Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі больш за 32 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі. Каля 23 тысяч беларускіх сірот пражываюць у сем’ях, палова зь якіх – апякунскія. І ўсё ж для 9 тысяч дзяцей родны дом – інтэрнат. Пакуль дзяржава пабудуе абяцаныя дзіцячыя вёскі, створыць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, многія зь іх вырастуць.

Летась беларускія сем’і ўсынавілі 539 дзяцей. За першае паўгодзьдзе 2008 года усынавіцелі забралі з сіроцкіх установаў 296 дзетак. У параўнаньні з папярэднімі гадамі гэта заўважны прагрэс – у 2000 – 2006 гадах беларусы ўсынаўлялі па 330 – 360 дзетак штогод. Але гэта мізэрна мала, калі ў краіне 9 тысяч падлягае ўсынаўленьню. Дырэктар Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Натальля Пасьпелава кажа:

“Калі дзіця стане даступнае для ўсынаўленьня ў адзін годзік, то я вам гэта ўсынаўленьне гарантую на наступны дзень. Большасьць усынавіцеляў хочуць выбраць дзетак зусім маленькіх. Пяці – шасьці – дзесяцігадовыя дзеці асабліва нікому не цікавыя, таму гэта дзіця гадуецца ў прытулку, у інтэрнаце”.

У краіне 95% дзяцей-сірот атрымалі сіроцкі статус пры жывых біялягічных бацьках, і іх выхаваньне і ўтрыманьне ўзяла на сябе дзяржава. Таму для дзетак больш старэйшага ўзросту найбольш спрыяльны варыянт – трапіць у апякунскую альбо прыёмную сям’ю. Начальнік аддзелу сацыяльна-пэдагагічнай працы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Галіна Рудзянкова кажа, што апошнім часам сытуацыя паляпшаецца:

“Калі раней зь дзяцей, якія сталі сіротамі – раней выяўлялася прыкладна 4700 сірот, даходзіла нават да 5 тысяч у год – зь іх на выхаваньне ў сем’і ўладкоўвалася 50% дзетак, астатнія станавіліся выхаванцамі інтэрнатаў, то сёньня ў інтэрнатах застаецца ўсяго ад 15 да 20% у залежнасьці ад рэгіёну”.

У верасьні на прэсавай канфэрэнцыі для журналістаў расейскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “хоча цягам пяці гадоў закрыць ўсе дзіцячыя дамы і перасяліць дзяцей ў дзіцячыя вёскі”. Паводле ягоных словаў, дзіцячыя дамы – гэта “казармы для дзяцей”. У Беларусі па лініі «SOS-Дзіцячая вёска” фінансуецца 10 праектаў. Дзьве дзіцячыя вёскі ўжо працуюць ў Бараўлянах і Мар’інай Горцы – там жыве каля 200 дзетак. Трэцяя будуецца пад Магілёвам. Каб уладкаваць амаль 9 тысяч беларускіх дзяцей, што падлягаюць усынаўленьню, такіх вёсак трэба як мінімум 90.

Зараз рэзка скарацілася колькасьць усынаўленьняў замежнымі грамадзянамі. Гэта зьвязана з новымі правіламі для замежных усынавіцеляў: патрэбны пісьмовы дазвол міністра адукацыі, узгадненьне працэдуры на міждзяржаўным узроўні, кантроль за пражываньнем дзіцяці ў замежнай сям’і з боку беларускай амбасады. Гэтыя захады зьявіліся пасьля гучнай гісторыі зь Вікай Мароз, якую так і не адпусьцілі ў італьянскую сям’ю, і якая зараз жыве ў апякунскай сям’і ў Жодзіне. Летась замежнікі ўсынавілі 16 беларускіх дзетак, сёлета за першае паўгодзьдзе толькі трох, дарэчы, у Італію. Для параўнаньня: 5 гадоў таму замежнікі ўсынаўлялі па 700 дзетак у год.

XS
SM
MD
LG