Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выхоўваць дзяцей няма каму


У Беларусі апошнім часам крыху ўзьнялася нараджальнасьць: зараз на 1 тысячу насельніцтва нараджаецца 11 немаўлятак. Сёлета толькі ў сталіцы на восем тысяч дашкольнікаў болей, чым 10 гадоў таму — прыкладна 90 тысяч. Цяпер нараджаюць дзеці “бэбі-буму” пачатку 1980-х. Ці ёсьць праблемы з уладкаваньнем у дзіцячыя дашкольныя ўстановы, ці ёсьць праблемы з кадрамі ў дзіцячых садках?

82% беларускіх дзетак да 6 гадоў наведваюць дзіцячыя ўстановы ў Менску. На 90 тысяч дашкольнікаў — 94 тысячы месцаў у садках. Вялікіх чэргаў, каб уладкавацца ў садок, быццам бы няма. Праблема зараз у іншым, кажа загадчыца аддзелу дашкольнага выхаваньня аднаго з раёнаў беларускай сталіцы:

“Новыя мікрараёны, якія цяпер будуюцца, дзе атрымліваюць кватэры маладыя сем’і, — там мы ня можам уладкаваць дзіця адразу каля дому. Прапануем дзіцячыя садкі за некалькі прыпынкаў. Натуральна, бацькі незадаволеныя, усе жадаюць уладкавацца бліжэй да дому”.

У Менску з садкамі найгорш у мікрараёнах Сухарава, Чырвоны Бор і Лошыца.
У Менску з садкамі найгорш у мікрараёнах Сухарава, Чырвоны Бор і Лошыца.
У Лошыцы 6 дзіцячых садкоў. Ёсьць чарга на месца ў садку менавіта ў Лошыцы, бо шмат хто з бацькоў вымушаны вазіць дзетак у раён камвольнага камбінату.

Вельмі абвастрылася іншая праблема — кадравая. У краіне не хапае ўжо больш за тысячу выхавальніц. Асабліва складаная сытуацыя ў Менску, кажа супрацоўніца раённага ўпраўленьня адукацыі сталіцы:

“У нашым раёне сёньня не хапае 150 выхавальніц. Зьмяшчаем абвесткі ў газэтах і інтэрнэце, зьвяртаемся ў цэнтар занятасьці, сёньня ўжо і Міністэрства адукацыі пайшло насустрач — абы ў чалавека была пэдагагічная адукацыя. Калі раней мы выбіралі, каб была ня толькі пэдагагічная, а дашкольная адукацыя, то сёньня абы пэдагагічная, мы ўжо бяром усіх у дзіцячыя садкі”.

Сёлета ў Менску ў садкі разьмеркавалі шмат выпускнікоў пэдунівэрсытэту і БДУ. Хто не хацеў ехаць працаваць настаўнікамі ў рэгіёнах, маглі застацца ў сталіцы і працаваць у дзіцячым садку. Тацяна сёлета скончыла аддзяленьне беларускай філялёгіі БДУ. Каб ня ехаць у Гомельскую вобласьць, згадзілася на дзіцячы садок. Сёньня Тацяна марыць:

“Два гады адпрацаваць і сысьці. Хаця б у школу. Заробак невысокі — увогуле, пражыць за такія грошы — нерэальна. Тым больш што жытла свайго няма, здымаю кватэру. І цяжкасьці: цяпер вельмі складаныя дзеці. У маёй групе амаль кожнае дзіця з 18 — адно ў сям’і. Яны проста разбэшчаныя. Мне пакуль вельмі складана…”

Чыноўніца ўпраўленьня адукацыі пералічыла прычыны дэфіцыту выхавальніц:

“І ў заробках справа. Скарацілі адпачынак — гэта таксама адна з прычын звальненьня. Але я асабіста лічу, што хтосьці дапусьціў вялікую памылку, закрыўшы пэдкаледж. Усё ж такі асноўная крыніца кадраў для садкоў была — пэдагагічны каледж. Пасьля інстытуту максымум 20 чалавек атрымалі разьмеркаваньне ў наш раён. Хто пайшоў у дэкрэт, хто кудысьці пераехаў, і засталося 5-6”.

Яшчэ горш з так званымі нянечкамі — памочнікамі выхавальніцы. Іх катастрафічна не хапае. Бракуе кухараў у садках. Таму ў беларускіх бацькоў цяпер іншы галаўны боль: ці ёсьць каму ў садку клапаціцца пра дзіця…


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG