Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зэльцэра ў шпіталі наведала супрацоўніца амбасады ЗША


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

20-га лістапада ў турэмным шпіталі 15-й магілёўскай калёніі прайшла сустрэча асуджанага грамадзяніна ЗША Эманула Зэльцэра з прэс-аташэ амбасады ЗША ў Беларусі Кэрэлайн Сэвідж. Паводле дыпляматкі, ёй ўдалося перадаць Зэльцэру лекі, якіх яго пазбавілі пасьля суду.

Прэс-аташэ амбасады ЗША Кэрэлайн Сэвідж паведаміла “Свабодзе” пра тое, як пачуваецца Эмануіл Зэльцэр.

“На жаль, ён па-ранейшаму ў вельмі дрэнным стане. Пакутуе ад боляў у нагах, і ў яго вельмі вялікі ціск. Дагэтуль яму не аказвалі неабходнага лячэньня, не давалі патрэбныя лекі, але нам удалося перадаць яму лекі, да якіх ён раней прызвычаіўся. Яшчэ мы абмеркавалі ягонае лячэньне з турэмным лекарам. Таксама амбасада працягвае ўзгадняць пытаньне пра агляд Зэльцэра незалежным доктарам”, — паведаміла Кэрэлайн Сэвідж.

Апошні раз спадарыя Сэвідж бачылася з Эмануілам Зэльцэрам яшчэ ўлетку, да суду, які прызнаў амэрыканца вінаватым у камэрцыйным шпіянажы і асудзіў яго на 3 гады калёніі.

Дарэчы, падчас той сустрэчы амэрынскі адвакат і распавёў пра тое, што ў турме КДБ яго зьбівалі, каб дамагчыся прызнаньня віны.

Сёньняшняя сустрэча праходзіла ў турэмным шпіталі магілёўскай калёніі № 15. Нагадаю, туды асуджаны патрапіў тыдзень таму адразу пасьля этапу зь менскага сьледчага ізалятара.

Ці будуць Зэльцэр і ягоны адвакат Гарачка спрабаваць далей абскарджваць прысуд? Паводле Зьмітра Гарачкі гэта магчыма толькі пасьля таго як на руках адваката будзе копія прусуду Зэльцэра, але з гэтым узьніклі праблемы.

“Судзьдзя адмовіўся даваць мне копію. Сказаў, паглядзець можаце, а копію ня даў. Гэта яўна незаконна, і я ужо абскардзіў дзеяньні судзьдзі Клімовіча ў скарзе на імя старшыні Менскага гарадзкога суду”.

Нагадаю, Эмануіл Зэльцэр быў арыштаваны 12-га сакавіка ў менскім аэрапорце. Паводле зьвестак, амэрыканскі адвакат прыляцеў у Менск, каб разабрацца са спадчынай памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Сваякі Зэльцэра ў Нью-Ёрку тлумачаць арышт і асуджэньне Зэльцэра ўмяшаньнем у справы расейскага алігарха-уцекача Барыса Беразоўскага, які нібыта прэтэндуе на частку спадчыны Патаркацышвілі. Барыс Беразоўскі гэтыя абвінавачаньні абвяргае. Пад пытаньнем застаюцца інтарэсы кіраўніцтва Беларусі ў гэтай спрэчцы.
XS
SM
MD
LG