Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка будзе будаваць канцлягеры для п’яніцаў"


Слухачы “Свабоды” камэнтуюць ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі пра стварэньне працоўных лягераў для нядбайных бацькоў, міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы.


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў кожнай вобласьці трэба стварыць працоўныя лягеры для нядбайных бацькоў, якія ня хочуць сплачваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманьне дзяцей. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

“Лукашэнка будзе будаваць канцлягеры для п’яніцаў. А ён жа сам вінаваты. Вось яму наладжваньне сьвятаў розных: Дажынкі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасьці, Дзень гораду і гэтак далей. Спаіў моладзь і ўвесь народ, а зараз ён усіх вінаваціць. А паглядзіце, колькі наркаманаў, і ўсё гэта толькі пачатак. Бо ўся моладзь п’е ў пад’ездах. Адным толькі півам ён спаіў маладых людзей”.

Міжнародны фінансавы крызіс і ягоныя праявы ў Беларусі — тэма наступных тэлефанаваньняў.

Яцкевіч, Віцебск: “Тут усе нешта гадаюць, ці будзе ў нас крызіс, ці не закране. Даражэнькія, закране, бо ўсё ўзаемазьвязана. Нас гэты крызіс абавязкова закране, і будуць вялікія цяжкасьці”.

Валеры, Барысаў: “Першыя рысы фінансавага крызісу ўжо ёсьць: пастанова пад нумарам 165. Яна забараняе папярэднюю аплату тавару. Гэта можа парушыць дамовы і згоды паміж партнэрамі гаспадараньня і іх уклад. І нашая эканоміка пачне працаваць на склад”.

Індывідуальныя прадпрымальнікі рыхтуюцца да страйку, мітынгу і шэсьця, якія маюць адбыцца ў Менску 10 і 15 сьнежня. З гэтай нагоды пытаньне слухача:

Вадзім Сяргей, Менск: “Ці атрымалі прадпрымальнікі дазвол ад уладаў на правядзеньне акцыі 10—15 сьнежня? Сам маю намер туды пайсьці, каб падтрымаць прадпрымальніцкі рух”.

На пытаньне адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў:

“На 10 сьнежня абвешчаны страйк прадпрымальнікаў, і на страйк мы ніколі не пыталіся ва ўладаў дазволу. На Марш прадпрымальнікаў, 15 сьнежня, дазвол улады могуць даць за пяць дзён да пачатку акцыі”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня выступіў зь лекцыяй перад студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. З гэтай нагоды выказваньне слухача:

Самішнік, Хойнікі: “Спадар Мілінкевіч, вы выступаеце перад студэнтамі замежных унівэрсытэтаў, але вы ніколі ня станеце прэзыдэнтам, калі ня выступіце перада мной ці такімі, як я”.

Выказваньне камэнтуе памочнік Аляксандра Мілінкевіча ў руху “За свабоду”, палітоляг Алесь Лагвінец:

“Так, сапраўды, сёньня Аляксандар Мілінкевіч выступае паўсюль: як у Беларусі, так і за мяжой. Ён, як ніхто зь беларускіх палітычных лідэраў, аб’езьдзіў усю краіну. Ён за апошні год наведаў дзясяткі беларускіх гарадоў. Быў, дарэчы, таксама і ў Хойніках. Калі вы жадаеце сустрэцца са спадаром Мілінкевічам, калі ласка, пакіньце вашыя кантакты, і ён абавязкова да вас завітае. Альбо будзе рады вас сустрэць у Менску”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Правільна сказаў Фядута: трэба адкінуць усялякія амбіцыі, згуртавацца, вылучаць годнага і паважанага чалавека. А будзе адзіны — тады і ўсе астатнія прыйдуць”.

Спадар: “За любога апазыцыянэра буду галасаваць на пасаду прэзыдэнта, калі яны паставяць Раманчука прэм’ер-міністрам. Хачу хоць рэшту жыцьця пражыць у шчасьлівай, як Швайцарыя, Беларусі”.

Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт пакараньня за крыжы ў Курапатах. Няхай пакаюцца ў царкве і спавядаюцца, бо ў Бібліі напісана: Пакараньне астрогам, г.зн. турмой, ня выправіць хібаў у выхаваньні”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG