Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“53 рубцы на сэрцы Аляксандра Лукашэнкі”


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Сёньня Аляксандар Старыкевіч разважае пра заяву Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію газэце “Financial Times” адносна таямнічага зьнікненьня восем гадоў таму сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Зьмітра Завадзкага.


“Аляксандар Лукашэнка ня згадваў пра нашага калегу Зьмітра Завадзкага шмат гадоў. І вось прагучала чарговая ягоная заява на гэты конт.

Цытата:

“Дзіма Завадзкі зьяўляецца найвялікшай ранай для мяне, як для прэзыдэнта. Ён быў сумленны і прыстойны чалавек, які наагул ня меў сувязяў з палітыкай. Суд вынес вэрдыкт у гэтай крымінальнай справе. І чалавек за выкраданьне асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Але для мяне больш важна знайсьці яго, або калі ён мёртвы — ягонае цела”.


Гэта адказ на пытаньне газэты "Financial Times” — інтэрвію з Лукашэнкам яна надрукавала толькі што. І вось чамусьці раптам у Лукашэнкі ўзьнікае сумнеў у тым, што суд быў справядлівым і асудзілі таго, каго трэба…

Чаму ён наагул дапускае магчымасьць, што Зьміцер Завадзкі жывы, і тым больш чаму ў гэтым выпадку ён зьбіраецца прасіць у яго прабачэньня на каленях? За што?

Мяркую, пытаньне “Financial Times” для Лукашэнкі ў пэўным сэнсе было нечаканым. Справа Завадзкага даўно сьпісаная ім у архіў.

Пры тым, улічваючы магчымасьці нашых праваахоўных органаў, калі яны схапілі злачынцу — Ігнатовіча, абвінавачанага ў выкраданьні Завадзкага, то няма сумневу: пры жаданьні маглі б дазнацца, што менавіта Ігнатовіч зрабіў з Завадзкім… Маглі б дазнацца законнымі ці незаконнымі мэтадамі…

Чаму ж гэтага не зрабілі — не захацелі?

А цяпер застаецца толькі гаварыць пра тое, што Дзіма Завадзкі — найвялікшая рана для Лукашэнкі…

Хачу толькі прыгадаць: падобных заяваў у прэзыдэнта было досыць і зь іншых нагодаў.

Чаго вартыя толькі “52 рубцы на сэрцы” — пра іх Аляксандар Лукашэнка заявіў у зьвязку з трагедыяй на Нямізе, якая адбылася амаль 10 гадоў таму.

Ці не зашмат рубцоў на сэрцы?

І ці не зашмат пытаньняў да нашай улады?”


Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. На пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі далі падставы для стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.

Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць.

У 2004 годзе А.Старыкевіч і ягоная газэта “Салідарнасьць” сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтру “за ўклад у забесьпячэньне свабоды слова”, а ў 2006 г. атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.

XS
SM
MD
LG