Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня Клімавіцкага суду Ігар Цішкін зь сям’ёй папрасіў прытулку ў Польшчы. Ён кажа, што супроць яго сфальшавалі крымінальную справу, і дагэтуль баіцца беларускіх спэцслужбаў.


Ігар Цішкін зьехаў зь Беларусі ў 2007 годзе пасьля пагроз на свой адрас. Вось што ён сказаў пра гэта “Свабодзе”:

Я казаў пра месцы рэалізацыі сьпірту, пра тое, што спойваюць раён
“Шмат разоў на нарадах у начальніка міліцыі і ў пракуратуры я казаў пра месцы рэалізацыі сьпірту, пра тое, што спойваюць раён. Казаў, як празь мяжу кантрабандай вязуць мэталы і бывае, што супрацоўнікі ДАІ гэта пакрываюць. Але ніякіх захадаў не рабілася. А мне і міліцыянты, і супрацоўнікі КДБ казалі, што разьбяруцца са мной і пасадзяць”.

Калі ў чэрвені 2007 году Аляксандр Лукашэнка адмысловым указам звольніў Ігара Цішкіна з пасады старшыні Клімавіцкага суду, той ужо працаваў юрыстам у Расеі. Праз тры месяцы былы судзьдзя даведаўся, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу нібыта за хабар. Тады праз Украіну Цішкін зь сям’ёй перабраўся ў Польшчу, дзе папрасіў прытулку. Цішкін кажа, што мусіў зьехаць, бо ня верыць у справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы:

“15 год я там адпрацаваў і ведаю. Калі я спытаў аднаго чыноўніка, за што мне гэта ўсё, я ж не вінаваты, той адказаў: а ты пасядзі 9 месяцаў, калі не вінаваты, адпусьцяць. Я тут у Польшчы паказаў юрыстам гэтыя дакумэнты, яны жахнуліся”.

Ігар Цішкін называе Беларусь дыктатурай, але сябе апазыцыянэрам ня лічыць. Былы судзьдзя падкрэсьлівае, што папрасіў не палітычнага, а проста прытулку.

Паводле дзейнага старшыні Клімавіцкага суду Алега Галачэўскага, ён нічога ня ведае пра справу супроць свайго папярэдніка Ігара Цішкіна. Пра цяперашніх кантрабандыстаў сьпірту і мэталу судзьдзя сказаў:

Наконт сьпірту — ня ведаю, не сустракаліся такія справы
“Наконт сьпірту — ня ведаю, не сустракаліся такія справы. Што да мэталу — так. Бывала, міліцыянты затрымліваюць такіх махляроў, складаюць пратаколы, але гэта дробязі”.

Крычаўскі праваабаронца і журналіст Сяргей Няроўны згадвае, як два гады таму судзьдзя Ігар Цішкін спрычыніўся да асуджэньня яго за правоз празь мяжу тыражу газэты “Вольны горад”, які быў большы за афіцыйна пазначаны:

“Была размова менавіта зь Цішкіным. Пакуль судзьдзя пайшла для напісаньня прысуду і яе дзьве гадзіны не было, Цішкін размаўляў са мной, спадарамі Гердзем і Васільчанкам — нас утрох судзілі. Ён казаў, што трэба жыць паводле закону, не парушаць, і будзе ўсё добра. Мы спыталіся, чаму ж так доўга няма судзьдзі? Яна куды тэлефануе, ці што? Сама ня можа вырашыць? Але на гэта ён патасна заявіў, што не, паводле закону ў нас судзьдзі цалкам самастойныя і прымаюць рашэньні толькі самі”.

Сяргей Няроўны ня верыць у тое, што судзьдзя Цішкін змагаўся з клімавіцкімі карупцыянэрамі.

Цяпер Ігар Цішкін жыве ва Ўроцлаве і чакае рашэньня польскіх уладаў адносна атрыманьня прытулку. Тым часам у горадзе Легніца тамтэйшы суд вырашае лёс дасланай беларускімі ўладамі заявы пра экстрадыцыю яго ў Беларусь. Ігар Цішкін кажа, што дагэтуль баіцца, што беларускія спэцслужбы “дастануць яго і ў Польшчы”.

У Генэральнай пракуратуры Беларусі “Свабодзе” паабяцалі даць зьвесткі адносна справы Ігара Цішкіна, але дагэтуль нічога не паведамілі.

Гэта ня першы выпадак, калі беларускія судзьдзі просяць прытулку за мяжой. У 1997 годзе ўцёк у Нямеччыну былы судзьдзя Ленінскага райсуду Бабруйску Юры Сушкоў. Юры Сушкоў заяўляў, што яго прымушалі даваць незаконныя прысуды і пагражалі расправай за адмову выконваць загады ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG