Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі прынцып – адзін алькаголік на сто чалавек


Пра дагляд дзяцей нядбайных бацькоў учора гаварылі ў Магілёўскім гарвыканкаме. Адмысловай нарадай, прысьвечанай выкананьню дэкрэта прэзыдэнта “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей зь нядобранадзейных сем’яў”, кіраваў старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. У ёй узялі ўдзел кіраўнікі гарадзкіх адукацыйных, сацыяльных ды праваахоўных органаў.


На спэцыяльнай нарадзе ўчора было заяўлена, што бальшыню нядбайных бацькоў удалося працаўладкаваць, аднак спагнаць зь іх сродкі на ўтрыманьне дзяцей не ўдаецца. З плянаваных амаль двух мільярдаў рублёў спагнана толькі 64%.

“Людзі такога пляну без прахадной працаваць ня будуць. Запомніце. Ім патрэбная прахадная. Вакол ЖЭУ, на жаль, прахадных няма. Ён трымаецца адной вуліцы. Ён вакол крамы й мяце”, — казаў сваім падначаленым Віктар Шорыкаў.

У Магілёве прымусова працаўладкоўваюць паводле прынцыпу: адзін алькаголік на сто чалавек, якія працуюць на прадпрыемстве.

Кіраўнікі прадпрыемстваў з прахаднымі, аднак, неахвотна бяруць такіх людзей на працу, бо рабіць тыя ня хочуць.

Сёлета ў Магілёве 81 чалавек пазбаўлены бацькоўскіх правоў і 93 дзіця ўзятыя пад апеку дзяржавы. 179 даўжнікоў у вышуку. 466 дзяцей знаходзяцца ў нядобранадзейных сем’ях. 1209 чалавек штомесяц прымусова аплачваюць утрыманьне сваіх дзяцей.
XS
SM
MD
LG