Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьця “Начнной Свабоды” – маці зьняволенага моладзевага актывіста Аляксандра Баразенкі Алена Баразенка.

Соўсь: Спадарыня Алена, ужо 22-гі дзень ваш сын за кратамі. Што для Вас самае складанае ў гэты час?

Баразенка: Зараз мы вельмі хвалюемся за яго здароўе і духоўны стан. Яго сябры нам сёньня паведамілі, што Саша абвясьціў галадоўку. Колькі яму знаходзіцца яшчэ за кратамі, мы ня ведаем. Да сёньня нам яшчэ не паведамілі, хто будзе судзьдзём і калі адбудзецца сам суд. Таму мы вельмі хвалюемся за яго здароўе.

Соўсь: Ці ёсьць у вам магчымасьць перадачаў сыну за краты ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага? У якіх умовах ён там знаходзіцца?

Да сёньня нам яшчэ не паведамілі, хто будзе судзьдзём і калі адбудзецца сам суд
Баразенка:
На сёньняшні дзень мы ня ведаем, як ён там. 30 кастрычніка бацька яго быў зь ім на спатканьні, Саша нам таксама пісаў лісты, дык умовы там, можна сказаць, неблагія ў параўнаньні з тым, як ён сядзеў на Акрэсьціна. У апошнім лісьце ён нам напісаў, што яго перавялі ў іншую камэру. Можа, гэта зьвязана з галадоўкай, мы ня ведаем.

Соўсь:
Колькі чалавек у камэры?

Баразенка: Раней было 10. Цяпер – ня ведаю.

Аляксандар Баразенка
Соўсь: Аляксандар Баразенка — адзіны з 14 абвінавачаных у крымінальнай справе, распачатай уладамі пасьля акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня, які пакуль ня быў асуджаны. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія прывялі да масавых непарадкаў. Фігуранты той справы атрымалі розныя тэрміны абмежаваньня волі без накіраваньня адбываць пакараньне, а таксама штрафы. А Андрэй Кім атрымаў паўтара году калёніі, яго ў жніўні выпусьцілі з турмы. Доўгі час Аляксандар ня мог азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. 27 кастрычніка добраахвотна разам са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам зьявіліся да сьледчага Міхалькевіча, дзе яму была прадстаўлена пастанова аб арышце, выпісаная яшчэ ў траўні. Зараз у чаканьні суду Аляксандар Баразенка сядзіць ў сьледчым ізалятары. Госьця “Начной Свабоды” маці Аляксандра Алена Баразенка. Скажыце калі ласка, ці падтрымлівалі Вы ад пачатку сына ў ягонай грамадзкай палітычнай актыўнасьці?

Баразенка: Так, мы падтрымлівалі. Уся наша сям'я, усе нашы сваякі.

Соўсь: Я чула, што Аляксандар спрачаўся наконт палітыкі з дырэктарам школы, але вучыўся ў школе добра. У чым яны не пагаджаліся з дырэктарам?

Баразенка: Яны мелі розныя погляды на палітыку, якую праводзіць наша дзяржава. Асаблівых наступстваў, за выключэньнем дробных праблемаў на іспытах, не было.

Соўсь: Аляксандар Баразенка вучыцца ва Ўроцлаўскім ўнівэрсытэце на факультэце грамадзкіх навук па праграме Кастуся Каліноўскага. Як ён трапіў у праграму Каліноўскага? Якая ў яго спэцыялізацыя?

Баразенка: Ён туды трапіў пасьля ўдзелу ў акцыі пратэсту студэнтаў супраць адмены льгот. Пасьля акцыі яго змусілі пакінуць навучаньне ў БДУ на факультэце міжнародных дачыненьняў. І тады праграма Кастуся Каліноўскага яму дапамагла паступіць ва Ўроцлаў. Там ён вучыўся на факультэце паліталёгіі

Соўсь: Чацьвёра пакараных у “справе 14-ці” Аляксей Бондар, Міхаіл Пашкевіч, Арцём Дубскі і Павал Вінаградаў накіравалі старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу і генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу ліст, у якім просяць перагледзець судовую справу. Падпісанты ліста зьвярнулі ўвагу на выказваньні кіраўніка дзяржавы, які абвінаваціў судзьдзяў Цэнтральнага суду ў спрыяньні карупцыі. Двое зь іх – Алена Ільіна і Валеры Есьман – разглядалі “справу 14-ці”. Міхаіл Пашкевіч патлумачыў, якія мэты ставілі перад сабой падпісанты:

“У нас было тры мэты, якія мы ставілі перад сабой пры напісаньні гэтага ліста. Першая, вызваленьне Аляксандра Баразенкі, які знаходзіцца за кратамі. Мы зьвяртаемся да Васілевіча як да асноўнага заказчыка гэтай справы. У нас ёсьць мэта – перагляд нашай справы і спраў палітычны, таму што, насамрэч, судзьдзі хто? Тыя самыя людзі, якія забруджаныя карупцыяй. Па-трэцяе, скасаваньне інстытуту палітвязьняў. Колькі можна ствараць палітвязьняў, каб потым гандлявацца з Эўропай?! Гэта адкрыты ліст – яшчэ адно выказваньне нашай пазыцыі. Нахай Сукала і Васілевіч потым паглядзяць у вочы сваім супрацоўнікам. Як яны гэта ім патлумачаць?”

Арцём Дубскі вымушаны быў папрасіць прытулку ва Ўкраіне. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Калі гэтыя судзьдзі, пра якіх Лукашэнка сказаў, што яны добра паспрыялі разьвіцьцю карупцыі, далі нам такія прысуды, то, можа, варта іх перагледзіць, нашы справы і тыя прысуды, якія далі нам гэтыя судзьдзі?”


Павал Вінаградаў дадаў:

“У зьвязку з тым, што нават кіраўніцтва краіны заявіла, што гэтыя судзьдзі ня маюць нічога агульнага з правасудзьдзем, то мы й вырашылі напісаць гэты ліст. Магчыма і нам прысуд выносілі нейкім дзіўным спосабам. Спадзяёмся, што да нашага ліста будзе належная ўвага і ня будзе звычайных “адпісак”.

Соўсь:
Ці адчуваеце вы падтрымку асуджаных у працэсе 14-ці былых палітвязьняў?

Вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае яго ў гэты цяжкі час
Баразенка:
Так, нам паступае шмат званкоў дадому. Саша атрымлівае шмат лістоў ад сяброў і зусім незнаёмых людзей. У краіне праходзяць акцыі з патрабаваньнем вызваліць яго з-за кратаў. Вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае яго ў гэты цяжкі час. Яму вельмі патрэбная цяпер гэтая падтрымка.

Соўсь: Я ведаю, што 16 лістапада ў Пінску прайшла акцыя салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам. Ці вы прысутнічалі на ёй?

Баразенка: Так, такая акцыя была, але мы не прысутнічалі, бо даведаліся аб ёй пасьля яе правядзеньня.

Соўсь: Ці піша Аляксандар лісты? Можа, маглі б прачытаць кавалак з ліста сына?

Баразенка: Атрымліваем вельмі часта. Стараецца падтрымаць нас, піша, што ў яго ўсё ў парадку, каб мы не турбаваліся, што ўсё скончыцца і будзем разам. А мы яму пішам, што ганарымся ім і падтрымліваем яго. Вось пару радкоў: "Ратуюць лісты. Не пасьпяваю на ўсе адказваць. Вельмі прыемна".

Соўсь: Спадарыня Алена, скажыце, вы верыце ў тое, што суд над вашым сынам будзе справядлівым? Якога рашэньня суду чакаеце?

Баразенка: Вельмі хацелася б верыць, што гэта будзе справядлівы суд. Але ня ведаем, толькі спадзяемся на справядлівасьць. Спадзяемся, што будзе больш ляяльнае стаўленьне і больш мяккі прысуд.

Соўсь: Я чую, што побач з вамі знаходзіцца бацька Аляксандра. Добры дзень, Аляксандар. Ведаеце, часам, нехта зь вязьняў мае ў турме радыёпрымач і можа стацца, што ваш сын нас цяпер слухае, і вы маглі б зьвярнуцца да яго. Што б вы хацелі сказаць сыну?
Ня ўсё страчана, пакуль такія людзі, як ён і яго сябры ў нашай краіне ёсьць

А.Баразенка: Я хацеў бы сказаць, каб ён трымаўся. Ня ўсё страчана, пакуль такія людзі, як ён і яго сябры ў нашай краіне ёсьць, я спадзяюся, што загляне сонца і ў наша аконца, і ўсё ў нас будзе добра".

Алена Баразенка, маці палітвязьня Аляксандра Баразенкі. Яна нарадзілася ў вёсцы Староўшчына Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Скончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Працуе ў адным з банкаў Пінску. Бацька Аляксандра, таксама Аляксандар – начальнік вытворчасьці прыватнай фірмы. Ягоны старэйшы брат Міхал, скончыў фізычны факультэт БДУ і працуе зараз у Пінску на заводзе нятканых матэрыялаў “Пінема”.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG