Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў становіцца менш


Да 2050 года ў Беларусі застанецца толькі 7 мільёнаў чалавек. Такія несуцяшальныя прагнозы робіць Фонд ААН па народанасельніцтве. Прэзэнтацыя даклада Фонду ААН адбудзецца ў Менску ў сераду.

Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 жніўня склала 9 675 800 тысяч чалавек. За мінулы год беларусаў стала менш на 21,5 тысячы чалавек, насельніцтва павялічылася толькі ў Менску (на 17 тысяч). У астатніх рэгіёнах ідзе зьмяншэньне колькасьці жыхароў. Каардынатар праграм Фонду народасельніцтва ААН у Беларусі Тацяна Гаплічнік кажа:

“Фонд наш карыстаецца прагнозамі, якія робіць Статыстычны камітэт ААН. Яны бяруць асноўныя індыкатары, якія ёсьць цяпер, інфармацыю, якую нацыянальны Статыстычны камітэт дае, і робяць гэтыя ўнівэрсальныя прагнозы. Нас будзе станавіцца менш. Тое, што крыху павялічылася нараджальнасьць – гэта часовыя тэндэнцыі. 3 – 4 гады, і тэндэнцыя будзе вельмі сумная”.

Сапраўды, апошнія пару гадоў крыху павялічылася нараджальнасьць – у рэпрадукцыйным узросьце цяпер тыя, хто нарадзіўся ў пэрыяд так званага “бэйбі-буму” пачатку 1980-х. Цяпер на 1 тысячу насельніцтва нараджаецца 11 немаўлят. Але сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць: 14 памерлых на 1 тысячу. У беларускіх СМІ прайшла інфармацыя пра так званы мацярынскі капітал (у Расеі, да прыкладу, пры нараджэньні другога дзіцяці жанчыне налічваюць суму каля 10 тысяч даляраў). Меркавалася, што можа матэрыяльны стымул спрацуе. Але, як паведаміла намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня занятасьці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Шаметавец...:

“Праект нідзе не распрацоўваецца. Гэта была прапанова да Прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2009 год, і нават была названая лічба ў 10 мільёнаў беларускіх рублёў. Нідзе – ні ў Міністэрстве працы, ні ў Міністэрстве фінансаў – дакумэнт не распрацоўваецца яшчэ. Так, абмяркоўваецца такое пытаньне, але гэта дастаткова складаны мэханізм, трэба яшчэ прапрацаваць яго, пралічыць усе нашы фінансавыя магчымасьці”.

Шматдзетны бацька Лявонці Зданевіч выхоўвае чацьвярых дзяцей. Што да несуцяшальнага прагнозу Фонду народанасельніцтва ААН, згодна зь якім праз 40 гадоў беларусаў стане на чвэрць меней, выказаўся так:

“Я не заўважыў клопату дзяржавы пра маю сям'ю і не адчуў, да прыкладу, зьніжэньня падаткаў... Няўпэўненасьць ў заўтрашнім дні – вось што стрымлівае бацькоў ці тых, хто мог бы стаць бацькамі. Я ведаю, як мужчына, што рабіць. А чаго іншыя мужчыны так ня робяць – ня ведаю. У нас жанчын прыгожых, здатных нашмат болей за мужчын. Гэта абсалютная праўда. Мужчын мала ўвогуле. Мужчын ганарыстых, моцных, здольных тым болей менш”.

Трывожная сытуацыя складаецца ня толькі ў Беларусі. Скароціцца і колькасьць насельніцтва Ўкраіны, Расеі, Грузіі, Армэніі, Малдовы. Рост на прасторы СНД будзе зафіксаваны ў Азэрбайджане, Казахстане, Кыргызстане, Узбэкістане і Таджыкістане. Агулам жа колькасьць насельнікаў Зямлі да 2050 году павялічыцца ў паўтара раза і складзе больш за 9 мільярдаў чалавек. Асноўны прырост насельніцтва Зямлі, паводле дакумэнту Фонду народанасельніцтва ААН, адбудзецца за кошт краінаў Афрыкі. Самай населенай краінай Чорнага кантынэнту стане Дэмакратычная Рэспубліка Конга, у якой да 2050 году будзе пражываць больш за 186 млн. чалавек (пры 64,7 млн. у гэтым годзе).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG