Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Райцэнтар Бялынічы знаходзіцца ля трасы Магілёў-Менск. Здаецца, зьехаць адсюль у вялікі сьвет — не праблема.


Тут ёсьць вялікі аўтавакзал. Можна выйсьці на дарогу і прагаласаваць. Але для моладзевага актывіста, прадпрымальніка Алега Мяцеліцы падчас электаральных кампаній горад закрываецца ў прамым сэнсе слова. Гэты малады чалавек, расклейшчык улётак, арганізатар незалежных назіраньняў і сталы ўдзельнік палітычных акцыяў у сталіцы становіцца галоўнай мішэньню для мясцовых праваахоўных органаў. Часам даводзіцца пакідаць горад пад покрывам ночы, сыходзячы прасёлкавымі дарогамі і азіраючыся па баках. Як у кіно пра немцаў. А пачалася гэтая гульня ўвесну 2006-га.

Карэспандэнт: “Колькі супрацоўнікаў міліцыі працуе ўдзень і ўначы, каб ня выпусьціць аднаго чалавека за межы гораду?”

Алег:
“Пяць сутак тры зьмены, усе афіцэры, на машыне, яны мяняліся. Па два, па тры чалавекі было заўсёды. Ноч стаялі, у дзень мяняліся. Коля Халезін казаў: “Алег, калі б кожны на сябе адцягнуў столькі міліцыянтаў, іх тут было б меней. Ад тых людзей, ад якіх не чакаў... заўважыў, што яны працуюць. Даносячы, сочачы пад пад’ездам, на выездах. “Ён рухаецца туды”. “Ён выехаў у бок Менску”...

Стоячы на цэнтральным пляцы Бялынічаў, агромністым, пустынным і забудаваным аднатыпнымі дамамі хрушчоўскай эпохі, цяжка ўявіць, што яшчэ зусім нядаўна правінцыйныя Бялынічы выглядалі, як італьянская правінцыя. Дастаткова зірнуць на карціны Напалеона Орды, каб зразумець, якімі маглі б быць Бялынічы. Калі б касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармелітаў босых, пабудаваныя на пачатку 17 стагодзьдзя, дажылі да сёньняшняга дня, мы б мелі адзін з найцікавейшых барокавых ансамбляў. А так адзіным аздабленьнем пляцу служыць сучасная царква ў “ісконна-русскім” стылі. Мы стаім на пляцы з краязнаўцам Міхаілам Карпечанкам.

Карэспандэнт: “А вось гэтая царква?”

Міхаіл: “Яна пабудаваная ў 2001 годзе”.

Карэспандэнт: “На яе месцы таксама быў храм...”

Міхаіл:
“Не. Храм быў правей. Храм быў бачны за сорак кілямэтраў ад Бялынічаў. Ішлі паломнікі з Захаду, зь Менску, з Усходу. І за сорак кілямэтраў быў відзён храм. Здаецца, 38 мэтраў у вышыню. Гэты не ўзвышаецца, ён не дамінанта. А касьцёл — ён дамінантай быў”.

Цяжка не пагадзіцца са спадаром Міхаілам, які лічыць, што краязнаўства — такі ж важны складнік нацыянальнай сьвядомасьці, як мова. Але замінае гэтаму складніку страх.

Міхаіл: “Кожны чалавек у сваёй душы краязнаўца. Ён цікавіцца, хто быў яго дзед, хто быў яго прадзед. Чым яго род знакаміты, славуты. Таталітарныя рэжымы найперш распраўляюцца з краязнаўцамі. Мы памятаем, у дваццатыя гады шырокі розгалас набыло Беларускае краязнаўчае таварыства. У Бялынічах у 1926 годзе дзьве сэкцыі было. Пасьля наступілі трыццатыя гады. І, зразумела, першыя ўдары панесьлі сябры краязнаўчага таварыства. Некаторыя проста баяцца. “Былі ў маім родзе рэпрэсаваныя. Былі ў маім родзе паўстанцы”. І сёньня гэта выносіць. Хто яго ведае, чым гэта абернецца”.


Зрэшты, адзін будынак на пляцы вылучаецца сваёю нетыповасьцю. Ружовы, з псэўдагатычным франтонам зь вежачкамі. Гэта музэй жывапісца Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Толькі дзеля ягоных пэйзажаў у Бялынічах пабываць варта. Маладзенькая супрацоўніца музэю ласкава перайшла на беларускую мову.

Карэспандэнт: “Будынак даволі незвычайны”.

Супрацоўніца: “Тут і склад быў, і кінатэатар быў. А потым, у 1996 годзе, калі сьвяткавалі 125-годзьдзе з дня нараджэньня Бялыніцкага-Бірулі, было прынята рашэньне, каб адрэстаўраваць гэты будынак”.

Карэспандэнт: “Акрамя чыста музэйных функцый, у гэтых сьценах яшчэ нешта адбываецца?”

Супрацоўніца: “Канечне. Музэйныя заняткі, лекцыі, вечарыны, сустрэчы са знакамітымі людзьмі”.

Карэспандэнт: “А што за людзі знакамітыя?”

Супрацоўніца: “На жаль, гэтага чалавека ўжо няма. Але ён быў. Ермаловіч, тэатральны дзеяч. Пісьменьнікі прыдруцкага краю.


Валянцін Ермаловіч, рэжысэр, які шмат гадоў аддаў не аднаму народнаму тэатру, у інтэрнэт-шукалках фігуруе як родны брат гісторыка Міколы Ермаловіча. Хоць, на маю думку, для беларушчыны гэтыя людзі роўнавялікія. Прынамсі для Бялынічаў постаць Валянціна Ермаловіча культавая. Не было б Ермаловіча, не было б у Бялынічах беларускага тэатру юнага гледача. Дзе маладыя бялынічане знаёміліся з жывой культурай. Сёньняшні кіраўнік тэатру Зьміцер Кітаёў не бяз гонару лічыць сябе прадаўжальнікам справы Ермаловіча.

Зьміцер:
“Ён жа і зрабіў нам уплыў на беларускую літаратуру. Ён нас і вывеў на гэтую плынь. “Усё добра, але сваё заўсёды лепей”. І мы да гэтай пары гэтага прытрымліваемся. А ставілі ўсё, што толькі можна. І Макаёнка, і “Паўлінку”. Заслуга была Валянціна Ермаловіча, які прывіў сапраўдную традыцыю”.

А якія водгукі даводзіцца чуць рэжысэру пасьля спэктаклю?

Зьміцер: “Мала таго, што без антракту, дык яшчэ па-беларуску. Чэраз слова нічога не панятна. І чаму яны дзяцей учаць?” Наступны выходзіць. “Ну ладна. Па-беларускі, эта харашо. Но чо так доўга?” Трэці выходзіць. “Ой, лучшэ бы я зь дзяўчонкамі піва папіў”.

Карэспандэнт: “Ня крыўдна чуць такія?...”

Зьміцер: “Ведаеце, я вам адно скажу. Як бы там ні было, але тое, што яны прабылі да канца, тое, што ім хоць нешта спадабалася, — гэта ўжо вельмі добра. Гэта ўжо адзначае, што зьявілася ў людзей цікавасьць да тэатру. Значыць, нешта ў душы варушыцца...”

Спадар Кітаёў асьцярожна не ўзгадаў адзін спэктакль. Паводле п’есы Міхаіла Карпечанкі “Канвеер”. Прысьвечаны сталінскім катам. Пастаўлены Ермаловічам у сярэдзіне 90-х гадоў. І які чамусьці доўга не пражыў на аматарскай сцэне.

Міхаіл: “Яго паказвалі, гэты спэктакль, разоў пятнаццаць. У Менск вазілі, па вёсках вазілі”.

Карэспандэнт: “Мне здаецца, што гэтую тэму ізноў намагаюцца замаўчаць, абысьці. Тэму сталінскіх рэпрэсіяў. Прайшло гадоў восемдзесят...”

Міхаіл: “Зьміцер, каму хочацца выносіць, абмяркоўваць тое, што ён натварыў? Мы перажываем эпоху дзяцей, унукаў, праўнукаў старшыняў камбедаў. Гэта мэнтальная сытуацыя. Мне згадваецца такі прыклад. Княгіня Язерская выбрала шэсьць юнакоў, за свой кошт навучыла грамаце і адправіла ў Піцер. Па адукацыю. Яны далучыліся да рэвалюцыйнага руху. І ў сямнаццатым годзе яны вярнуліся і пачалі ўсталёўваць савецкую ўладу. Яны расьсеклі гэтую княгіню на часткі, і ў начоўках яна ляжала. Гэта ўсё да пытаньня камбедаўцаў”.

А зараз вернемся да Алега Мяцеліцы, які на сваёй скуры даведаўся, які ён — лёс героя-падпольшчыка.

Карэспандэнт: “А ў чым сэнс гэтай гульні “Зарніца”? Погляды чалавека вядомыя, пазыцыя вядомая. У чым сэнс сачыць, куды Алег паехаў, у які пад’езд ён зайшоў і ў якой краме ён набывае хлеб?”

Алег: “Зарніца” — гэта тое слова, якое я выкарыстоўваю. Вельмі цікава і ад цябе, Зьміцер, гэта чуць. Я думаю, што ўсё ж яна дзейнічае на людзей. Паказаць людзям, што яны ўсё кантралююць татальна. Што яны ўсё могуць. І што б вы ні рабілі, ваш крок вядомы. І ўсё, што захочам, мы зробім. Магчыма, каб у людзей выбіць нейкую глебу з-пад ног, упэўненасьць, што нешта можна зьмяніць”.

Алег: “Вось як так сталася, што я стаў на гэты шлях? У 2004 годзе працую я ў Доме быту, у краме там у сябе. І дзяўчына, якая скончыла школу, прыйшла і са мной па-беларуску размаўляла. Я падумаў, нічога ў іх не атрымаецца. Гэтая зямля, нягледзячы ні на што, нараджае і нараджае людзей зьнянацку. А ў Бялынічах наважыцца размаўляць па-беларуску, мець сваю пазыцыю, гэта вельмі цяжка. Асабліва маладому чалавеку. Трэба мець нейкую мужнасьць у пэўным сэнсе. І такіх прыкладаў шмат. Нягледзячы ні на што. Яны нараджаюцца і нараджаюцца, такія людзі. Гэтая зямля родзіць такіх людзей”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG