуюць на нешта. Таму што сам ён, такое ўражаньне, досыць лянівы, пасіўны і мяккі. А яна здольная ў ім падтрымліваць нейкі стрыжань. Добры вобраз — прынамсі, мне вельмі спадабалася — выдаў украінскі журналіст пасьля інтэрвію зь Юшчанкам. Калі глядзіш на Юшчанку, ягоную жонку і трох малых дзетак (пры тым, што самі яны людзі ўжо ва ўзросьце), то бачыш мужчыну зь вялікім чэлесам і жанчыну зь вялікімі грудзямі, якія хочуць мець дзяцей, а не займацца палітыкай. І каб не памаранчавая рэвалюцыя і нейкая асаблівая сытуацыя, то яны сядзелі б, умоўна кажучы, на сваёй пасецы і размнажаліся”.

Міхаіл Саакашвілі з жонкай Сандрай
А вось прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі часта характарызуюць як каўкаскага Казанову. З жонкай, галяндкай Сандрай Рулафс, яны раз-пораз зьяўляюцца на публіцы разам. Сандра мае свой бізнэс, зьвязаны з пастаўкамі тульпанаў з Галяндыі ў Грузію, вельмі актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных праграмах сумесна зь ЮНІСЭФ, фундуе вакцынацыю дзяцей ад розных захворваньняў, бярэ ўдзел у адкрыцьці новых мэдычных установаў, школаў. Аднак, як кажа супрацоўнік тбіліскага рэклямнага агенцтва “Паблісыз Зэнітопмэдыя” Ўсевалад Круцько, іх шлюб наўрад ці можна назваць узорна-паказальным:

“Насамрэч прэзыдэнт тут лічыцца гэткім дамскім угоднікам. З-за гэтага нават быў канфлікт з прэзыдэнтам Азэрбайджану, калі Саакашвілі дазволіў сабе досыць рызыкоўны жэст — паляпаў жонку азэрбайджанскага прэзыдэнта па мяккім месцы. У выніку дзьве краіны фактычна некалькі хвілінаў былі на мяжы міжнароднага канфлікту. Некаторы час сапраўды трымалася напружаная сытуацыя, пасьля чаго прэзыдэнт Грузіі мусіў адправіць азэрбайджанскаму калегу жарабца з суправаджальным лістом — маўляў, прашу прабачэньня за свае паводзіны. Паводле легенды, пацьверджанай высокімі асобамі, якія маюць доступ да Саакашвілі, у адказ прыйшоў ліст, акроплены крывёй — прабачэньні прынятыя. Аднак лічыцца, што вось такія паводзіны на мяжы фолу — цалкам у характары грузінскага мужчыны. То бок пачэсна быць вось такім джыгітам. І ў гэтым сэнсе ён клясычны прадстаўнік свайго народу”.

Джордж і Лора Буш,
Мішэль і Барак Абама
Знаўцы чалавечай псыхалёгіі сьцьвярджаюць: цяпер у сьвеце пераважае новае пакаленьне прэзыдэнцкіх жонак — разумных і сэксапільных. На зьмену незаўважным ценям — Лоры і Барбары Буш і Нэнсі Рэйган — у Белы дом рыхтуецца пераехаць стылёвая і рашучая Мішэль Абама. Сярод лэдзі новага ўзору — ня толькі эўрапейскія прыгажуні, як згаданая Карла Бруні-Сарказі ці жонка прэм’ер-міністра Славеніі Янэза Яншы Урска Бакоўнік — лекарка з дадзенымі мадэлі. У іх шэрагу і Асма, жонка прэзыдэнта Сырыі Башара Асада. Яна дыплямаваны спэцыяліст у галіне інфарматыкі. Да новай хвалі адносяць і жонку расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Сьвятлана Мядзьведзева нячаста зьяўляецца на публіцы, аднак добра вядомая як прапагандыст расейскай моды — сёлета яна падтрымала Фэстываль расейскага мастацтва ў Канах.

У той жа Расеі ёсьць прыклады зусім іншага стаўленьня да месца жонкі ў жыцьці першай асобы. Так, прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў, які ўжо мае сямёра дзяцей ад маладой жонкі, заявіў, што шукае яшчэ адну жонку, бо такое права дае яму Каран. Адпаведная прапанова была нават адрасавана адной з кенійскіх прыгажуняў, аднак дарункі ў выглядзе коней і бараноў пакуль засталіся без увагі. Калі ўлічыць, што ў мусульманскім гарэме можа быць да чатырох жонак, ня выключана, што ў Расеі зьявіцца першы прэзыдэнт-мнагажэнец.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG