Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнікі міністра ўнутраных спраў, судзьдзі Цэнтральнага суду, галоўны ўрач шпіталя МУС і шэраг чыноўнікаў, прозьвішчы якіх назваў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, дагэтуль застаюцца на сваіх пасадах.


Невядома, калі і якім чынам будзе праводзіцца праверка іх дзейнасьці, а таксама — ці будзе ўвогуле створана камісія для расьсьледаваньня тых фактаў, якія агучыў кіраўнік дзяржавы 13 лістапада.

Зь пералічаных службовых асобаў, якія, паводле кіраўніка дзяржавы, спрычыніліся да карупцыі, пакуль звольненыя толькі намесьнік генэральнага пракурора Мікалай Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір. Супраць іх распачалі крымінальную справу аб злоўжываньні службовым становішчам.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы вядзе пракуратура. Там адмаўляюцца даваць журналістам хоць якую-небудзь інфармацыю пра ход справы. Нават не паведамляюць, якую меру стрыманьня абралі ў дачыненьні да былых пракурораў.

“Наша афіцыйная пазыцыя — мы не даем камэнтароў у гэтай справе”, — паведаміў старшыня аддзелу інфармацыі Генадзь Вярцінскі.

Нагадаем: 13 лістапада на нарадзе, прысьвечанай барацьбе з карупцыяй, кіраўнік дзяржавы заявіў, што Міхаіл Сьнягір незаконна набыў кватэру ў элітным доме па цане, значна ніжэйшай за яе кошт у паўмільёна даляраў. Роля Мікалая Купрыянава зьвялася да таго, што ён нібыта ведаў пра справы абласнога пракурора і ўсяляк яму спрыяў.

Між тым сёньня Анатоль Зубоўскі, старшыня праўленьня швэдзка-беларускай кампаніі, якая валодала спрэчнай кватэрай, даслаў на tut.by ліст, у якім сьцьвярджае, што Міхаіл Сьнягір цалкам разьлічыўся зь фірмай і заплаціў за кватэру 250 тысяч даляраў. Што ж тычыцца нібыта пакрыўджанага сп.Сідаровіча, які арандаваў гэтую кватэру, то старшыня праўленьня ўпэўнены, што менавіта ён адыграў нэгатыўную ролю ў гэтай справе.

Між тым згаданыя ў прамове Аляксандра Лукашэнкі намесьнікі міністра ўнутраных спраў Аляксандар Шчурко, Віктар Філістовіч, судзьдзі Алена Ільіна, Валеры Есьман, Тацяна Паўлючук, былыя намесьнікі міністра МУС Радзюкевіч і Глухоўскі, дырэктар Дэпартамэнту фінансаў і тылу Мельнікаў, дырэктар Дэпартамэнту ў справах міграцыі Іванчыкава і яшчэ некалькі службовых асобаў працягваюць выконваць свае абавязкі.

У Міністэрстве ўнутраных спраў адмовіліся адказаць, ці ідзе праверка фактаў карупцыі сярод намесьнікаў міністра. Вядома, што 17 лістапада адбылася нарада, на якой міністар Навумаў паведаміў, што будзе створана камісія і да канца лістапада яна агучыць вынікі праверкі.

Намесьнік старшыні Савету бясьпекі Аляксандар Канавалаў заявіў, што супрацоўнікі яго ведамства не ўваходзяць у склад камісіі.

“Нам гэтае даручэньне, тое, што тычылася намесьнікаў міністра, нам гэтае даручэньне не давалася. Тым службовым асобам было вызначана, якім даручалася. Мы не праводзім праверку. Там, здаецца, ужо была паведзена праверка”.

У Камітэце Дзяржкантролю на пытаньне, ці створана камісія і ці будзе наагул праводзіцца праверка, празь некалькі гадзінаў адказалі:

“Мы гэтую інфармацыю ніяк не камэнтуем. Адказаць на гэтае пытаньне ня можам”, — паведаміў кіраўнік аддзелу інфармацыі КДК Кірыл Данілаў.

Судовыя рашэньні ў справах аб аспрэчваньні валоданьня кватэрай у доме № 2 на вуліцы Грыбаедава адмененыя як незаконныя. Цяпер, паводле заканадаўства, будуць новыя судовыя разборы, і весьці гэтыя працэсы будуць іншыя судзьдзі.
XS
SM
MD
LG