Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Сталін

  • Міхаіл Раманоускі

Вячаслаў Ракіцкі<>

Вячаслаў Ракіцкі<>

Удзельнічае філёзаф Тацяна Процька, Эфір 20 лістапада 2008 году


“Іосіф Вісарыёнавіч Сталін (Джугашвілі) — савецкі дзяржаўны, палітычны
Тацяна Процька
і вайсковы дзеяч, генэральны сакратар Цэнтральнага Камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў), кіраўнік савецкага ўраду, генэралісімус. Зь ягоным імем зьвязваюць посьпехі ў эканамічным разьвіцьці СССР у 1930-я гады і перамогу СССР у другой усясьветнай вайне. З другога боку — з усталяваньнем дыктатарскага рэжыму, масавымі рэпрэсіямі, мільённымі людзкімі ахвярамі.

Грамадзкая думка ў Беларусі адносна Сталіна дагэтуль палярызаваная. Само слова “Сталін” зьяўляецца міталягемай. Сталін — звышчалавек, правадыр, Сталін — кат, злодзей, монстар. Савецкая намэнклятура называла яго “гаспадаром”, народ — “бацькам”. І аж да сёньня адны шлюць яму праклёны, іншыя — на яго моляцца”.


***

Вячаслаў Ракіцкі: “Сталін — адна зь некалькіх асобаў у гісторыі чалавецтва ХХ стагодзьдзя з найвышэйшай ступеньню міталягізацыі. Міт пра Сталіна існуе на ўсіх ўзроўнях беларускага грамадзтва. Дык што ёсьць праўдай у гэтым міце?”

Тацяна Процька: “Праўда, што 21 сьнежня 1879 году нарадзіўся і 5 сакавіка 1953 году памёр чалавек — Осіп Джугашвілі, які меў партыйны псэўданім Сталін. Праўда і тое, што крыху больш за 30 гадоў людзі лічылі гэтую асобу найвышэйшай, найлепшай чалавечай асобай, эталёнам дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, мудрым і справядлівым чалавекам, айцом народаў і проста правадыром. Яго называлі адзіным, незаменным, любімым і страшным. Аднак, у апошнім выпадку заўсёды дадавалася — для ворагаў страшным. Калі ў 1956 годзе сытуацыя пачала рэзка мяняцца, узьнікла іншая вэрсія — крывавы дыктатар, злачынца, хітры кат, душыцель і вынішчальнік народаў. Ён стаў ненавісным і страшным. Як бачым, са старога міту ў новы перайшла толькі адна якасьць — страшны чалавек. Я думаю, гэта і ёсьць рэальнасьць — страшны чалавек. Як правіла, менавіта такія людзі становяцца аб’ектамі легендаў і паданьняў”.

Ракіцкі: “Міт пра Сталіна фармаваўся стыхійна, падсьвядома, ці мэтанакіравана?”

Процька: “Носьбітам міту заўсёды зьяўляецца народ. Але
Ствараўся міт пра Сталіна кіроўнай у той час ідэалягічнай намэнклятурай камуністычнай партыі і, канешне, пры дапамозе творчай інтэлігенцыі — мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў, дзеячаў кіно
ствараўся міт пра Сталіна кіроўнай у той час ідэалягічнай намэнклятурай камуністычнай партыі і, канешне, пры дапамозе творчай інтэлігенцыі — мастакоў, паэтаў, пісьменьнікаў, дзеячаў кіно. Цікава, што ў стварэньні міту браў удзел і сам Сталін — ён строга сачыў за тым, каб зьвесткі зь ягонага рэальнага жыцьця ня сталі вядомымі, сам рэдагаваў сваю біяграфію “у патрэбным кірунку”. У тыя часы інфармацыйная прастора Беларусі была закрытая, нават больш, чым зараз, і гэта спрыяла распаўсюджваньню той формы міту, якую жадалі і партыйныя ідэолягі, і сам Сталін”.

Ракіцкі: “Ужо, напэўна, нават таму, што Сталін сам быў, так бы мовіць, кіраўніком стварэньня міту пра сябе, міт пра Сталіна — гэта не шараговы міт-легенда пра якога-небудзь героя-вызваліцеля ці злачынцу…”

Процька: “Так, міт не шараговы. Гэта — міт пра чалавека ўсемагутнага, які мог і аднаго чалавека пакараць, і цэлую нацыю. Ягонай волі падпарадкоўвалася воля мільёнаў. Калі праз пэўны час пасьля сьмерці Сталіна вучоныя і палітыкі пачалі асэнсаваньне таго, што адбывалася пры ягоным жыцьці, яны назвалі гэтую зьяву, гэты, так бы мовіць, звышміт культам асобы”.

Ракіцкі: “А калі, з чаго пачаўся гэты міт-культ?”


Процька: “Міт пачаў складвацца пасьля сьмерці Леніна ў сярэдзіне 1920-х гадоў. У тыя часы у кіроўнай частцы РКП(б) — ВКП(б) пачалася барацьба — кожная з груповак хацела стаць аднаасобна кіроўнай, бачыць перамогу сваіх ідэяў, свайго курсу. Для гэтага патрэбны быў лідэр, які б меў падтрымку дэлегатаў зьездаў, ЦК партыі, яе кіроўных органаў. Паколькі ў Сталіна не было якіх-небудзь цьвёрдых тэарэтычных перакананьняў (ён любіў уладу і толькі ўладу) ён спачатку падтрымаў “правых”, зь іх дапамогай выбіў лідэраў “левых” , скампрамэтаваў іх ідэі. Потым тое ж зрабіў з “правымі”. Акрамя таго, мне падаецца, узвышэньню Сталіна спрыяла нелюбоў да Троцкага значнай часткі партыйнага кіраўніцтва. І ў міце, і ў жыцьці Сталін зьяўляўся поўнай публічнай супрацьлегласьцю гэтаму свайму галоўнаму палітычнаму канкурэнту. Хаця ў палітыцы ў пэўным сэнсе ён быў пасьлядоўнікам галоўных ідэяў Троцкага, які прапанаваў гвалт, рэпрэсіі і тэрор як важныя і эфэктыўныя сродкі дзеля дасягненьня палітычных мэтаў бальшавікамі”.

Ракіцкі: “Міт пра Сталіна быў адным з самых найхутчэй створаных. Можа, таму, што яго існаваньне было патрэбным ня толькі самому Сталіну, але й ягонаму атачэньню?”

Процька: “У тагачасных людзей, як, дарэчы, і ў сучасных беларусаў, была пэрсаніфікаваная сьвядомасьць, гэта значыць, усе зьявы свайго жыцьця і жыцьця соцыюму яны зьвязвалі з пэўным чалавекам — царом, гаспадаром, проста героем. Новы час даў новых герояў і кіраўнікоў, была утвораная іх герархія. Сталін разам зь Леніным і Марксам узначалілі бальшавіцкі “гераічны алімп”.
Народу было лёгка перанесьці формулу “барін нас рассудіт” на — “за нас думае Сталін”
Народу было лёгка перанесьці формулу “барін нас рассудіт” на — “за нас думае Сталін”.

Ракіцкі: “У якіх формах існаваў і пашыраўся міт пра Сталіна?”

Процька: “Міт пра Сталіна меў розныя формы — народных паданьняў, паэтычных і празаічных твораў, песьняў, асабліва вайсковых, нават ў гімне СССР былі радкі “Нас вырастіл Сталін на верность народу, на труд і на подвігі нас вдохновіл”.

Ракіцкі: “А які канкрэтна зьмест міту?”

Процька: “Вельмі просты. З аднаго боку, Сталін — уяўленьне народу пра ўдалага кіраўніка, які дасягнуў улады, дзякуючы уласным якасьцям — розуму, сьціпласьці, любові да народу, уласнай ахвярнасьці, з другога — уяўленьне таго ж народу пра адмоўнага кіраўніка — хітрага, подлага, які жадае крыві. Я падкрэсьліла б цікавую асаблівасьць гэтага міту — ён наўпрост не зьвязаны ні зь якой сацыяльнай ці палітычнай тэорыяй, ні зь якой-небудзь канкрэтнай формулай камунізму (усім па ўласнай кватэры, бясплатны праезд на транспарце і іншае). Не, міт пра Сталіна -гэта міт пра жывога бога-чалавека, які адзін ведае, што для народу найлепш, што горш. Ён, як Бог, мае права караць і нават адабраць жыцьцё. Не выпадкова вернікі называлі яго антыхрыстам”.

Ракіцкі: “А зараз давайце пагаворым пра існаваньне гэтага міту ў Беларусі. Беларусь толькі рэтрансьлявала міт пра Сталіна? А мо ўносіла нейкія свае дадаткі і папраўкі ў яго? Як у Беларусі ставіліся да міту пра правадыра?”

Процька: “Розныя колы грамадзтва па-рознаму. Пераважная частка людзей верыла ў міт, нават тады, калі рэпрэсіі мелі свой пік, былі масавымі. На тыя часы сацыялягічных службаў не было, іх ролю выконвалі супрацоўнікі НКУС, робячы негалоснае апытаньне грамадзтва. У верасьні 1938 году людзі сказалі: Сталін зрабіў правільна, бо ворагі праніклі ў апарат кіраваньня і рабілі рэпрэсіі, вымушалі сеяць ў сьнег паводле разнарадкі, рабілі раскулачваньне і іншае. Рэальнасьць жыцьця ня шкодзіла міту, наадварот, ў пэўным сэнсе яго ўмацоўвала”.

Ракіцкі: “Была створана ў Беларусі свая сталініяна?”

Процька: “Канешне, была. Нашы вядомыя паэты таксама пісалі вершы і паэмы пра Сталіна і ягоныя справы. Узгадаю таксама такі цікавы жанр, як вершаваныя лісты вялікаму Сталіну. Зьмест ліста, які быў накіраваны Сталіну ад імя беларускага народу і 5 сьнежня 1936 году ўручаны на 8 зьезьдзе Саветаў у Маскве, пісаўся рознымі паэтамі. Тэкст быў вышыты рознакаляровымі шаўковымі ніткамі на 24 абшытых белым шоўкам лістах. Над гэтым творам, акрамя паэтаў Купалы, Коласа, Броўкі і іншых, працавалі яшчэ 70 майстрых-вышывальшчыц. Верш месцамі даволі няскладны: “Хай смутак вачэй тваіх ніколі ня росіць, ні сонейка захад ні сонейка ўсход! Прымі ж прывітаньне, якое прыносіць Табе, правадыр, беларускі народ! Ты — сонца для нас, што зямлю асьвяціла, І ласкай сагрэла палі, гарады. Ты рэк паўнаводных імклівая сіла, празрыстасьць крыніц — дарагі правадыр.” Вядомы таксама ліст да 70-годзьдзя Сталіна (1949 год): “Жыві ж, наш бацька любы, многа год. Прымі ж ад сэрцаў чыстых прывітаньне, што беларускі шле табе народ”.

Ракіцкі: “Што кіравала гэтымі людзьмі найперш? Страх, жаданьне быць бліжэй да ўлады, прага ўзнагародаў, матэрыяльныя выгоды?”

Процька: “А што сёньня кіруе? Аднак, заўважу, што былі і даволі шчырыя творы пра Сталіна. Але яны былі вельмі наіўнымі і неталенавітымі, таму папулярнасьці ў гэтых твораў не было. Быў і страх. Калі табе прапаноўвалі напісаць пра Сталіна, адмовіцца было немагчыма”.

Ракіцкі: Чаму Сталіна называлі менавіта бацькам? І, выглядае, не з іроніяй, а ўсур’ёз?

Процька: “Так, называць бацькам міталягічную асобу — народная традыцыя. Гэта вельмі падабаецца кіраўнікам, бо дае магчымасьць ствараць вобраз руплівага гаспадара, які клапоціцца пра ўсіх сваіх дзетак. Людзям таксама падабаецца, што пра іх клапоцяцца, гэта іх мара — мець кіраўніка-бацьку. Таму
Ажывіць міт пра Сталіна, даўшы мянушку „Бацька” іншай асобе, і сёньня падаецца ўдалым палітычным рашэньнем дзеля дасягненьня сталінскай стабільнасьці ў краіне”
ажывіць міт пра Сталіна, даўшы мянушку “Бацька” іншай асобе, і сёньня падаецца ўдалым палітычным рашэньнем дзеля дасягненьня сталінскай стабільнасьці ў краіне”.

Ракіцкі: “Сталін быў асуджаны і народам, і нават камуністычнымі ўладамі. Сёньня ўсе ведаюць пра ягоныя злачынствы. І ніхто не спрачаецца, што нават найвялікшай ідэяй не апраўдаеш сьмерць аднаго чалавека. А тут мільёны… Чаму са сьмерцю Сталіна, з яго асуджэньнем міт працягвае жыць?”

Процька: “У старажытным Рыме існаваў Закон аб асуджэньні памяці. Згодна з гэтым законам, новы імпэратар меў права наноў напісаць гісторыю папярэдняга кіраваньня. Хоць у СССР такога закона не было, асуджэньне памяці адбывалася даволі часта. Але станоўчы звышміт пра Сталіна пры ягоным жыцьці ня так лёгка было адразу разбурыць. Толькі праз тры гады ў лютым 1956 году на закрытым паседжаньні дэлегатаў ХХ зьезду КПСС Мікіта Хрушчоў распавёў частку праўды пра падзеі у краіне ў сталінскі час. З распаўсюджваньнем інфармацыі пра рэпрэсіі стаў фармавацца новы міт — пра Сталіна-ката. Але разбурэньне станоўчага міту пра Сталіна ажыцьцяўлялася ня доўга. А пасьля 1964 году яно наогул было спыненае. Да 1987 году сталінскі міт зноў быў станоўчым. У гэты год 28 верасьня была створаная Камісія Палітбюро ЦК КПСС “У дадатковым вывучэньні матэрыялаў, зьвязаных з рэпрэсіямі ў пэрыяд 30-40-х і пачатка 50-х гадоў”.

Ракіцкі: “Гэта — гістарычная праўда. Аднак, адмоўны міт працягвае жыцьцё, ці дакладней — жыве другім жыцьцём. Працягваецца і барацьба паміж двума мітамі. Чаму запатрабаваўся сёньня стары міт?”

Процька: “З аднаго боку, яны патрэбныя таму, хто жадае неабмежаванай адзінаасобнай улады. Гэтыя палітыкі стараюцца прыладзіць, паднавіць міт і празь яго быццам бы станоўчую сутнасьць надаць гістарычнае пазытыўнае бачаньне сваёй дыктатарскай палітыцы. Бо Сталін быў сапраўдным дыктатарам, нягледзячы на тое, што фармальна знаходзіўся на выбарчай пасадзе. З другога — тым, хто не жадае ўласнай адказнасьці ні за сваё жыцьцё, ні за лёс краіны. “За нас думае Сталін” (ці хто іншы) — вельмі зручная формула жыцьця для пэўнай часткі беларусаў”.

Ракіцкі: “А што сёньняшніх людзей можа прывабліваць у міце пра Сталіна?”

Процька: “Для мене асабіста — нічога. І для такіх, як я, людзей з дэмакратычнай сыстэмай каштоўнасьцяў таксама. Але на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, яшчэ ёсьць дастатковая колькасьць людзей, якія лічаць, што наяўнасьць чалавека, падобнага на Сталіна, у кіраўніцтве краінай, — вельмі станоўчая зьява. Быццам бы такога чалавека людзі любяць і таму слухаюцца, што спрыяе пасьпяховаму ажыцьцяўленьню рэформаў. Пры Сталіне паўсюль быў парадак. Са Сталіным на чале СССР стаў магутнай краінай, людзі пры Сталіне жылі заможна, цэны штогод зьніжаліся, а заробкі падвышаліся, чыноўнікі не былі замешаныя ў карупцыі, сталінская Канстытуцыя была самай дэмакратычнай на той час ў Эўропе — такія складнікі міталягемы “Сталін” працягваюць жыць. Тое, што я зараз пералічыла, можна назваць “лініяй Сталіна”. “Лінія Сталіна” — гэта сучасны выгляд міту”.

Ракіцкі: “Дык калі ўсё ж згіне міт пра Сталіна?”

Процька: “Пакуль людзі будуць, як калісьці ўсьлед за Леніным паўтараў Сталін, толькі шрубкамі дзяржаўнай сыстэмы, сталінскі міт будзе жыць. Бо, як гэта не абразьліва гучыць, сталінскі міт — міт “шрубкоў”, а ня тых, хто чалавечае жыцьцё лічыць галоўнай каштоўнасьцю, хто мае гонар і годнасьць свабодных людзей”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG