Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовыя выканаўцы Першамайскага раёну апісалі маёмасьць у кватэры, у якой жыве лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.

Яны патлумачылі, што выконваюць пастанову суду Савецкага раёну, паводле якой трэба канфіскаваць маёмасьць у прапісанага ў гэтай кватэры грамадзяніна. Судовыя выканаўцы праігнаравалі просьбы выклікаць уладальніцу кватэры, а таксама сьведчаньні прысутных пра тое, што маёмасьць належыць Мілінкевічу.

У чатырохпакаёвую кватэру на праспэкце Незалежнасьці, у якой жыве Аляксандар Мілінкевіч, прыйшлі адразу трое судовых выканаўцаў. Дзьверы ім адчыніў Юрась Меляшкевіч:

“Такі больш буйны, скажам так, супрацоўнік міністэрства юстыцыі ўставіў нагу ў дзьвярны праём і заблякаваў магчымасьць зачыніць дзьверы. Паьля гэтага пачаўся дыялёг наконт таго, ці правамоцны іх візыт. Я паклікаў Аляксея Кавальца. Яны пад пагрозамі таго, што будзе складзены адпаведны пратакол на Кавальца, прайшлі ў памяшканьне і пачалі свае незаконныя дзеяньні”.

Судовыя выканаўцы патлумачылі “Свабодзе”, што выконваюць пастанову суду Савецкага раёну аб канфіскацыі маёмасьці ў грамадзяніна Пыжкова, які прапісаны па гэтым адрасе. Паводле судовых выканаўцаў, яны павінны апісаць у кватэры ўсе рэчы, якія пасьля гэтага ўжо нельга будзе вынесьці ў іншае месца.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што насамрэч справа мае палітычны характар.

“Я думаю, што ідзе вялікая барацьба ва ўладзе. Ёсьць праціўнікі дыялёгу, а ёсьць тыя, што за дыялёг. Тыя людзі, якія хочуць пашкодзіць дыялёгу, робяць гэтыя рэчы, разьлічваючы на рэзананс.

Я вельмі занепакоены гэтым, бо не хачу, каб дыялёг спыніўся. Ён вельмі важны для беларускага народу”.

Паплечнікі Аляксандра Мілінкевіча казалі судовым выканаўцам, што нямецкі падлогавы гадзіньнік яны падарылі яму на 60-годдзе. Але тыя папрасілі даць ім чэк.

Гаворыць Аляксандар Жучкоў:

“Усе сябры Аляксандра Мілінкевіча скінуліся й падарылі яму на 60-годзьдзе гэты гадзіньнік. Мы ведаем ягоную цікавасьць да старых гадзіньнікаў. Гадзіньнік не працаваў, ён яго адрамантаваў і пакінуў сабе на памяць. Цяпер трэба будзе даводзіць, што гэтая маёмасьць належыць не ўладальніцы кватэры, а Аляксандру Мілінкевічу”.

Судовыя выканаўцы тым часам выклікалі міліцыю, але не нарад з РУУС, а супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы з аўтаматамі.

Адзін з ахоўнікаў стаў на ганку пад’езду і не прапускаў туды фотакарэспандэнтаў.

Судовыя выканаўцы параілі Мілінкевічу зьвяртацца са скаргай у суд. Выклікаць уладальніцу кватэры, каб апісваць маёмасьць пры ёй, яны адмовіліся.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе”, што юрысты найбліжэйшым часам вырашаць, як дзейнічаць далей.

“Юрысты, зь якімі мы працуем, самі разьбяруцца ў гэтай справе і самі вырашаць, якія будуць нашы дзеяньні. Але ж тут справа не судовая, не юрыдычная, не прававая, а справа палітычная.

Яшчэ раз скажу, што тыя людзі, якія супраць збліжэньня з Эўропай, тыя людзі, якія супраць дэмакратызацыі Беларусі, супраць тых крокаў, якія мае зрабіць Эўропа і ўлада, што вельмі важна для народу Беларусі, — тыя людзі спрабуюць рабіць правакацыі.

Тое, што ўлада паводзіць сябе такім чынам, зьмяншае шанцы беларускага народу на мадэрнізацыю эканомікі, будзем проста казаць”.

Калі ў суд Савецкага раёну цягам 10 дзён не паступіць скарга, то ўсю апісаную маёмасьць пагрузяць у машыну і адвязуць на рэалізацыю.







Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG