Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сусьветны крызіс прыйшоў у Горадню


Ад крызісу церпяць як прыватныя, так і дзяржаўныя прадпрыемствы, прадукцыя якіх зарыентавана на экспарт.

Супольнае беларуска-славенскае прадпрыемства “Іскра” займаецца вытворчасьцю стартараў і экспартуе іх на захад, а таксама для патрэбаў унутранага рынку.

Дырэктар фірмы Вольга Плешачкова адмаўляецца казаць, наколькі зьнізіліся аб’ёмы вытворчасьці, а таксама заробкі для рабочых, аднак не хавае сваёй незадаволенасьці сытуацыяй:

– Тое, што было заплянавана на гэты год, канечне, выканаць ня ўдасца з-за крызісу. Але прычынай таму ня толькі экспарт у Расею, за мяжу, а й нашы прадпрыемствы, куды мы пастаўляем прадукцыю – на трактарны й маторны заводы.

– А наколькі адсоткаў зьнізілася пастаўка вашай прадукцыі на экспарт і на ўнутраны рынак?.

– Паколькі гэта датычыць ня толькі мяне, то я лічбаў называць ня буду.

Акцыянэрнае таварыства “Тэста” займаецца эўрападдонамі, якія экспартуе ў Нямеччыну, краіны Бэнілюксу, Італію й іншыя.

Дырэктар прадпрыемства Ігар Каратаеў кажа, што пакуль штат не скарачалі, але замест дзьвюх зьменаў прадпрыемства цяпер працуе толькі ў адну:

“Зьменшыўся аб’ём продажу прадукцыі адсоткаў на 40. Працавалі ў дзьве зьмены, а цяпер у адну”.

Кіраўніца прыватнай фірмы “Саюзтрансэкспэдыцыя”, якая займаецца міжнароднымі перавозкамі, Лідзія Казімірская, кажа – страты ўжо адчуваюцца:

– У асноўным спынілася дастаўка імпартных тавараў. Польшча, Нямеччына наагул стаяць, адтуль няма ніякіх адгрузак на Беларусь.

– А што датычыць Расеі, аб’ёмы перавозак таксама скараціліся?

– Аб’ёмы перавозак і на гэтым накірунку ўпалі, але, думаю, што тут вінаваты ня толькі крызіс, а яшчэ абарона кожным свайго рынку, эканамічныя інтарэсы, ды й іншае.

Я пытаўся ў маіх суразмоўцаў, ці дапамагае ім нейкім чынам беларуская дзяржава ў новай сытуацыі? Вось, што сказала мне спадарыня Казімірская:

“Па-мойму, у нас ніхто ніколі нікога не падтрымлівае...”

XS
SM
MD
LG