Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інвэстыцыйны форум у Лёндане, змаганьне з карупцыяй у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Лёндане распачаўся першы Беларускі інвэстыцыйны форум. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

Спадар: “Вось некалькі меркаваньняў наконт інвэстыцыйнага форуму. Гэта ўсё падаецца зь нейкай помпай, гавораць пра нейкую акупнасьць ня больш як за пяць гадоў. І нічога не гавораць пра ўсе тыя гады, у тым ліку і савецкія, калі наша эканоміка сама сябе праядала, што мы не назапасілі нават капейчыну на разьвіцьцё. Усё ішло невядома куды, бо заробкі ж таксама былі нізкія. А вось, аказваецца, у замежжы ёсьць нейкія лішнія грошы, а ў нас няма ні капейкі, каб вытворчасьць абнавіць неяк. Чаму пра гэта маўчаць? Выходзіць, гэтая наша эканоміка, якую цяпер узносяць, гэтая наша мадэль беларуская нікуды і ня вартая. Хацелася б, каб нехта яшчэ выказаўся на гэтую тэму”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Можна пагадзіцца са слухачом у тым, што савецкая эканоміка сапраўды нічога не назапасіла. Бо 80%, у тым ліку і вялікіх даходаў ад продажу нафты, ішло на стварэньне вайскова-прамысловага комплексу, на ўтрыманьне ўзброеных сілаў. Што тычыцца сёньняшняй беларускай эканомікі, то праблем, вядома, хапае, і ня толькі аб'ектыўных, але і суб'ектыўных. Таму і праводзяцца такія імпрэзы”.

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць камэнтаваць нараду Аляксандра Лукашэнкі, прысьвечаную барацьбе з карупцыяй:

Спадар: “Карупцыя пры Лукашэнку ня зьменшылася, а дасягнула росквіту, бо ён асабіста на кіроўнай пасадзе прызначае адпетых карупцыянэраў”.

Спадар:

“Няўжо ён ня ведаў, якім чынам ягоныя малайцы будуюць сабе дварцы?
А цяпер раптоўна зварухнуўся ды да барацьбы з карупцыяй вярнуўся. Ведаем: наш “бацька” на гэтай хвалі ўзышоў на Алімп.
Можа, і ён у нешта ўліп?
А можа — скажам прама — зайздросьціць выбарам Абамы?
Казаў слухач, злы на ўладу,
Якая карупцыю ў сябе разьвяла — і рада”.


Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар: “Тэлефаную вам з Брэста. У мяне ў хаце круглыя суткі 26—28 градусаў, да батарэй не дакрануцца. Тэлефаную ў ЖЭС, а яны адказваюць, што ня маюць ніякага дачыненьня да цепласетак. Тады тэлефаную дыспэтчару кацельнай гаспадаркі і зноў чую адказ: мы тут ні пры чым, нам дае цяпло ТЭЦ. Тэлефаную на ТЭЦ, там кажуць: “Не хвалюйцеся, мы ўсё ведаем, у нас такі загад — падтрымліваць такую тэмпэратуру і ціск. Ну, я разумею, што цяпло прадпрыемствы не бяруць і трэба яго куды-небудзь падзець, каб выканаць плян. Я здагадваюся, каму трэба патэлефанаваць, але, на жаль, няма ў даведніку тэлефона адміністрацыі прэзыдэнта. Таму зьвяртаюся праз ваша радыё: Аляксандар Рыгоравіч, дайце, калі ласка, каманду, каб зьнізілі цяпло ў цепласетках горада Брэста, а то вельмі горача”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG