Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Польшчы ніхто за сьпінаю не стаіць, не падганяе”


Адам Варанец з жонкай Клаўдзіяй
Адам Варанец з жонкай Клаўдзіяй

Як пачуваюць сябе беларускія грамадзяне на заробках у заходніх краінах, напрыклад, у суседняй Польшчы? Пра гэта распавядае былы вясковы настаўнік Адам Варанец з Добрускага раёну.

Апошнія два месяцы Адам Варанец працаваў у Польшчы, у невялікім гарадку непадалёку ад Варшавы. Не настаўнікам, вядома, – рознарабочым на будоўлі ў прыватніка.

Адам Варанец распавядае:

“Працую я больш як два месяцы ў Польшчы. Пасада мая – pracownik budowlany. Дапамагаю будаваць дамы для палякаў. Мы забясьпечваем пракладку камунікацыяў”.

Яшчэ ў жніўні Адам Варанец – сябра АГП і былы настаўнік вышэйшай катэгорыі Вуцеўскай сярэдняй школы Добрускага раёну – спрабаваў вылучaцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але яго не зарэгістравалі. Знайшлі нейкія агрэхі ў дэклярацыі. Магчымая прычына – спадар Варанец вядомы ў раёне дэмакратычны актывіст. Тры гады таму яго па сутнасьці выпхнулі са школы за грамадзкую дзейнасьць.

Жонку спадара Варанца сёлета таксама звольнілі са школы. Усе гэтыя абставіны й вымусілі былога настаўніка шукаць працу па-за межамі краіны, бо на настаўніцкую пэнсію ня проста ўтрымліваць сям’ю.

Цяперашнія заробкі ў Польшчы ў Адама Варанца нашмат вышэйшыя – у параўнаньні зь ягонымі настаўніцкімі, ня кажучы ўжо пра пэнсію:

“Сярэдні заробак такі ж, як і ў палякаў – ніякай дыскрымінацыі няма. Атрымліваю 2800 злотых, 800 – на падаткі. На рукі атрымліваю дзьве тысячы злотых. Ёсьць плястыкавая картка, ідзеш і ў любы момант можаш зьняць патрэбную суму. Апрача таго, маем два выходныя. Працуем легальна. Фірма забясьпечвае нас бясплатным жытлом і абедам адзін раз на дзень.

Хачу сказаць: калі я адзін дзень папрацую, то мне хапае закупіць прадуктаў столькі, каб харчавацца цэлы месяц. У нас гэта яўна немагчыма”.

Спадар Варанец расказаў, што пры жаданьні можна выйсьці на працу і ў суботу, каб зарабіць больш. У нядзелю ніхто не працуе.

Да беларусаў, асабліва тых, хто ня п'е й ня курыць, палякі ставяцца надзвычай добра. У іх хапае працы, бо самі палякі едуць на больш высокія заробкі ў краіны Заходняй Эўропы, вызваляючы месцы для ўсходніх суседзяў.

“Беларусаў тут шмат. Я сам ведаю некалькі дзясяткаў. Насамрэч іх тут сотні й тысячы. Едуць таму, што, канешне, у Польшчы ў некалькі разоў большы заробак. Калі я працую, я адкладваю гэтыя грошы для сям’і – ня трэба камунальныя плаціць і ўсё іншае. Апрача таго, у Беларусі для такіх, як я, не было працы. “Цябе й дворнікам ня возьмуць”, – гэта словы высокага чыноўніка. Палякі вельмі добра разумеюць нашую сытуацыю. Ніхто за сьпінаю не стаіць, не падганяе. Яны – супраць дыктатуры, за свабоду й дэмакратыю. Яны ўжо назад ня хочуць у тое, калі роўна было”, – кажа былы вясковы настаўнік вышэйшай катэгорыі, а цяпер рознарабочы на будоўлях Польшчы Адам Варанец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG