Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіўся новы драматург — Анатоль Шурпін

  • Міхаіл Раманоускі

Вячаслаў Ракіцкі
У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пры поўным аншлягу ўчора адбылася прэм’ера спэктакля “Хто пакахае мадам?”. Тэатар адкрыў новае імя драматурга. Гэта —
Анатоль Шурпін.

У асяродзьдзі літаратараў любяць жартаваць, што на тысячу паэтаў прыходзіцца сотня празаікаў і толькі адзін драматург. І гэты жарт не далёкі ад праўды. Ужо таму драматургія самы складаны від літаратуры, што непасрэдна зьвязаны зь іншым мастацтвам — тэатрам.

Можаш пісаць да бясконцасьці п’есы, але пакуль іх не паставіць тэатар, драматургам цябе ніхто не назаве. Драматург нараджаецца ў тэатры. А для гэтага ён таксама павінен добра ведаць і прыроду драмы, і прыроду сцэны.

Анатоль Шурпін
Да свайго дэбюту Анатоль Шурпін ішоў доўга і ўпарта. Спачатку вучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры на рэжысуры фальклёрных масавых прадстаўленьняў. Калі экспэрымэнтальна там адбываўся набор на спэцыяльнасьць “літаратураня праца: драматургія тэатру” кінуў рэжысуру і паступіў. Менавіта тады напісаў некалькі п’ес. Затым вучыўся на тэатразнаўстве ў Акадэміі мастацтваў. Працягваў вывучаць тэатар і настойліва пісаць. З надзеяй, што калісьці паставяць.

І нарэшце, праз трынаццаць гадоў, прэм’ера ягонай п’есы “Хто пакахае мадам?” адбылася ў Тэатры беларускай драматургіі.

“Хто пакахае мадам?” — п’еса-гратэск пра права чалавека на каханьне, пра тое, што любы чалавек, незалежна ад ўзросту, полу, сацыяльнага стану можа спадзявацца на каханьне, верыць у яго, змагацца за яго. І перамагаць ханжаства, якое беспардонна ўрываецца ў чужое прыватнае жыцьцё. П’еса ня толькі мае нетрадыцыйную для нацыянальнай драматургіі тэму, але і напісаная ў нетрадыцыйным для Беларусі жанры гратэскавай камэдыі. Драматург-пачатковец Анатоль Шурпін маніфэстуе сваё прынцыповае далучэньне да заходнеэўрапейскіх традыцыяў. У п’есе — элемэнты рэнэсанснай камэдыі становішчаў з пераапрананьнямі і блытанінай полу, пазьнейшай салённай драмы і сучаснай камэдыі абсурду. Аналягаў такой п’есы ў айчыннай драматургіі няма.

Да сцэны п’есу давёў рэжысэр Вэнедыкт Растрыжэнкаў. Гэта вельмі ўдалы прыклад працы пастаноўшчыка з маладым аўтарам. Ён пазбавіў твор шматслоўнасьці, дакладна адпрацаваў кампазыцыю п’сы. Што да пастановачнага вырашэньня, дык адзначым дакладнае разуменьне рэжысэра прыроду пачуцьцяў камэдыі, дзе пэрсанажы існуюць на ўзроўні гратэску. Як на шыбеніцы з-пад ног злачынцы выбіваюць апору, гэтак Растрыжэнкаў выбівае з-пад ног актораў ратавальную ў беларускім тэатры бытавое апірышча. Твары -маскі адбеленыя, касьцюмы, парыкі, плястыка шаржаваныя. Гуляйце на сцэне ў жыцьцё, гуляйце ў каханьне. Гуляйце ў тэатар. І акторскае трыо — Тацяна Мархель, Галіна Чарнабаева, Сяргей Шымко так захоплена гуляюць, што гледачы ні на хвіліну не забываюць на тое, каб забыць, што яны ў тэатры. У гэтым вясёлым, стыльным, прынцыпова нерэалістычным спэктаклі тэатар з жыцьцём не пераблытаеш. Зусім у новым амплуа мы бачым артыстак Тацяну Мархель і Галіну Чарнабаеву. Лёгка пераходзіць з жаночай ролі Лізы ў мужчынскую ролю Абата Сяргей Шымко.

Як толькі адгрымелі аплядысмэнты, мы гутарым з драматургам Анатолем Шурпіным.

Ракіцкі: “Трынаццаць гадоў прайшло, як ты напісаў першы варыянт п’есы. Чаму столькі часу прайшло да пастаноўкі?”

Шурпін: “Яшчэ дзесяць гадоў я яе перапісваў. У купалаўскі тэатар запрашалі, чытаў іншую п’есу ў коласаўскім у Віцебску. Але ніхто зь іх не рашыўся што-небудзь з маіх п’ес паставіць”.

Ракіцкі: “Які тэатар ты хацеў бы сёньня бачыць, хацеў бы рабіць?”

Шурпін: “Эўрапейскі”.

Ракіцкі: “Што ты маеш на ўвазе?”

Шурпін: “Постсавецкі рэалізм, які ўжо так надакучыў. Я пісаў п’есы для звычайнай акторскай імправізацыі. Я даваў свабоду сваім акторам”.

Ракіцкі: “Ты лічыш, што сёньня беларускі тэатар знаходзіцца па-за эўрапейскім кантэкстам?”

Шурпін: “Вось гэты тэатар, тэатар Валерыя Анісенкі — тэатар экспэрымэнту. Ён заўсёды экспэрэмэнтуе, любіць маладых аўтараў. Астатнія? Замшэлы акадэмізм”.

Нарадзіўся драматург, які разумею гульнявую, умоўную прыроду тэатру. Цікава, ці дасьць беларуская сцэна яму доўгае жыцьцё ў тэатры?

Сцэна са спэктакля. Мадам дэ Лату — Тацяна Мархель, Абат — Сяргей Шымко, Фраў Герц — Галіна Чарнабаева


Фінал спэктакля. Артысты Галіна Чарнабаева, Сяргей Шымко, драматург Анатоль Шурпін, рэжысэр Венедыкт Растрыжэнкаў, заслужаная артыстка Тацяна Мархель

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG