Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня найбуйнейшы ў краіне банк — “Беларусбанк” — павялічыў працэнты па крэдытах. У прыватнасьці, вырасьлі стаўкі крэдытаў на будаўніцтва жыльля. Той, хто ня мае права на льготнае крэдытаваньне, цяпер пры заключэньні дамовы будзе плаціць 20% гадавых “за фактычны час карыстаньня крэдытам”.


Статыстка сьцьвярджае: самы папулярны крэдыт у насельніцтва — на спажывецкія патрэбы тэрмінам да трох гадоў. Да 19 лістапада, каб атрымаць такую пазыку, трэба было плаціць 17% гадавых у беларускіх рублях. Што тут зьмянілася? — цікаўлюся ў “Беларусбанку”. У адказ чую:

“Цяпер за такі крэдыт трэба будзе плаціць ужо 19% у беларускіх рублях”.

Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскі, адказваючы “Свабодзе”, назваў такія дзеяньні “абаронай нацыянальнай валюты”:

“Зьмяншаючы попыт на свабодныя грошы, банкі такім чынам ствараюць як бы абарону, каб быў меншы попыт на валюту. Дзеля гэтага ж укладчыкі ў беларускіх рублях атрымліваюць у банках большыя працэнты. А па-другое, тым, хто раней меў магчымасьць браць свабодна грошы ў крэдыт, цяпер гэта зрабіць будзе цяжэй. На той жа імпарт, напрыклад. Бо зваротная плынь імпарту — сыход грошай”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук ацэньвае дзеяньні “Беларусбанку” ды іншых банкаў як “звычайныя ў такіх умовах”:

“Відавочна, што калі ў краіне інфляцыя складае мінімум 17%, то крэдыты ня могуць быць меншымі за ўзровень інфляцыі, бо ў гэтым сэнсе банк крэдытуе насельніцтва, прадстаўляе яму датацыі. Я думаю, што насамрэч людзі будуць плаціць яшчэ болей, чым тыя лічбы, што называюць банкі. Бо яшчэ ёсьць плацяжы па абслугоўваньні крэдытаў, ёсьць яшчэ рэчы, зьвязаныя з тым, каб зьняць грошы. Гэта — адлюстраваньне таго, што фінансавы крызыс дайшоў да Беларусі. Грошы становяцца даражэйшымі, адсюль і павышэньне ставак. А гэта прыводзіць да таго, што людзей, якія змогуць браць крэдыты на жыльлё і на закуп розных тавараў, стане менш”.

Спадар Раманчук прагназуе новыя падвышэньні ставак крэдытаў:

“2% — гэта толькі сёньня. Некаторыя банкі наагул ужо не крэдытуюць, бо ня маюць сродкаў. А 2% — гэта каб не запалохаць людзей. Бо калі падвысіць стаўку адразу на 5—10 працэнтных пунктаў, дык гэта будзе сыгналам, што сытуацыя наагул вельмі дрэнная”.

Дэльтабанк падвысіў стаўкі па крэдытах ад 9—12% гадавых да ўзроўню 21—23%

Беларускі народны банк прыпыніў выдачу крэдытаў.

Парытэтбанк прыпыніў разгляд новых крэдытных заявак, разглядаюцца пададзеныя раней.

Сомбелбанк дакумэнты на разгляд прымае. Але крэдытаў пакуль не выдае.

Белаграпрамбанк крэдыты выдае часова толькі ў беларускіх рублях, выдача валютных крэдытаў прыпыненая.

Прыёрбанк выдае крэдыты толькі ў валюце. Выдача рублёвых крэдытаў прыпыненая.

Белросбанк падвысіў стаўкі па спажывецкіх крэдытах у беларускіх рублях да 20%, у валюце — да 18%, паведамляе infobank.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG