Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лячыцца ад крызісу?


Паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, на 1 лістапада суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасьці вырасьлі з пачатку году амаль на траціну і ў фактычных цэнах склалі амаль 55%, альбо 4 трыльёны 565 мільярдаў рублёў. У той жа час, кіраўніцтва краіны пэрыядычна заяўляе, што крызісу ў Беларусі няма. Што за гэтым стаіць?

Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да штомесячнага аб’ёму вытворчасьці склаліся ў лёгкай прамысловасьці – 141,3%. На прадпрыемствах Мінсельгасхарчу – 62% (пры пляне на год 36%).

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка кажа:

“Пакуль прадпрыемствы па інэрцыі працуюць, як яны і раней працавалі. Таму што ў Беларусі пануе такі аптымізм завышаны. А ўвогуле, усё адбываецца згодна з навукай эканомікай: на рынках зьніжаецца попыт, французы адмаўляюцца ад смачных булачак, расейскія спажыўцы таксама пачынаюць эканоміць. Так што ўсё ідзе так па пляну, як і павінна быць”.

Зь сярэдзіны лета ў краіне назіраецца падзеньне індэксу бізнэс-клімату. Гэта зафіксаваў маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сэктару, які штомесяц праводзіць Нацыянальны банк. Да прыкладу, у верасьні ў параўнаньні са жніўнем індэкс зьнізіўся на 9,8%. Адна з прычын – зьмяншэньне попыту на прадукцыю. Былы генэральны дырэктар буйнога прадпрыемства «Амкадор» Васіль Шлындзікаў бачыць такое выйсьце:

“Ну, кіраўнікам прадпрыемстваў старацца ўсё ж прадаваць прадукцыю. Знаходзіць любыя спосабы і магчымасьці. Праблемы ёсьць, і яны будуць нарастаць. Што рабіць кіраўнікам прадпрыемстваў – рабіць маркетынгавыя дасьледаваньні і спрабаваць прадаць. Там, дзе праблемы ўжо занадта вялікія, то трэба паціху прытарможваць вытворчасьць”.

Ва ўсім сьвеце ў часы крызісаў ідзе істотнае зьніжэньне цэнаў, адбываюцца распродажы, сьцьвярджае эканаміст Леанід Заіка:

“Заўсёды крызісы вельмі зручныя, яны вельмі практычныя, таму што падчас крызісаў ідзе масавае зьнжэньне коштаў. І зьніжэньне можа дасягаць і 20%, і 30% – той, хто раней зьнізіў, скінуў рэшткі, звольніў лішніх працаўнікоў, рацыяналізаваў вытворчасьць, скараціў лішнія расходы, той і выжывае”.

Васіль Шлындзікаў узгадаў часы кіраваньня Кебіча, калі гаспадарнікам разьвязалі рукі, далі самастойнасьць. Ён раіць зрабіць гэта і цяпер:

“У гэтай сытуацыі дзяржава павінна прыняць шэраг захадаў. Ёсьць такая мудрасьць: калі гаспадар ня можа пракарміць сабаку, яму трэба яго адвязаць. І ў гэтым выпадку, калі б дзяржава гэта зрабіла, гэта вельмі дапамагло б перажыць гэты час”.

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка падсумоўвае:

“Гэта рэчы простыя: зьніжэньне цэнаў, зьмяншэньне аб'ёмаў вытворчасьці, новая маркетынгавая палітыка, пошук новых рынкаў, дывэрсыфікацыя вытворчасьці, часовыя адпачынкі, зьніжэньне занятасьці – і трэба ўсё гэта рабіць”.

XS
SM
MD
LG