Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 лістапада ў Слоніме пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр Алег Лойка. Знанаму беларускаму паэту і літаратуразнаўцу, адкрывальніку і выхавальніку некалькіх пакаленьняў айчынных літаратурных талентаў ішоў 78-ы год.


На кнігах Алега Лойкі вучылася некалькі пакаленьняў беларускіх студэнтаў. Ён пакінуў па сабе ўдзячную памяць усіх тых, каму выпала ня толькі чытаць, а і слухаць прафэсара філфаку Белдзяржунівэрсытэту. Гаворыць паэт і краязнаўца са Слоніму Сяргей Чыгрын:

“Гэта быў любімы прафэсар усяго майго курсу. Ён вельмі цікава праводзіў лекцыі. У яго не было трафарэтных, зьбітых лекцый, у яго былі лекцыі-спэктаклі, лекцыі-пастаноўкі, на якія ўсе зь вялікім задавальненьнем ішлі”.

Многія зь ягоных выхаванцаў сталі вядомымі ў краіне літаратарамі і дасьледчыкамі, у тым ліку і творчае спадчыны свайго настаўніка. Працягвае паэт і кнігаскладальнік Міхась Скобла.

“У 2003 годзе Алег Антонавіч выдаў апошнюю прыжыцьцёвую кнігу. І так ужо сталася, што яна мела парадкавы нумар 100. Роўна сто кніг выдаў паэт, навуковец, перакладчык, выкладчык, прафэсар Алег Лойка. Асабліва хацелася б адзначыць яго двухтомную анталёгію польскай паэзіі “Напярэймы: ад Бугу да Варты”, куды ўвайшлі вершы ста васьмідзесяці паэтаў. З такім размахам у нас яшчэ ніхто не перакладаў. Я схіляю галаву перад стакніжжам Алега Лойкі. Гэта велізарная праца. Яна была пад сілу толькі чалавеку, які не шкадаваў сябе, які меў заданьне неба, і ён гэтае заданьне выканаў”.

За месяц да свайго сыходу Алег Лойка адправіў у выдавецтва рукапіс сваёй апошняй, сто першай кнігі — гэта ўспаміны пра Ўладзімера Караткевіча.

Слова разьвітаньня калегі, прафэсара філфаку БДУ Вячаслава Рагойшы:

“Калі ўзяць яго іпастась як вучонага, ён адзін стварыў гісторыю беларускай літаратуры да пачатку дваццатага стагодзьдзя, зрабіў тое, што звычайна робіць цэлы калі не інстытут, то аддзел інстытуту літаратуры. Адным словам, куды ні глянь — там сьветлы сьлед Алега Антонавіча Лойкі. Яго нікім не замяніць. Разам з тым мы павінны і ганарыцца, што ў нашай літаратуры і культуры быў такі чалавек, па сутнасьці геній”.

Пахаваны Алег Лойка будзе ў пятніцу 21 лістапада ў родным Слоніме, дзе жыў апошнія гады. У яго засталіся дачка Антаніна, сын Павал і ўнукі Віталь, Алег і Надзея.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG