Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: старшыня й сакратар участковай камісіі не зьявіліся ў суд


Іван Шэга

Іван Шэга

У Слонімскім раённым судзе разглядаецца пазоў былога кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі да старшыні й сакратара Чкалаўскай участковай выбарчай камісіі № 17.

Сёньня ні старшыня камісіі, ні сакратар на паседжаньне суду не зьявіліся. У Беларусі такі судовы працэс адбываецца ўпершыню.

Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў Іван Шэга, кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Слонімскай выбарчай акрузе № 58, высьветліў, што на адным з участкаў за яго прагаласавала болей, чым было запісана ў пратаколе.

Разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы ён абышоў выбарнікаў, і болей за 60 чалавек пісьмова засьведчылі, што галасавалі за яго, а афіцыйная лічба казала толькі пра 21 голас.

Іван Шэга падаў скаргу ў абласную пракуратуру й зьвярнуўся ў суд з пазовам на 20 мільёнаў рублёў да старшыні й сакратара камісіі.

Сёньня адказчыкі ў суд не зьявіліся, спаслаўшыся на занятасьць. Іван Шэга, у сваю чаргу, унёс хадайніцтвы.

Шэга: “Каб дапыталі каля 60 выбарнікаў з тых вуліц, якія адносяцца да таго выбарчага ўчастку. Яны далі згоду абнародаваць таямніцу свайго галасаваньня ў судзе”.

На сёньняшнім паседжаньні суд задаволіў хадайніцтва Івана Шэгі — перанесьці працэс, каб ён адбываўся ў прысутнасьці адказчыкаў.

Іван Шэга схільны лічыць, што адказчыкі сёньня не зьявіліся ў суд невыпадкова.

Шэга: “Такіх спраў яшчэ суды не разглядалі, і я думаю, што ўсё заранёў было распрацавана, каб сёньня суд даў заключэньне, што мой пазоў ня мае падстаў”.

Судовае паседжаньне перанесена на 3 сьнежня. Нагадаю, што Іван Шэга падчас галасаваньня набраў, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 24% галасоў выбарцаў. Ягоны супернік, старшыня Слонімскага райвыканкаму Мечыслаў Касьцюк, які стаў дэпутатам, атрымаў звыш 60%.

Міхал Карневіч, Горадня

Далучаны файл -здымак І. Шэгі


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG